Ці ведалі вы, што амаль палова цяпла ў старых шматкватэрных жылых дамах выходзіць праз няўцепленыя сцены? А колькі такі будынак страчвае праз дах, вокны і вентыляцыйныя шахты? Калі аплачваеш толькі 20 % рэальнага кошту цяпла, мала задумваешся, колькі грошай вылятае праз фортку, якую адчыняеш, калі ў кватэры вельмі горача. Але ж некалі мы прыйдзем да таго, што будзем плаціць за цяпло па яго сабекошце, дык чаму б не паклапаціцца загадзя пра эканомію сваіх сродкаў?
Неабходнасць у камфорце
Да 1996 года патрабаванні да будаўніцтва шматкватэрных дамоў былі зусім іншыя — у той час ужываліся другія стандарты, тэхналогіі ды матэрыялы. Пра такое паняцце, як «энергаэфектыўнасць дома», тады ніхто і не чуў. Таму цяпер у большасці старэйшых за 20 гадоў будынкаў спажыванне энергіі вельмі высокае — у сучасных шматкватэрных дамах гэтыя лічбы мінімум у два разы меншыя. Але самае галоўнае тут, што ўласнікі кватэр у старым жылфондзе больш плацяць за цяпло, а ўмовы іх пражывання не заўсёды можна назваць камфортнымі — у адных кватэрах вельмі холадна, у іншых — наадварот — занадта горача.
— Сёння насельніцтва спажывае цяпла на 970 мільёнаў долараў, 778 мільёнаў з іх аплачвае дзяржава, гэта значыць, што мы з вамі аплачваем толькі 20 % ад рэальнай лічбы. Толькі 9 % шматкватэрнага жылога дома з'яўляюцца энергаэфектыўнымі, усе астатнія спажываюць у два, а то і ў чатыры разы больш энергіі, чым патрэбна, — адзначае намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, кіраўнік Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл МАЛАШАНКА. — Выходзіць, што амаль усе дамы не з'яўляюцца энергаэфектыўнымі. Менавіта таму дзяржава павялічвае долю аплаты насельніцтвам паступова. Але вельмі важна разумець, што сёння на кампенсацыю астатніх 80 % сабекошту энергіі ідуць сродкі бюджэту, сродкі ад перакрыжаванага субсідзіравання, і ніхто з нас нават не задумваецца, што гэта таксама нашы грошы, і бясплатнага нічога не бывае.
Пры гэтым многія памылкова лічаць, што энергаэфектыўнасць дома можна павысіць за кошт капітальнага рамонту, але гэта не зусім так. Вядома, ён дазваляе аднавіць асноўныя якасці будынка, напрыклад, адрамантаваць дах, фасад ці сістэму вентыляцыі, а вось камфортныя ўмовы для пражывання ствараюцца ўжо пры дапамозе цеплавой мадэрнізацыі. І менавіта дзякуючы гэтым мерапрыемствам у доме будзе цёпла, уласнік зможа кантраляваць тэмпературу ў сваёй кватэры, але галоўнае — ён з цягам часу пачне эканоміць свае сродкі.
Новы ўзровень адносін
На цеплавую мадэрнізацыю, як і на капітальны рамонт, патрэбны грошы. І любы ўласнік прыватнага дома напэўна ведае, што гэта вялікія затраты. У шматкватэрным доме ўсё значна прасцей — уласнікі сумеснага домаўладання дзеляць гэтыя затраты паміж сабой. Але і гэтага аргумента не заўсёды дастаткова — многія з іх проста не жадаюць ствараць для сябе камфортныя ўмовы за свой кошт. Менавіта таму ў краіне і пачалі шукаць альтэрнатыўныя варыянты рашэння праблемы — у верасні Прэзідэнт падпісаў Указ № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў». Фактычна гэты дакумент дазволіў запусціць праект, у рамках якога будзе праводзіцца цеплавая мадэрнізацыя шматкватэрных дамоў на Гродзеншчыне і Магілёўшчыне.
— Указ мы распрацоўвалі разам з кансультантамі Сусветнага банка і ён заснаваны на вопыце іншых краін. Аднак пакуль гэтая праграма (менавіта з вылучэннем сродкаў міжнародных фінансавых структур. — Рэд.) з'яўляецца пілотнай, і разлічана толькі на Гродзенскую і Магілёўскую вобласці, дзе за пяць гадоў плануецца правесці цеплавую мадэрнізацыю ў 250 шматкватэрных дамах, — кажа Міхаіл Малашанка. — І вельмі добра, калі мы імкнемся да эканоміі энергарэсурсаў, зніжэння аплаты паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але самае галоўнае на сёння тое, што дзяржава дала насельніцтву магчымасць выбіраць. І ні ў адной краіне свету не было створана такіх прывілеяваных умоў для людзей.
