Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Мікалаем Снапковым, які прызначаны кіраўніком беларускага пасольства ў Кітаі.
«Не ведаю, калі вы з Міністэрствам замежных спраў вырашылі паехаць у Кітай, але, бачыце, перыяд у іх там няпросты, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — І справа не толькі ў тым, што вірус там— свет перажываў і больш складаныя абставіны. Справа ў тым, што ў сувязі з гэтым каранавірусам пачынаюцца розныя ўкіды ў медыйную прастору, фэйкавыя навіны і гэтак далей. Кітайцы павінны ведаць, што беларусы — стойкія і надзейныя людзі і сапраўдныя сябры».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што кітайскі бок добра ўспрыняў прызначэнне Мікалая Снапкова паслом.
«Прэзідэнт прыняў аналіз, які даў я, але разам з тым даручыў на месцы комплексна, зыходзячы з бягучых умоў, абмеркаванняў з кітайскімі партнёрамі, разгледзець напрамкі, канкрэтыку, і самае галоўнае — тое, як рэалізаваць рост эканамічнага патэнцыялу супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Мэта — эканамічны рост нашай краіны, — расказаў Мікалай Снапкоў журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. — Прэзідэнтам даручана ўсё гэта яшчэ раз прааналізаваць далажыць, каб мы разумелі прадметныя кірункі, арыенціры, хто за гэта будзе адказваць, і хто рэалізоўваць на практыцы».
На першым месцы сярод задач беларускага пасольства ў КНР — экспарт беларускай прадукцыі і разумны імпарт, асабліва датычна прамежкавых тавараў.
«Прамежкавыя тавары нам даюць істотную эканомію ў адносінах да аналагічных тавараў такой жа якасці, якія пастаўляюцца з Расійскай Федэрацыі і Еўрапейскага саюза, — патлумачыў Мікалай Снапкоў. — Такая эканомія, па разліках Міністэрства эканомікі, у год складае 400 мільёнаў долараў. Як вы разумееце, гэта ўплывае на рост дабаўленага кошту і, адпаведна, рост ВУП. Размова пра тое, што трэба пісьменна працаваць з камплектуючымі, якія пастаўляюцца на нашыя прадпрыемствы».
Па словах дыпламата, рост прамежкавага імпарту (задзейнічаны на вытворчасці тавараў) звязаны з наяўнасцю і колькасцю сумесных прадпрыемстваў, якая расце. Мікалай Снапкоў дадаў, што сумены бізнес — добры кірунак, бо ён закладае доўгатэрміновую аснову эканамічнага супрацоўніцтва.
Вяртаючыся да базавага патрабавання кіраўніка дзяржавы — нарошчвання беларускага экспарту ў Кітай, пасол адзначыў, што Беларусь — экспартаарыентаваная краіна, а Кітай — невычарпальны рынак, які расце.
«У сярэднетэрміновай перспектыве ёмістасць кітайскага рынку — 10 трыльёнаў амерыканскіх долараў. Мы абмеркавалі агульныя кірункі, дзе наша краіна мае патэнцыял у нарошчванні экспарту. І мая задача прадметна іх адпрацаваць: што мы можам вырабляць і пастаўляць, а самае галоўнае — якім чынам гэта рабіць. Бо мы маем і гандлёвыя бар’еры, і мытныя бар’еры, і недастатковы ўзровень вытворчасці для пастаўкі запатрабаваных кітайскім рынкам тавараў. Усё гэта трэба яшчэ раз прааналізаваць у практыкапрымяняльным характары, і далажыць Прэзідэнту з выхадам на адпаведныя яго даручэнні канкрэтным асобам».
Мікалай Снапкоў не стаў называць канкрэтную дату свайго ад’езду, але сказаў, што гэта адбудзецца хутка.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-snapkou
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/kitay