15 лютага ў абласным цэнтры адбудзецца крэатон, удзел у якім могуць узяць вучні з усёй Беларусі. Ён пройдзе ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.
Крэатон пад назвай «Першыя ідэі: тэхналогіі» пройдзе ў дзелавым цэнтры «Біржа» (пр. Касманаўтаў, 37а) з 12.00 да 16.00. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з любога рэгіёна краіны, якім цікава праявіць сябе, патрэніравацца генерыраваць ідэі, прэзентаваць іх на публіцы і атрымаць парады ад экспертаў. Удзел у крэатоне — бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі. [4]
Раней у Віцебску і Магілёве прайшлі крэатоны для старшакласнікаў па тэмах «Культура» і «Інклюзія». Кожны з іх сабраў больш як 130 удзельнікаў. Гэтым разам у Гродне школьнікам прапануюць пагутарыць пра футурыстычны ўплыў сучасных тэхналогій на наша жыццё, а таксама абмеркаваць іх ўздзеянне на сферу адукацыі.
Спачатку старшакласнікі паглядзяць некалькі відэаролікаў з выступленнямі сусветна вядомых спікераў. Убачанае патлумачыць эксперт, які сутыкаецца з узнятымі пытаннямі ў сваёй працы. Ён жа паставіць удзельнікам крэатона канкрэтную задачу. Школьнікі падзеляцца на каманды і калектыўна абмяркуюць, якія ідэі можна было б прапанаваць для дасягнення акрэсленай мэты, а затым прэзентуюць свае задумы перад аўдыторыяй. Па выніках абмеркавання журы з ліку экспертаў па тэме крэатона, прадстаўнікоў кампаніі А1 і акадэмічнай супольнасці Гродна адзначыць лепшыя выступленні, пракаментуе ідэі і ўзнагародзіць іх аўтараў.
У межах праекта арганізатары ладзяць першы беларускамоўны падкаст для падлеткаў «Першыя» [5].
Зараз запісана некалькі эпізодаў, у якіх можна даведацца пра лайфхакі прамоўніцкага майстэрства, культурніцкія праекты ў тэатральнай сферы, стварэнне інклюзіўнай прасторы. Хутка на старонцы з’явіцца новы выпуск пра сучасныя тэхналогіі.
«Першыя» — гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак [6] працягваецца да 8 сакавіка, і прапанаваць сваю задуму могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз — iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk на беларускай мове.
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце [7] праекта «Першыя».
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] http://https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfw2HUiYHnejgnK4v_0Pf6XFHPD7qlmMMu7tnXNZRwCl9vDAA/viewform
[5] https://anchor.fm/generationa1/episodes/ep-ea27ls
[6] https://generation.a1.by/
[7] http://www.generation.A1.by
[8] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[9] https://zviazda.by/be/tags/kreaton
[10] https://zviazda.by/be/tags/grodna