Такі тэрмін прадказваюць беларускай атамнай станцыі па выніках трэцяй добраахвотнай місіі ІНІР МАГАТЭ, якая апошнія два тыдні (з 24 лютага да 4 сакавіка) працавала ў Беларусі. АЭС знаходзіцца на заключнай стадыі перад пускам. У сакавіку завершыцца «гарачая» абкатка першага рэактара — працэс, які мадэлюе работу энергаблока пры загружаных імітатарах цеплавыдзяляльных зборак замест сапраўдных. Пасля адбудзецца тэхналагічны рэгламент па рэвізіі ўсяго абсталявання, якое прайшло абкатку, і пачнецца фізічны пуск, паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл МІХАДЗЮК.
— Супрацоўніцтва Беларусі з МАГАТЭ ў галіне развіцця ядзерна-энергетычнай праграмы пачалося з 2007 года. Тады ж наша краіна атрымала дакумент Mіlestones «Вехі», дзе апісаны 19 кірункаў па стварэнні інфраструктуры для паспяховага развіцця ядзернай энергетыкі, — расказаў намеснік міністра. — У МАГАТЭ сабраны комплекс сусветных ведаў у галіне ядзернай энергетыкі, і гэта для нас важна. Веды — тое, чаго ніколі шмат не бывае.
Работа па стварэнні інфраструктуры АЭС ацэньваецца ў цэлым станоўча. Ніякіх тэхнічных прэтэнзій да станцыі ў МАГАТЭ няма.
Ніводзін пастаўшчык не пабудуе небяспечную атамную станцыю, асабліва з улікам усіх «постфакусімскіх» мерапрыемстваў. Пакаленне «тры плюс» бяспечнае само па сабе, аднак патрабуе пэўнай падтрымкі інфраструктуры, высокай культуры бяспекі, і такія ўмовы ў краіне ёсць, падкрэсліў намеснік кіраўніка МАГАТЭ Міхаіл ЧУДАКОЎ:
— Беларусь даўно валодае адпаведнымі навуковымі рэсурсамі і кадрамі, таму пэўная інфраструктура тут існавала задоўга да пачатку будаўніцтва АЭС і цяпер працягвае развівацца і ўдасканальвацца. Персанал станцыі зможа эксплуатаваць станцыю надзейна і бяспечна ўвесь праектны тэрмін — 60 гадоў і звыш таго, цэлае стагоддзе.
Адной з асабліва станоўчых практык эксперты місій лічаць стварэнне ў 2016 годзе ўласнага вучэбна-трэніровачнага цэнтра, чым могуць пахваліцца далёка не ўсе краіны з ядзернай энергетыкай, а таксама стварэнне інстытута падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.
Да запуску рэактара праверак Міжнароднага агенцтва ў краіне больш не будзе. Аднак Беларусь ужо пагадзілася на праверку, якая датычыцца фізічнай абароненасці станцыі. Гэтае мерапрыемства ўключаць у план МАГАТЭ на наступны год.
— Падчас далейшай работы станцыі і вываду яе з эксплуатацыі праверкі працягнуцца, бо мы валодаем цэлым шэрагам механізмаў для дапамогі станцыям, якія будуюцца і працуюць, — дадаў прадстаўнік МАГАТЭ.
Ірына СІДАРОК
Прэв'ю: politring.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/aes
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-aes
[5] https://zviazda.by/be/tags/atamnaya-elektrastancyya-0