Вялікая сям'я Васіля і Вольгі Варабей з Калінкавічаў атрымала ключы ад новай маёмасці. Наваселле справілі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Разам з трыма роднымі — Валянцінам, Дар'яй і Уладзімірам тут будуць жыць і трое прыёмных дзецей: Максім, Дзіяна і Ірына Гарнастаевы. Дзякуючы бацькам-выхавальнікам, усе сталі блізкімі і роднымі.
Шматдзетныя бацькі — Васіль і Вольга Варабей, якія ў шлюбе каля 10 гадоў, кажуць, што ўсё робяць разам. Гэтаму ж вучаць і сваіх дзяцей. У сям'і любяць працаваць на зямлі. Вольга з задавальненнем займаецца вышываннем, умее смачна гатаваць. Усе сябруюць са спортам і не сябруюць са шкоднымі звычкамі. Пра вялікую сям'ю марылі і мама, і тата, таму кожнаму з дзяцей удзяляецца дастаткова ўвагі.
Двухпавярховы катэдж плошчай больш за 250 кв. м змяшчае дзесяць пакояў. Таму асабістая прастора будзе ў кожнага. У доме ёсць усё неабходнае. У двары — дзіцячая пляцоўка, гараж і гаспадарчыя пабудовы.
Унёсак у адкрыццё дома сямейнага тыпу зрабілі многія прадпрыемствы і арганізацыі, прадстаўнікі якіх шчыра радаваліся за навасёлаў. Чырвоную стужку ганаровыя госці пераразалі разам з малымі. Ад імя мясцовых улад намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў уручыў сям'і сертыфікат на дзве тысячы рублёў для набыцця мяккай мэблі.
Увогуле, дзіцячы дом сямейнага тыпу ўзводзіўся ў адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестпраграмай. На яго будаўніцтва было накіравана Br225 тысяч з рэспубліканскага бюджэту і Br242 тысячы — з абласнога. За кошт бюджэтных сродкаў таксама ўкамплектавалі катэдж усім неабходным: ад посуду і бялізны да мэблі і сучаснай тэхнікі.
Цяпер у Гомельскай вобласці адкрыта 48 дамоў сямейнага тыпу, у якіх пражывае 311 дзяцей.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachy-dom-syameynaga-typu
[6] https://zviazda.by/be/tags/kalinkavichy