Разлічваць на цеплавую мадэрнізацыю ў рамках гэтай праграмы змогуць тыя дамы, якія знаходзяцца ў чарзе на капітальны рамонт, але толькі ў тым выпадку, калі ўласнікі будуць на гэта згодны. На першым этапе дзяржава возьме на сябе ўсе затраты па цеплавой мадэрнізацыі і аплаціць усе пажаданні ўласнікаў. Пасля ўкаранення ўсёй сістэмы ўласнікі пачнуць вяртаць толькі палову затрачаных на гэта сродкаў, астатняе дзяржава па-ранейшаму пакіне за сабой. У чалавека будзе магчымасць зрабіць аднаразовую выплату ці плаціць беспрацэнтную растэрміноўку на працягу дзесяці гадоў, і гэта будзе толькі яго рашэнне. Калі ж грамадзянін будзе знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, гэты тэрмін павялічаць да 15 гадоў.
— Слонім — першы горад, дзе будзе рэалізоўвацца гэтая праграма, і ў гэтым плане жыхарам горада вельмі пашанцавала. На іх дамах будзе сканцэнтравана ўся ўвага, як Дэпартамента і абласных улад, так і спецыялістаў Сусветнага банка. Цалкам мы будзем пастаянна атрымліваць кансультацыю ў спецыялістаў, якія займаюцца такімі пытаннямі больш за 20 гадоў. Яны будуць кансультаваць чыноўнікаў, праектантаў і падрадчыкаў. Яны навучаць нас рабіць гэта эфектыўна і з найменшымі затратамі, — лічыць Міхаіл Пятровіч.
Рацыянальнае карыстанне
Калі больш удавацца ў дэталі праекта... Уласнікам будуць прапаноўваць два варыянты цеплавой мадэрнізацыі. Першы з іх дазволіць знізіць кошт цяпла на 15 %. Уласнікам заменяць вокны і дзверы ў пад'ездах, установяць рэгулятары на батарэі ў кватэрах і пабудуюць індывідуальны цеплавы пункт. Акрамя гэтага, на батарэях з'явяцца і размеркавальнікі цяпла з дыстанцыйнай перадачай інфармацыі. Гэта дазволіць уласнікам плаціць толькі за тое, што спажыла іх кватэра. У другім выпадку кошт цяпла стане менш на 50 %, але гэты комплекс паслуг будзе больш дарагі. Да ўсяго пералічанага вышэй дабавяць яшчэ ўцяпленне сцен, гарышча і цокаля, а таксама заменяць вокны ў кватэрах, калі ўласнікі гэтага не зрабілі раней.
— Гэты комплекс работ — умоўнасць, можна выбраць любы з іх. Таксама ўласнікі могуць выбраць першы варыянт, адчуць вынік і праз час заказаць дадатковы комплекс работ. Другі варыянт дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць цеплавую энергію, — кажа Міхаіл Малашанка. — Аднойчы ў Мінску мы праводзілі параўнальны аналіз двух аднолькавых дамоў, у адным з іх уласнікі вырашылі разам плаціць за цяпло, у другім — наадварот — кожны пажадаў плаціць толькі за сябе. Гэта іх рашэнне, але факт застаецца фактам, у другім доме спажыванне энергіі менш на 15 %, чым у першым, бо тыя ўласнікі рэгулююць тэмпературу ў памяшканні рэгулятарам, а не форткай.
Калі ж казаць пра канкрэтныя лічбы, то на працягу 10—15 гадоў уласнікі двухпакаёвай кватэры штомесяц будуць аддаваць ад 20 да 27 рублёў за растэрміноўку. Пры гэтым яны будуць значна эканоміць на спажыванні энергіі. А гэта значыць, што калі ўласнік плаціў за цяпло 20 рублёў, то ён пачне плаціць 17 ці 12 у залежнасці ад выбранага комплексу паслуг. Але ж трэба разумець, што праз гады гэтыя сумы будуць толькі павялічвацца, і эканомія стане толькі больш важкай.
Не ўпусціць шанц
Вырашыцца на такі крок заўсёды не проста, але вопыт іншых краін толькі даказвае, што ўсё гэта не проста выгадна, а гэта шанц, якога можа потым і не быць. Літва некалі сутыкнулася з падобнымі праблемамі — больш за палову жыхароў краіны-суседкі жылі ў шматкватэрных дамах, якія былі пабудаваны яшчэ да 1993 года і мелі такія ж праблемы з цеплавой ізаляцыяй. Аднак у 2004 годзе была створана праграма, у рамках якой ва ўласнікаў з'явілася магчымасць мадэрнізаваць свой дом.
Удзельнікі гэтага праекта маюць права на 30-працэнтную дзяржаўную субсідыю толькі ў тым выпадку, калі пасля ўсіх мерапрыемстваў яны паменшаць спажыванне цяпла не менш чым на 40 %. Для будаўнічых работ на першыя пяць гадоў уласнікі атрымліваюць крэдыт пад 3 % гадавых, які яны будуць выплачваць на працягу 20 гадоў. Пры гэтым у мадэрнізацыю ўваходзіць і кошт работ па капітальным рамонце, які літоўцы аплачваюць цалкам за свой кошт.
