Мая Галіцкая нарадзілася і жыве ў Буда-Кашалёве. 20 гадоў працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Недайскай базавай школе, якая знаходзіцца за 18 кіламетраў ад яе роднага райцэнтра. Мая Аляксандраўна даўно піша і прозу, і вершы, не раз станавілася пераможцай літатурных конкурсаў. У тым ліку і леташняга конкурсу на лепшы пераклад на беларускую мову раней не вядомага рускамоўнага верша Максіма Багдановіча, што ў 2018 годзе быў знойдзены ў рукапісным сшытку паэта. Конкурс праходзіў па ініцыятыве Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і інфармацыйнага агенства БелТА.
Хочацца пажадаць нашай аўтарцы творчых перамог і ў новым, 2020 годзе.
Алесь Бадак
— Донька, мне гарэлкі і хлеба, простага, чорнага. Не, больш нічога не трэба. Толькі хлеб парэж, — сталы мужчына ў параднай ваеннай форме збянтэжана ўсміхнуўся. — Я б і сам з радасцю, ды вось... — Ён прыўзняў з-за барнай стойкі напалову пусты рукаў. — І яшчэ... дзве чаркі.
Маладзенькая афіцыянтка з завучанай усмешкай кіўнула галавой мужчыну і адышла. Ваенны павольна акінуў позіркам пустое кафэ, выбраў самы далёкі столік і гэтак жа павольна накіраваўся туды. Зняўшы фуражку і абтрусіўшы з яе снег, ён размясціўся за столікам, разгледзеў сцены. Усё як і ўсюды: яркія плакаты ў рамках, рознакаляровае падсвятленне, люстраныя шары пад столлю. Прама насупраць яго вісеў вялізны плазменны тэлевізар ва ўсю сцяну, на экране якога ў бязгукавым рэжыме вырабляла мудрагелістыя па цемнаскурая пара.
— Добра, донька, — падзякаваў мужчына афіцыянтцы, якая паставіла перад ім запацелы графін з гарэлкай, дзве чаркі і плецены кошык з ахайна складзенымі кавалачкамі чорнага хлеба.
— Што-небудзь яшчэ? — з усмешкай пацікавілася вышкаленая афіцыянтка.
— Не, дзякуй, мая добрая. Адпачні. На вось, вазьмі, — ваенны расплаціўся і змоўк.
Цокаючы абцасікамі, дзяўчына пайшла. Мужчына, пасядзеўшы хвіліну нерухома, выцягнуў партманэ і дастаў адтуль невялікі стары фотаздымак. Бакі яго абтрапаліся ад працяглага нашэння ў цеснаце, папера пажоўкла, а чарнільны надпіс на адваротным баку амаль выцвіў. Акрамя таго, адзін бок фотаздымка быў запэцканы чымсьці цёмным. Чалавек наліў у чарку гарэлкі да краёў, накрыў кавалкам хлеба і паставіў перад сабой. На імгненне прыклаўшы фотаздымак да вуснаў, уладкаваў яго перад чаркай. Праз запацелы крышталь графіна прама на яго ў адзін момант накіраваўся позірк дваццаці пар вачэй.
— Ф'ю! Ф'ю-ю-ю! — гэты Лёшкаў свіст, здавалася, пачула ўся цясніна, наскрозь прапахлая бензінам, порахам і задушлівым дымам. Рэдкія хвіліны афганскай цішыні не былі расцягнутыя ў прасторы і часе, як гэта было на Вялікай зямлі. Праз імгненне з палінялых, прадзіраўленых асколкамі брызентавых намётаў высыпалі загарэлыя маладыя хлопцы і накінуліся на свістуна.
— Гэй, што там?
— Ну чаго свішчаш? Зарплату прывезлі?
— Зусім ачмурэў ад спёкі, ці што? — дужы хлапчына лінуў вады Лёшку ў твар.
— Глядзіце, хлопцы! Ды вунь, па руцэ глядзіце! Што ж цягне?
Салдаты павярнуліся туды, куды паказваў Лёшка, і заўважылі вялікую драпежную птушку, якая павольна лунала ў паветры дакладна над намётамі на брыючым палёце. У кіпцюрах яе выгіналася буйная змяя.
