Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла [3] аб двух новых выпадках каранавіруса ў рэспубліцы. Яны зафіксаваныя ў Мінску і Гомелі. Яшчэ адзін выпадак зарэгістраваны ў Гродне.
Станоўчы тэст на РНК каранавіруса COVID-19 атрыманы ў жыхара Гомеля, які вярнуўся з Партугаліі.
Пацыент шпіталізаваны ў Гомельскую абласную інфекцыйную клінічную бальніцу. На сённяшні момант стан яго здавальняючы. Праводзіцца актыўная шпіталізацыя пацыентаў першага ўзроўню (грамадзян, якія прыехалі разам з ім з-за мяжы, а таксама тых, хто быў побач з ім у самалёце). Улічваючы, што тэст праведзены пры ўездзе ў краіну, пагроза далейшага распаўсюджвання ацэньваецца як мінімальная.
Дыягностыка, скіраваная на ўдакладненне, зараз праводзіцца ў аднаго з пацыентаў у Мінску, які прыбыў з Германіі і падчас праходжання мяжы схаваў факт знаходжання ў Паўночнай Італіі.
Як паведаміла [4] «Гродзенская праўда» са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Алену Краткову, 62-гадовая жанчына прыбыла з Італіі ў Гродна ў ноч з панядзелка на аўторак. Яна сама звярнулася па медыцынскую дапамогу. У аўторак днём была шпіталізавана ў абласную інфекцыйную бальніцу. Ніякіх праяў рэспіраторнай інфекцыі не назіралася. Аднак сёння атрымана лабараторнае пацверджанне наяўнасці ў яе каранавіруса. Пацыентка ізаляваная і знаходзіцца пад пільным наглядам медыцынскіх работнікаў. Праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні кантактаў.
Раней у Беларусі было пацверджана [5] дзевяць выпадкаў інфекцыі, выкліканай каранавірусам. Першы пацыент вылечыўся [6]. Яшчэ ў двух пацыентаў пацверджаны [7] адмоўныя вынікі тэстаў. Такім чынам, агульная колькасць выпадкаў дасягнула 12.
Паводле інфармацыі [8]міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, сёння на лабараторны кантроль бяруць грамадзян, якія вяртаюцца з Італіі, Ірану, Паўднёвай Карэі, Кітая. Тыя, хто вяртаецца з краін, дзе няма некантралюемага распаўсюджання COVID-19, а маюцца спарадычныя выпадкі, правяраюцца з дапамогай цеплавізійнага абсталявання ў момант перасячэння граніцы. Ім рэкамендуецца абмежаваць свае кантакты цягам 14 дзён пасля вяртання, а пры першых сімптомах хваробы звяртацца па медыцынскую дапамогу. Сітуацыя ў іншых краінах адсочваецца штодзень, але пакуль уводзіць дадатковыя абмежавальныя меры не плануецца.
Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначаў [9], што сёння існуюць у свеце дзве тэндэнцыі. У Кітаі з лютага колькасць выпадкаў заражэння і смяротнасць зніжаюцца, а ў іншых краінах, напрыклад, Іране, Паўднёвай Карэі, Італіі ідзе тэндэнцыя да значнага росту.
Прэв'ю: pravda.com.ua
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] http://minzdrav.gov.by/ru/sobytiya/u-2-grazhdan-iz-minska-i-gomelya-diagnostirovan-covid19/
[4] https://grodnonews.by/news/zdorove-i-krasota/poluchen_polozhitelnyy_laboratornyy_rezultat_na_koronavirus_u_patsientki_oblastnoy_infektsionnoy_bolnitsy.html
[5] http://zviazda.by/be/news/20200309/1583745697-kolkasc-nosbitau-rnk-karanavirusa-u-belarusi-mozha-vyrasci-da-9
[6] http://zviazda.by/be/news/20200307/1583611848-u-belarusi-vylechany-pershy-pacyent-z-karanavirusam
[7] http://zviazda.by/be/news/20200310/1583827470-kolkasc-vylechanyh-ad-karanavirusa-u-belarusi-pavyalichylasya-da-troh
[8] http://zviazda.by/be/news/20200309/1583757999-uladzimir-karanik-nebyaspeka-karanavirusa-znizhaecca
[9] http://zviazda.by/be/news/20200304/1583325854-u-mzs-stvorana-pracounaya-grupa-pa-papyaredzhanni-raspausyudzhvannya
[10] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[11] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus