Сёння ў Мінску ў культурным хабе ОК16 упершыню прайшло свята, прысвечанае герою культавай кнігі Джаан Роўлінг.
«Ноч Гары Потэра» пачало праводзіць брытанскае выдавецтва Bloomsbury ў 2015 годзе. З таго часу штогод у магію чароўнага свету хлопчыка Гары акунаецца ўсё больш і больш людзей з дзясяткаў краін. Сёлета да іх ліку далучылася і Беларусь.
Нагодай для правядзення гэтага свята ўпершыню ў Мінску стала выданне беларускага перакладу кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень». Ён убачыў свет у снежні мінулага года.
Удзельнікаў чакалі чароўны капялюш, гульня ў гіганцкія шахматы і квідыч, конкурсы, фотазоны і, канечне, падарункі. Атмасферу свята стваралі касплэеры з фандома «Harry Potter Беларусь».
Мерапрыемства адбылося дзякуючы падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі пры ўдзеле выдавецтва «Янушкевіч».
Таццяна ТКАЧОВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gary-poter