...У 1951 годзе загадчык секцыі этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР Міхаіл Кацар увайшоў у групу, якая па загадзе ўрада распрацоўвала новы ўзор сцяга БССР — з нацыянальным каларытам, што адразу б адрозніваў сцяг ад іншых рэспублік. Вучоны, этнограф і мастацтвазнаўца шмат падарожнічаў па Беларусі і ў прыватнасці па роднай Віцебшчыне, вывучаў фальклор, народныя строі, паясы, рушнікі. Фрагмент узору з рушніка яго роднай сястры Матроны Маркевіч даследчык адшукаў у даваенных архівах «Белпрамсавету» і ў супрацы з мастаком Міхаілам Гусевым распрацаваў на яго аснове арнаментальную стужку для беларускага сцяга. Праект ацэньвала цэлая камісія, выбіраючы з мноства варыянтаў, — і зацвердзіла менавіта гэты, які сваім жыццесцвярджальным зместам як найлепш пасаваў ідэі будаўніцтва маладой савецкай рэспублікі. А ў 1995 годзе, калі ўжо незалежная Беларусь выбірала свой дзяржаўны сімвал, савецкую сімволіку са сцяга прыбралі, а вось адметную чырвона-белую арнаментальную паласу пакінулі.
Праўда, доўгі час аўтарства сенненскай сялянкі замоўчвалася. Рэч у тым, што яе муж Аляксей Маркевіч трапіў у махавік рэпрэсій 1930-х і быў расстраляны як «кулацкі элемент» і «вораг народа». Рэабілітавалі яго ажно ў 1986-м. Сама ж Матрона Сяргееўна, адна з васьмі дзяцей заможнага селяніна, не падтрымлівала зносін з братам-вучоным, каб не нашкодзіць яго кар'еры, працягвала жыць і ставіць на ногі дзяцей. У Вялікую Айчынную яна страціла сына Міхаіла і дах над галавой (вёска Касцялішча, дзе ўдава жыла з дзецьмі, была спаленая), аднак жанчына не толькі мужна стрывала ўсе ўдары лёсу, але і падтрымлівала, як магла, аднавяскоўцаў у барацьбе з ворагам: пякла і насіла ў лес хлеб партызанам, потым удзельнічала ў аднаўленні калгаса... Памерла яна на 71-м годзе жыцця, і да апошняга займалася рукадзеллем.
Толькі напрыканцы мінулага стагоддзя энтузіясты-краязнаўцы выйшлі на сувязь са сваякамі, адшукалі магілу Матроны Маркевіч і ўвогуле зрабілі вельмі многае, каб ушанаваць гэта імя не толькі на малой радзіме.
Цяпер у Сенненскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, які займае большую частку былой земскай управы (будынак яе быў узведзены ў 1910 годзе, а таму і сам з'яўляецца гістарычнай каштоўнасцю), адзін з раздзелаў экспазіцыі якраз расказвае пра таленавітую ўраджэнку Сенненшчыны, яе няпросты жыццёвы шлях, працу, сям'ю і нашчадкаў.
Галоўная захавальніца фондаў Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Браніслава ЖАЛТАБРУХАВА расказвае:
— У музейных фондах захоўваецца чатыры тысячы адзінак экспанатаў. Матроне Маркевіч прысвечана асобная частка сталай экспазіцыі. Вось, напрыклад, яе рушнік — на жаль, не той самы, з якога яе брат Міхаіл Кацар узяў фрагмент арнаменту пры распрацоўцы Дзяржаўнага сцяга. Арыгінал таго рушніка не захаваўся. Побач у вітрыне знаходзіцца карункавы абрус і тканы палавік Матроны Сяргееўны — яго, як і іншыя асабістыя рэчы — пенсійнае пасведчанне, старыя сямейныя фотаздымкі, перапіску з дзецьмі, — перадалі ў музей дачка Зінаіда Пашкевіч і ўнучка Дзіна Кацар.
Супрацоўнікі музея ўдакладняюць: паколькі арыгінальны рушнік не захаваўся, дагэтуль ідуць спрэчкі, быў малюнак на ім вышыты альбо вытканы на кроснах. Досыць доўга расшыфроўвалі і сімволіку арнаменту, якім майстрыца аздобіла рушнік яшчэ ў 1917 годзе. У агульных рысах было зразумела, што гэтыя сімвалы, якія часта сустракаюцца ў вышыўках беларускіх сялянак, абазначаюць жыццё, росквіт, багаты ўраджай і ўрадлівасць. Потым вылучылі асобныя фрагменты: так, цэнтральны ромб, ад якога адыходзяць загнутыя лініі, нібыта рогі, абазначае ўласна ўзыходзячае сонца; фігуры справа і злева ад яго — сімвал дабрабыту і багацця, а крыжападобныя пераплеценыя лініі з чатырма кропкамі вакол сімвалізуюць засеянае поле; ромбы, злучаныя парамі, — сімвал працягу жыцця.
Побач у экспазіцыі — пісьмовы стол, кнігі і асабістыя рэчы Міхаіла Кацара, а таксама пояс з яго калекцыі ўзораў беларускага ткацтва, сабранай падчас этнаграфічных паездак. Аднак значная частка сямейных рэліквій і дакументаў у музей так і не трапіла, і не таму, што сваякі майстрыцы былі супраць. Проста многія рэчы захоўваліся ў Міхаіла Кацара на дачы пад Мінскам — і згарэлі ў 1995 годзе падчас пажару, у якім трагічна загінуў і сам вучоны.
А паміж інфармацыйнымі стэндамі прытуліліся некалькі малюнкаў, выкананых у даволі наіўным, амаль дзіцячым стылі, і ў той жа час няўлоўна блізкіх да фальклорных матываў — такія ўзоры нагадваюць, напрыклад, ліштвы вясковых хат. Гэта жывапісныя работы дачкі Матроны Маркевіч, Зінаіды Аляксееўны, якая ў свае 90 «з хвосцікам» працягвае такім чынам творчую лінію маці. Наогул, сваякі адной з самых вядомых беларускіх вышывальшчыц стараюцца часцей прыязджаць у Сянно, у гэты ж пункт на карце турыстычныя маршруты прыводзяць штогод мноства беларусаў і замежнікаў. А на цэнтральнай плошчы горада пяць гадоў таму ў гонар Матроны Маркевіч з'явіўся памятны знак «Родны край», аўтарамі якога сталі віцебскі скульптар Іван Казак і ліцейшчык Ігар Шостак. На сёння гэта адзіны ў Беларусі помнік, прысвечаны дзяржаўнай сімволіцы, і менавіта тут праходзяць урачыстасці да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, адбываюцца знакавыя для горада і раёна мерапрыемствы. І, магчыма, гэта адна з найлепшых і самых дзейсных формаў ушанавання памяці і ўрокаў патрыятызму для тых, каму жыць у Беларусі заўтрашняй.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhauny-scyag
[4] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[5] https://zviazda.by/be/tags/rushnik
[6] https://zviazda.by/be/tags/senno
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[8] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0