Цяпер хлопцы засвісцелі ўжо ў дзясятак ратоў, зашумелі, закрычалі і замахалі рукамі. Хтосьці падхапіў камень і кінуў у птушку. Лёшка з аўтаматам наперавес пасунуўся наперад, але тут нечакана птушка выпусціла здабычу, злосна зрабіла яшчэ адзін круг і ўзляцела ўверх. Лёшка рушыў было туды, куды, магчыма, упала змяя, але, зрабіўшы некалькі крокаў, супыніўся.
— Хлопцы, хадземце, паглядзім гада!
— Ты за паўгода на змей не наглядзеўся, ці што? Вунь за кожным каменем такія ж па пяць штук у засадзе сядзяць. Правароніш — мацней за душмана ўкусіць!
Усе як адзін байцы махнулі рукамі і схаваліся ў намётах, пакінуўшы Лёшку ў адзіноце перад дылемай: схадзіць паглядзець змяю ці пайсці за імі ў выратавальны цень. Лёшка выбраў першае.
Змяя таўшчынёю ў руку дужага мужчыны ляжала на голых рудых каменнях, зацярушаных пластам попелу, пяску і нагару. Чарнёным срэбрам адлівала спіна, распаласаваная кіпцюрамі драпежніка. Кропелькі пунсовай крыві сцякалі на каменне і тут жа запякаліся на пяцідзесяціградуснай спякоце. Скіраваныя ў адну кропку шкляныя вочы яе цьмянелі, і здавалася, што апошнія сілы выцякалі з яе разам з гэтымі кроплямі. Лёшка стаяў нерухома, скамянеўшы ад жаху і жалю, якія яго раздзіралі, але ўсё ж такі жаль адолеў, і ён, выставіўшы аўтамат, павольна пайшоў да змяі, прыгаворваючы:
— Добрая... Не палохайся... Не кусай...
Наблізіўшыся, Лёшка крануў гадзіну ствалом аўтамата. Змяя толькі трохі павярнула галаву і больш не рухалася. Крыху асмялеўшы, хлопец стаў падсоўваць яе да вялікага валуна, які адкідваў хоць які-небудзь цень. Падштурхнуўшы змяю за камень, Лёшка падсунуў хвост бліжэй да галавы, імкнучыся скруціць яе ў кола. Не паднімаючы галавы, змяя слаба засыкала, і салдат адскочыў далей, ужо здзіўляючыся абсурднасці сваіх дзеянняў.
Вярнуўшыся да намётаў, Лёшка адарваў кавалак ад запаснога намётавага брызенту, наліў у гільзу вады. Потым пакорпаўся ў аптэчцы, знайшоў парашок, якім іх ваенурач засыпаў невялікія раны, і адсыпаў сабе на далонь. Зноў пайшоў туды, за камяні, пад дружнае цюгаканне і непахвальныя эпітэты таварышаў па службе. Змяя заставалася там. Згарадзіўшы вакол яе з малых камянёў нешта кшталту сценак, ён накрыў дзіўнае збудаванне брызентам, потым асцярожна паліў змяю вадой. Ціхенька набліжаючы руку, Алёшка пасыпаў раны ад кіпцюроў аптэчным парашком. Доўгае цела тузанулася, выгнулася і нібы заціхла...
А потым было пекла. На ўскрайку Герата, дзе замацавалася Лёшкава мотастралковая дывізія, хапала крывавых драм. З кожным днём месца ў намётах станавілася ўсё больш, а брудных кацялкоў пасля ежы ўсё менш. Спачатку з баявой аперацыі не вярнуўся Лёшкаў блізкі сябар, украінец Пятро. Цяжка паранены, памёр на руках сяброў армянін Сейран... А змяя, выдраная з кіпцюрыстых драпежных лап, жыла. Праз некалькі дзён пасля свайго выратавання яна ўсё ж такі скруцілася, але ўсё роўна ляжала нерухома. Лёшка ўжо не баяўся быць укушаным і час ад часу пасыпаў лекамі раны ды паліваў яе вадой. Добра, што рэчка Карубар у раёне старой крэпасці, што за Кандагарскім базарам, у гэтым месцы амаль не прастрэльвалася. Ён нават пару разоў пакідаў ваду і сёе-тое з ежы побач са змяінай галавой.
На пяты дзень пры набліжэнні Лёшкі змяя ўзняла галаву і ўтаропілася на яго, не міргаючы. Ашаломлены салдат замёр у некалькіх кроках ад яе хованкі, не адважваючыся падысці бліжэй. Яна ж слаба заварушылася і паспрабавала паўзці да яго. Лёшка не рухаўся і прыжмурыў вочы: нехта расказваў, што калі не рухацца, то змяя не ўкусіць. Ніхто яго не ўкусіў, і ён расплюшчыў вочы. Змяя ўсё ж такі наблізілася да яго, але цяпер ляжала, паклаўшы галаву на вялізны Лёшкаў бот...
