Рэспубліканскі конкурс буктрэйлераў пад такой назвай прэзентавалі ў рамках ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.
Гэта сумесны творчы праект БРСМ, Міністэрства інфармацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Сёння вядзецца актыўны пошук новых формаў і магчымасцяў, каб прыцягнуць увагу моладзі да кнігі і прывіць любоў да чытання, — сказаў падчас прэзентацыі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Я шчыра спадзяюся, што буктрэйлеры дазволяць нам зрабіць чарговы крок на шляху да сяброўства моладзі з кнігай».
Старт праекту быў дадзены 27 студзеня. Ён будзе доўжыцца да жніўня і пройдзе ў два туры. Першы прысвечаны 75-й гадавіне Вялікай Перамогі і завершыцца ў красавіку, другі — Году малой радзімы і пройдзе з мая да жніўня. Найлепшыя работы па выніках конкурсу будуць перададзены ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама размешчаны на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах Саюза моладзі і Міністэрства інфармацыі. Акрамя таго, іх можна будзе ўбачыць на экранах буйных крам «Белкнігі».
Рэспубліканскі конкурс прэзентавалі падчас адкрытага дыялогу «Беларусь — адкрытая кніга». Разам з актывам БРСМ і маладымі беларускімі пісьменнікамі ўдзел у дыскусіі бралі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Дарэчы, у ліку ўдзельнікаў мерапрыемства была пераможца рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2019» Дар'я Паўлоўская (пра яе нядаўна пісала «Чырвонка. Чырвоная змена»). Яна не толькі любіць чытаць, але і піша вершы на беларускай мове. Мадэратарамі дыялогу выступалі беларускі пісьменнік, публіцыст, тэлевядучы і сцэнарыст, аўтар кнігі «Самы доўгі дзень», якая апавядае пра падзеі 22 чэрвеня 1941 года, Вячаслаў Бандарэнка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марыя Васілевіч — самы малады парламентарый.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: polymia.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/buktreyler