Але трэба заўважыць, што найбольшы прарыў у гэтай справе адбыўся ў 2013 годзе, калі да праблемы падключыліся мясцовыя ўлады. І дзякуючы гэтай праграме ў Літве аднавілі 2300 шматкватэрных дамоў, у 400 цяпер ідзе цеплавая мадэрнізацыя, а зусім хутка яна пачнецца яшчэ ў 1200 дамах. І пры гэтым 10 гадоў таму амаль усе ўласнікі былі настроены вельмі скептычна, нават 40 % з іх выступалі за разбурэнне старога жылфонду, але цяпер іх погляды значна змяніліся, таму што яны ўбачылі вынік і выгаду.
— Гэтая праграма разлічана на пяць гадоў, і ніхто яшчэ не ведае, ці будзе працяг, таму не трэба ўпускаць гэты шанц. Адна беларуская жанчына спытала ў нас, чаму яна павінна плаціць за нейкую мадэрнізацыю. Але ж на самай справе ніхто нікому нічога не павінен, хто хоча, той проста прымае ўдзел, — разважае кіраўнік Прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс КРЭМЕР. — У Літве быў падобны праект, і адна жанчына ў гадах сказала, што трэба быць вар'ятам, каб не згадзіцца на такія ўмовы, бо яна сваімі вачыма ўбачыла, якім стаў яе дом. Калі людзі ўбачаць першыя дамы, яны таксама пажадаюць стаць часткай такога праекта. І я не варажу на кававай гушчы, я грунтуюся на вопыце іншых краін, дзе рэалізоўвалі такія ж праекты.
Алекс Крэмер лічыць, што менавіта гэтая ініцыятыва стане яго любімым праектам у Беларусі.
— У 2000 годзе я набыў дом у Англіі, і на той момант будынку было гадоў сто. Па-першае, мне давялося ўцяпліць сцены, таму што ў доме было вельмі холадна. Потым я аднавіў дах, і ўсё роўна, седзячы дома, мы чулі, як на вуліцы свішча вецер. Праз некалькі гадоў, калі я змог назапасіць грошай, я замяніў вокны. А праз тры гады зламалася сістэма ацяплення, прыйшлося замяніць і яе. І ведаеце, я быў бы вельмі шчаслівы, калі б у той момант палову маіх расходаў узяла на сябе дзяржава, а другую палову я плаціў бы без якіх-небудзь працэнтаў на працягу дзесяці гадоў. Менавіта ў гэтым і выяўляецца сённяшні праект у Беларусі. Вы атрымаеце цёплы дом, у якім будзе значна цішэй, чым было дагэтуль, вы будзеце кантраляваць тэмпературу ў памяшканні і калі вы пажадаеце калі-небудзь прадаць сваю кватэру, яе кошт будзе значна вышэйшы. На ўсё гэта вы патраціце толькі палову грошай, якія патрэбны, і ў якасці бонуса вы атрымаеце «лягчэйшую» жыроўку.
Важнае пытанне
Канешне, ніхто не будзе спрачацца, што гэты праект мае пэўную выгаду, і беларускія ўласнікі прыватных дамоў могуць толькі марыць аб такім падарунку. Але ж пры гэтым трэба грунтоўна адказаць і на пытанне ўласнікаў кватэр аб тым, куды пайшлі грошы, якія яны плацілі за тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт. Напрыклад, адлічэнні на капітальны рамонт заўсёды захоўваліся на пэўным рахунку мясцовай улады, і расходуюцца яны толькі на гэтыя мэты. Пры гэтым галоўны інжынер ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці» Андрэй КАХНОВІЧ адзначае, што адлічэнні грамадзяне пачалі ўносіць толькі ў 1999 годзе, а капітальны рамонт выконваецца не толькі за гэтыя сродкі, але і за сродкі бюджэту.
— Калі б пры выкананні капітальнага рамонту выкарыстоўваліся толькі адлічэнні грамадзян, то спіс работ быў бы значна меншы, таму што на 55 % яго аплачвае бюджэт, — тлумачыць спецыяліст.
Што ж датычыцца тэхнічнага абслугоўвання, то яно дазваляе нам, уласнікам, штодзённа падтрымліваць наш дом у адпаведным стане. У сваю чаргу капітальны рамонт дапамагае нам аднавіць будынак, а вось менавіта цеплавая мадэрнізацыя дазволіць нам жыць у камфортных умовах. І толькі нам вырашаць, жадаем мы гэтага ці не.
Валерыя КІСЛАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-kislaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/shmatkvaternyya-damy
[4] https://zviazda.by/be/tags/cyaplo
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhauny-kamitet-pa-standartyzacyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/energaefektyuny-dom
[7] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[8] https://zviazda.by/be/tags/kapitalny-ramont