Спякота стаяла градусаў за сорак у цені. Пад бязлітасным сонцам салдаты нервова моршчылі твары, перасохлымі глоткамі прагна хапалі распаленае паветра, напоўненае парамі бензіну, дызпаліва і парахавой гары. Ужо амаль восем гадзін цягнуўся бесперапынны бой, які час ад часу то ўзмацняўся, то слабеў. Бой, канца якому не было відаць, а таму і выклікаў ён тупую абыякавасць да ўласнага лёсу, навязлівае адчуванне рэальнасці таго, што адбываецца, і разам з тым жаданне канца. Якога канца — гэта было ўжо для Лёшкі не так важна, толькі б спыніўся ўвесь гэты жах. Лёшка памятаў толькі, што бясконца набіваў патроннік і перасоўваў затвор аўтамата, страляючы па баевіках, якія імкнуліся прасунуцца бліжэй... Сваё ўмацаванне тады яны ўтрымалі.
Загадалі раніцай зноў выйсці на пазіцыі, якія займалі раней, і захапіць першыя дувалы. Але камандзір палка пры гэтым брудна лаяўся ў адрас нейкага абцяжаранага вялікай уладай асталопа, таму што ён, камандзір, добра разумеў, што азначае гэты загад. Загад, які паменшыў за мінулы дзень Лёшкаву дывізію дакладна ўтрая забітымі і параненымі. Разумелі гэта і афіцэры штаба, якія маўкліва стаялі побач, і заўсёды памяркоўны камандзір трэцяга батальёна, але правілы ваеннай субардынацыі патрабавалі сказаць адно толькі слова «Ёсць!» І гэтае слова было сказана...
Трапіўшы ў намёты ўжо глыбокай ноччу, хлопцы, якія засталіся ў жывых, напіліся вады і, не распранаючыся, як нежывыя, пападалі на насцілы з дошак. Лёшка, спехам перавязаўшы закрануты асколкам распухлы палец, як і звычайна, зачарпнуўшы вады, накіраваўся да змяі. Паліўшы яе вадой, ён асуджана прысеў на каменне побач, абхапіў галаву рукамі і заціх у нейкім забыцці. У тое ж імгненне адужэлая змяя развітай спружынай кінулася да яго на шыю і сцягнулася ў тугі вузел, не пакідаючы знясіленаму салдату ні найменшай магчымасці нават зварухнуцца з месца. Хапаючы ротам ні на градус не астылае паветра, Лёшка схапіў змяю дзвюма рукамі, але яна сталёвай пятлёй сціскалася ўсё мацней. У Лёшкі пацямнела ў вачах, у скронях застукаў пульс, рукі саслаблі, і ён страціў прытомнасць.
Калі Лёшка апрытомнеў, ён зразумеў, што прайшло зусім няшмат часу, таму што вакол стаяла ўсё тая ж непраглядная цемра ночы, узмоцненая задушлівым чорным дымам. Змяя, відаць, папаўзла, бо ні пад каменем, ні паблізу яе не было. Паматляўшы галавой, ён падняўся і, пахістваючыся, пабрыў да намётаў. Тое, што ён пабачыў, увяло яго ў нямое атупенне. Увесь яго намёт быў заліты крывёю. Кроў была ўсюды: на брызентавых дзіравых сценках, на раскіданых рэчах і нават у бачку з вадой. Трое хлопцаў, якія дзялілі з ім намёт увесь армейскі час, валяліся на падлозе з перарэзаным горлам.
Лёшка, заціскаючы рукамі рот у нямым крыку і стрымліваючы надыходзячую млоснасць, выпаў з намёту, у адзін момант пераадолеў некалькі крокаў і тузануў крыло суседняга. Тое ж самае... Усіх... Усіх хлопцаў выразалі душманы... Усіх... Яму здавалася, што ён яшчэ чуе шарганне падэшваў бандытаў, якія ўцякалі, адчувае іх жывёльны пах і бачыць, як раствараюцца ў апраметнай цемры цені...
