Нагрудныя знакі ўручыў міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў.
Не раз падчас расследавання злачынстваў міліцыя звяртацца да грамадзян з просьбай дапамагчы пазнаць чалавека па фота або паведаміць інфармацыю пра яго месцазнаходжанне. Тое ж тычыцца і паводзін на дарозе — калі кіроўца не ў зусім адэкватным стане выедзе на дарогу, то быць бядзе. А нярэдка злачынцы затрымліваюцца і па гарачых слядах.
Так, мінулай вясной краіну абляцела навіна пра тое, як у Полацкім раёне трое сямікласнікаў дапамаглі затрымаць чалавека, які абвінавачваўся ў педафіліі. На беразе ракі яны ў хмызняку заўважылі мужчыну, у якога на каленках сядзела паўголая дзяўчынка. Ён паспрабаваў уцячы, але адзін сямікласнік пазваніў бацьку, распавёў пра тое, што здарылася, і папрасіў выклікаць міліцыю. Вось такая перадгісторыя затрымання.
Для таго, каб аддзячыць не абыякавым да чужой бяды людзям, у панядзелак з імі на базе часці 3214 сустрэўся Міністр унутраных спраў Юрый Караеў. Шаснаццаці гасцям, якія прыехалі з усёй краіны, паказалі ўмовы, у якіх жывуць і служаць салдаты ўнутраных войскаў, зброю і тэхніку.
— Мы вырашылі ўпершыню правесці такую акцыю — запрасіць да сябе ее абыякавых да грамадскага парадку маладых людзей і ўручыць ім нашы нагрудныя знакі «За садзейнічанне», — расказаў Юрый Караеў. — А заадно і паказаць побыт спецназаўцаў. Думаем, што гэта будзе старт добрай традыцыі. Паразмаўляў падчас чаявання з хлопцам з Чачэрска. Ён дапамог у затрыманні зламысніка, які здымаў дэталі з аўтамабіляў. Я пацікавіўся — дзе служыў тэрміновую службу?
Аказалася, што гэта ў мінулым памежнік. І прыемна, што пазіцыя «мая хата з краю» паціху сыходзіць у мінулае. Наогул, было б нядрэнна, калі б пры ўладкаванні на працу падчас сумоўя браліся б і такія акалічнасці, скіраваныя на бяспеку іншых людзей.
Раману Л. 24 гады. Хлопец працуе слесарам у адной са сталічных фірмаў. Тры месяцы таму ў цэнтры Мінска ён заблакаваў праезд кіроўцу, які быў у стане алкагольнага ап’янення, і ўтрымліваў яго да прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ.
— Гэта адбылося на ажыўленым скрыжаванні вуліц Магілёўскай і Жукоўскага. У нядзелю ўвечары я вяртаўся дадому і ўбачыў, што аўтамабіль стаіць на аварыйцы на сустрэчнай паласе. Спярша я гэтаму не надаў значэння. І як быццам спачатку кіроўца паехаў роўна, але неўзабаве аўтамабіль пачало «штарміць». Ён рэзка разганяўся і рэзка тармазіў, ледзь не пашкодзіў два іншыя аўтамабілі. Я пад’ехаў бліжэй да яго і бачу, што стан кіроўцы не зусім нармальны. На наступным святлафоры ён спыніўся і нібы пачаў засынаць. Я стаў побач з ім, выбег, забраў ключы і выклікаў нарад ДАІ. Усё працягвалася хвілін дзесяць-пятнаццаць... Пасля аказалася, што ў крыві таго вадзіцеля было 3 праміле алкаголю. Самі разумееце, для кагосьці гэта магло скончыцца вельмі дрэнна.
Яшчэ адзін герой — Яўген П. Ён працуе аператарам на адной з заправак. Хлопец нядаўна служыў у спецназе і прызнаецца, што дзякуючы службе стаў вельмі назіральным. Вось гэта і саслужыла яму добрую справу. У снежні мінулага года ён падчас сваёй змены прыкмеціў аднаго з пакупнікоў. Неўзабаве выдалася вольная хвілінка. Хлопец вырашыў пачытаць навіны на тэлефоне. І быў шакіраваны — той самы пакупнік глядзеў на яго з экрана прылады. Толькі знаходзіўся яго партрэт у... арыенціроўцы. Мужчыну шукалі з-за таго, што ён меў дачыненне да забойства, якое днём раней адбылося ў сталіцы. Рука Яўгена тут жа пацягнулася да тэлефона і набрала нумар «102»...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Прэв'ю: 1prime.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-karaeu
[4] https://zviazda.by/be/tags/mus
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-unutranyh-sprau
[6] https://zviazda.by/be/tags/nagrudnyya-znaki