З 2011 года 1 сакавіка ў Польшчы адзначаецца дзень памяці так званых «праклятых салдат», якія, адпаведна з афіцыйнай трактоўкай, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны працягвалі барацьбу за незалежнасць Польшчы. Але ад гэтых узброеных атрадаў, што вялі антыкамуністычную барацьбу, моцна цярпела мірнае насельніцтва. У прыватнасці, атрад капітана Рамуальда Райса (па мянушцы Буры) у пасляваенныя гады здзейсніў шматлікія забойствы, крадзяжы і здзекі з праваслаўнага насельніцтва — у большасці — этнічных беларусаў, якія жылі на тэрыторыі Польшчы. Так, у 1946 годзе падчас рэйду ў Падляшшы гэтым узброеным фарміраваннем было спалена пяць вёсак, забіта 79 мірных жыхароў.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Гайдукевіч заўважыў, што беларускія дэпутаты не могуць пакінуць без увагі тое, што ў польскай Гайнаўцы збіраюцца правесці пяты марш памяці «праклятых салдат» і пры гэтым будуць згадваць у тым ліку і бандытаў, якія здзяйснялі забойствы этнічных беларусаў: «Дазвол такіх маршаў непрымальны ні для якой цывілізаванай краіны, асабліва для тых, якія самі вельмі моцна пацярпелі ад фашызму, нацызму. Мы не можам маўчаць, тым больш таму, што ў апошнія гады асабліва ўмацавалі нашы ўзаемаадносіны з польскімі калегамі, у тым ліку з польскім сеймам, па розных пытаннях: эканамічных, палітычных. Нашы краіны звязвае агульная гісторыя, і мы павінны пра гэта памятаць. Беларусь — краіна, якая будзе заўжды шанаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну і заўсёды называць рэчы сваімі імёнамі. Ніколі калабаранты, нацысты не будуць для нас героямі. Мы ніколі не перапісвалі сваю гісторыю і рабіць гэтага не будзем». Трэба сказаць, што беларускі бок ужо не аднойчы заяўляў пра сваё абурэнне і нязгоду наконт правядзення падобных мерапрыемстваў у суседняй краіне. У той жа час Алег Гайдукевіч выказаў падзяку польскім палітыкам і грамадскім дзеячам, якія таксама выступілі супраць Гайнаўскага маршу, і звярнуліся са сваёй заявай у пракуратуру Польшчы.
Міністэрства замежных спраў Беларусі выказала, у сваю чаргу, шкадаванне, што такое магчыма там, дзе людзі ў поўнай меры перажылі наступствы фашызму.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Прэв'ю: spzh.news
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/polshcha