Падзеі наступнага тыдня Лёшка памятаў урыўкамі.Трое сутак у адзіноце ён даганяў цэлую банду ўзброеных да зубоў маджахедаў. У зусім незнаёмай яму цясніне. Ішоў за здабычай, як воўк. Не еў і не піў нічога. Чамусьці ён адчуваў менавіта сваю віну за тое, што загінулі ЯГО хлопцы, і ён хацеў адпомсціць, чаго б гэта яму не каштавала. І за сябе, і за іх. Ён высачыў забойцаў і цяпер ішоў за імі след у след, жадаючы заспець патрэбны момант і напасці. Але ці справіцца, ён не ведаў і быў гатовы загінуць.
На чацвёртую ноч Лёшка адчуў, што сілы пакідаюць яго змучанае цела. Бандыты думалі, што ў тую ноч загінулі ўсе, і не надта сцерагліся пагоні. І калі ён па-кацінаму бясшумна падпоўз да вогнішча каля невялікай, ужо бачанай ім калісьці пячоркі, вакол якой вартавалі супакой два афганцы, у адным скачку — адчайнам, злым і амаль безнадзейным — адзінай зброяй, якая была, штык-нажом, закалоў іх. Затым кінуўся ў пячору. Каб сонныя бандыты не крычалі, ён заціскаў ім раты далонню і толькі потым рэзаў горлы. У апошняга з ворагаў на шыі ён заўважыў падвеску — палоўку сэрца. Гэтая падвеска была на шыі Лёшкавага сябра з іх намёта. Паласуючы па горле маджахеда, Лёшка па-дзіцячаму заплакаў, з азвярэннем утыркаючы ўжо тупую зброю ў яшчэ цёплае абмяклае цела. Ён каўтаў слёзы, усхліпваў і шаптаў:
— Ну што, узялі, гады? Узялі, а?
Чатырнаццать трупаў засталося за яго спінай, калі ён зноў выйшаў да вогнішча...
Праз тыдзень напаўжывы, абарваны і схуднелы Лёшка аб'явіўся ў размяшчэнні нейкай іншай вайсковай часці. Яго адразу ж адправілі ў шпіталь. Не толькі таму, што ён меў жудасны выгляд і вельмі аслабеў, а левая рука пачарнела і была падобная на палена. А яшчэ і таму, што ён папрасіў адразу аддаць яго пад трыбунал.
Лёшка цалкам апрытомнеў толькі ў верталёце, які вёз яго на Вялікую зямлю. Паранены асколкам палец даў заражэнне, і руку да локця прыйшлося ампутаваць. У шпіталі яму даводзілася бясконца адказваць на роспыты паважных вайскоўцаў з палкоўніцкімі і генеральскімі пагонамі, падпісваць незлічоную колькасць нейкіх папер і бясконца пісаць даклады, рапарты і тлумачальныя... Падлячыўшыся, ён доўга і беспаспяхова прасіўся назад, у Афган, але няўмольны ваенкам, адзначыўшы нешта ў яго ваенным білеце, суха паціснуў яму ацалелую руку і адпусціў на ўсе чатыры бакі...
Гучным «Развітаннем славянкі» затрэнькаў мабільны тэлефон адзінага наведвальніка кафэ. Сталы ваенны, які да гэтага некалькі гадзін сядзеў нерухома, не адразу ўзяў трубку.
— Так, сынок, пад'язджай. Добра, і маці забяром.
Мужчына павольна падняўся, забраў са стала фотаздымак і зноў паклаў яго на звыклае месца, у партманэ. Залпам выпіў з крыштальнага графіна астатнюю вадкасць і накіраваўся да выхаду.
Так як нікога, акрамя яго, у кафэ не было, «плазма» перадавала навіны. Сухі дыктарскі голас вяшчаў з глыбіні экрана:
— За 10 гадоў страшнай і кровапралітнай вайны СССР страціў амаль пятнаццаць тысяч салдат. Паводле афіцыйных звестак, раненні, кантузіі і розныя пашкоджанні атрымалі больш за пяцьдзясят тры тысячы чалавек, каля трохсот чалавек прапалі без вестак. І сёння, у гадавіну вываду савецкіх войск з Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан...
Не даслухаўшы, ваенны павярнуў галаву і рыўком тузануў каўнер параднага кіцеля, адарваўшы ад беласнежнай кашулі некалькі гузікаў. Агалілася доўгая загарэлая шыя, на якой сіняй пятлёй абвілася татуіраваная змяя.
Мая Галіцкая
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau