Цікава, чаго баяцца маладыя настаўнікі? Што вучні не будуць успрымаць іх усур’ёз? Аказацца з дзецьмі на розных хвалях? А, можа быць, яны баяцца неадэкватных кіраўнікоў і негатыўнага стаўлення да іх старэйшых калег?
Можна скончыць універсітэт з «чырвоным дыпломам», магістратуру і нават аспірантуру, але гэта яшчэ не гарантыя таго, што ты прыйдзеш у дзіцячую аўдыторыю і ўсё пойдзе як па масле... Адаптацыя ў настаўніцкім асяродку — задача не аднаго дня. І настаўніца рускай мовы і літаратуры Анастасія Ганчарова добра ведае гэта з уласнага досведу. Калісьці яна, з’яўляючыся магістрам педагагічных навук, баялася паказацца некампетэнтнай, і хоць у яе ўзнікала шмат пытанняў штодня, не адважвалася калегам у гэтым прызнацца. Проста сядзела і псавала класны журнал...
— Маладыя ўсур’ёз апасаюцца ціску на іх з боку вучняў, баяцца страціць аўтарытэт, перайсці мяжу «настаўнік-сябар», не знайсці падыход да «асаблівых дзяцей», прымусіць вучняў думаць шаблонна, зламаць іх, укласці ў іх свае думкі— пералічвае Анастасія.
Два гады таму яна запусціла ютуб-канал #ШчасцеНавучаць, дзе давала парады маладым калегам, каб яны не наступалі на тыя ж граблі. А наступным крокам для яе стане «Школа маладога настаўніка».
— Я вырашыла перанесці нашы сустрэчы з анлайн у афлайн, — кажа настаўніца, — бо некаторыя пытанні можна абмяркоўваць толькі ў жывым фармаце. А іх, як я пераконваюся, у маладых педагогаў менш не становіцца. «Школа маладога настаўніка» — гэта цыкл рэгулярных сустрэч, у рамках якіх студэнты выпускных курсаў педагагічных спецыяльнасцяў і настаўнікі-пачаткоўцы змогуць атрымаць ад мяне прафесійную, метадычную і псіхалагічную дапамогу. Якія тэмы будзем абмяркоўваць? Асноўныя памылкі маладых настаўнікаў: як іх пазбегнуць? Дысцыпліна без стрэсу і згуртаванне калектыву. Патрабаванні да правядзення сучаснага ўрока, лічбавыя інструменты ў рабоце настаўніка, складанне канспекта эфектыўных заняткаў. Як правесці першы бацькоўскі сход ці, напрыклад, нестандартны сход з бацькамі? У цэнтры нашай увагі абавязкова будзе эфектыўнае ўзаемадзеянне маладога настаўніка з адміністрацыяй і калегамі... Як папярэдзіць эмацыянальнае выгаранне? Дзе і навошта развівацца прафесійна? Як падрыхтавацца да адкрытых і конкурсных урокаў?
Запланаваныя і практычныя заняткі, у рамках якіх малады настаўнік паспрабуе правесці паўнавартасны ўрок з наступным яго разборам і аналізам.
Увогуле праграма будзе вельмі мабільнай і гнуткай — у залежнасці ад канкрэтных запытаў педагогаў (частата сустрэч — раз на два тыдні да канца навучальнага года). Працаваць будзем у камернай абстаноўцы — у групах па 10 чалавек. Збіраюся прыцягваць і сваіх калег (псіхолагаў, коўчаў), гатовых падзяліцца з маладымі каштоўным досведам. Таму калі вы малады настаўнік ці толькі плануеце ім стаць, чакаю вас на прэзентацыі Школы, якая адбудзецца 25 лютага (рэгістрацыя па спасылцы [4]. Увогуле, маладым трэба абавязкова падтрымліваць стасункі з калегамі: калі ты будзеш адкрыты да людзей, то ўсё пачне ў цябе атрымлівацца. Лепш прыслухацца да парады і паглядзець, што з гэтага атрымаецца, чым праігнараваць і атрымаць уласны досвед цаной проб і памылак.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSecQGkP3Z9mL0E-XEMj7lTnjiZDvhi1I8A3chArWDJvIxD8fw/viewform
[5] https://zviazda.by/be/tags/nastaunica
[6] https://zviazda.by/be/tags/pedagogi
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkola-dlya-maladyh-pedagogau
[8] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[9] https://zviazda.by/be/tags/inavacyi-u-adukacyi