Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі падтрымала праект рашэння Савета ЕЭК аб усталяванні нулявой стаўкі ўвазной мытнай пошліны адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС на электрамабілі да канца 2020 года. Пра гэта піша БЕЛТА [1] са спасылкай на прэс-службу ЕЭК.
Гэтая мера будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на тавары, што перамяшчаюцца праз мытную мяжу фізічнымі асобамі. Як падкрэсліў старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч, гэта будзе спрыяць фармаванню ў ЕАЭС рынку электрамабіляў, развіццю іх вытворчасці і зараднай інфраструктуры. "Для фарміравання рынку электрамабіляў ЕАЭС перш за ўсё апераджальнымі тэмпамі павінна стварацца інфраструктура і зарадныя станцыі. Другое пытанне - вытворчасць уласных электрамабіляў. Тры краіны ўжо актыўна гэтым займаюцца", - адзначыў ён.
Раней у дачыненні да электрамабіляў ужо ўжывалася стаўка ўвазной мытнай пошліны ў памеры 0% - з верасня 2016 г. па жнівень 2017 года. За гэты час імпарт, да прыкладу, у Беларусь павялічыўся ў фізічным дачыненні амаль у чатыры разы, у вартасным - у восем разоў. Разам з тым аб'ём ўвозу і продажаў электрамабіляў у іншых дзяржавах ЕАЭС паказаў, што прымяненне нулявой стаўкі на працягу менш года не дазволіла дасягнуць запланаваных вынікаў па фарміраванні рынку электрамабіляў. Абмежаваннем стала тое, што мера не дзейнічала ў дачыненні да фізічных асоб.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/elektramabil
[3] https://zviazda.by/be/tags/mytnaya-poshlina