Сёння, 11 сакавіка, у Мінску ў кнігарні «Светач» па праспекце Пераможцаў, 11 а 12-й гадзіне пачнецца святочная імпрэза «Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына».
Гэтай сустрэчай выдаўцоў, пісьменнікаў, краязнаўцаў, вучоных, прадстаўнікоў брэсцкіх абласной і гарадской улад ААТ «Белкніга» і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь распачынаюць цыкл мерапрыемстваў, якія прысвечаны розным рэгіёнам нашай краіны. Дакладней — кніжным здабыткам, якія расказваюць пра Берасцейшчыну, старажытны і сучасны Брэст. У апошні час у розных выдавецтвах пабачылі свет унікальныя, багатыя на інфармацыю і адкрыцці гісторыка-краязнаўчага характару кнігі «Брэст. 1000», «Берасцейская Біблія» і яшчэ шмат чаго цікавага, адметнага, яркага, што, несумненна, прыцягне ўвагу чытачоў на свяце «Кніжныя скарбы Беларусі: Берасцейшчына».
У госці да мінчан прыедуць і супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, калектыў якой шмат што робіць для развіцця краязнаўчай работы ў рэгіёне. Сваім веданнем гісторыі роднай старонкі, развагамі пра ролю краязнаўчай, радзімазнаўчай работы ў выхаванні грамадства падзеляцца на пляцоўцы «Светача» Валерый Мароз, Леанід Несцярчук, Анатоль Бензярук і іншыя пісьменнікі і краязнаўцы Берасцейшчыны. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час імпрэзы, падобнай берасцейскай краязнаўчай «справаздачы», пройдуць у мінскай кнігарні і з удзелам іншых абласцей краіны.
Сяргей Шычко
Прэв'ю: sportedu.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[5] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[6] https://zviazda.by/be/tags/svetach
[7] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[8] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-infarmacyi