Папулярызатар беларускага фальклору, музычны гурт Vuraj прадставіў прыхільнікам новы рэліз пад назвай Kalyna («Калына»), у які ўвайшлі песні, знойдзеныя падчас экспедыцыі па Брэсцкай вобласці вясной 2019-га.
На дыску чатыры запісы, але толькі дзве песні. Рэч у тым, што кампазіцыі запісаныя ў двух варыянтах: «вурайскім», асучасненым у гуказапісваючай студыі, і традыцыйным, ад саміх носьбітаў палескіх спеваў. «Гэтым разам мы паставілі перад сабой задачу максімальна захаваць аўтэнтыку твораў — мелодыі, вымаўленне, настрой і нават саму манеру выканання», — гаворыць пра сваю новую работу лідар гурта Сяржук Доўгушаў. З гэтай мэтай на запіс адной з песень запрасілі вакалістку полацкага гурта «Варган» Ганну Лутаву, а ў другой кампазіцыі гучаць галасы спявачак з народнага калектыву «Бабіна лета».
Каляндарную веснавую песню «Юр'я» музыканты адшукалі ў вёсцы Аранчыцы Пружанскага раёна — яе выконваў калектыў «Бабіна лета», які быў створаны яшчэ ў 80-я і па сёння працягвае традыцыю народных спеваў. (Як напаўжартоўна запэўнівае кіраўнік і найстарэйшая ўдзельніца творчай суполкі, 84-гадовая Таццяна Пушко, спевам узрост не замінае.)
Што да загалоўнай песні «Калына», яна паходзіць таксама з Брэсцкага Палесся, а дакладней, з Драгічынскага раёна. Запісалі яе ў вёсцы Волька ў выкананні сямейнага дуэта Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі, якія беражліва захоўваюць «колішнія» песні, а ў дадатак займаюцца ткацтвам і народнымі рамёствамі. Сюжэт песні досыць распаўсюджаны: маладая прыгажуня пераехала жыць да мужа, аднак у новай сям'і ёй даводзіцца цяжка, бо свякруха яе неўзлюбіла ды ўсяляк нагаворвае.
У хуткім часе Vuraj абяцае прадставіць відэасюжэт аб тым, як праходзіла экспедыцыя і запіс песень. А паслухаць іх можна ўжо цяпер у сеціве — на Soundcloud і стрымінг-сэрвісах «Яндэкс.Музыка», YouTube Musіc, іTunes ды іншых.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/gurt
[5] https://zviazda.by/be/tags/pesnya
[6] https://zviazda.by/be/tags/narodnyya-pesni