Спартыўныя трэнажоры для школы, а таксама медыцынскае абсталяванне атрымалі гэтымі днямі ўстановы Брэстчыны ў межах праграмы ўрада Японіі «Карані травы». Агульная сума сродкаў, якія выдзелены для гэтых мэт, — 166 тысяч долараў.
Сярэдняя школа № 2 Століна стала першай беларускай адукацыйнай установай, праект якой перамог у конкурсе пасольства Японіі ў Беларусі. Школа выйграла грант у памеры 8439 долараў для набыцця спартыўных трэнажораў і інвентару. 26 лютага падчас урачыстай цырымоніі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Хірокі Такунага перадаў набытае абсталяванне школе і павіншаваў з перамогай дырэктара адукацыйнай установы Алу Лазіцкую.
Праз дзень урачыстая цырымонія прайшла ў дзвюх бальніцах Брэсцкай вобласці. Брэсцкая абласная дзіцячая бальніца атрымала новы артраскоп і гастраскоп. Ад урада Японіі медыцынскай установе было пералічана 79 272 долары на закупку гэтага дыягнастычнага абсталявання.
Свой новы гастраскоп, дзякуючы ўдзелу ў праграме, з'явіўся і ў Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. На яго закупку ўстанове аховы здароўя выдзелілі 78 365 долараў. Цяпер такое дыягнастычнае абследаванне, як гастраскапія, для жыхароў Іванаўскага раёна стане больш даступнае.
З 2004 года пасольства Японіі ў Беларусі рэалізуе праграму «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека». Яе асноўная мэта — дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў. За гэты час рэалізавана 52 праекты, і столькі ж устаноў, пераважна медыцынскіх, атрымалі магчымасць закупіць новае абсталяванне.
Агульная сума грантаў, выдадзеных з 2004 да 2020 года, складае больш за чатыры мільёны долараў, а колькасць адзінак закупленага абсталявання перавышае 250.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/spartyunyya-abekty
[5] https://zviazda.by/be/tags/trenazhory