Беларусбанк палепшыў умовы крэдытавання на набыццё айчынных аўтамабіляў. З 28 студзеня гэты банк выдае аўтакрэдыт на Аtlаs, Еmgrаnd 7, Еmgrаnd Х7, якія рэалізуюцца афіцыйнымі дылерамі СЗАТ «БелДжы». Тэрмін крэдыту павялічаны з 7 да 10 гадоў з магчымасцю датэрміновага пагашэння. Пра гэта паведамляе прэс-служба банка.
Дарэчы, у кліента цяпер ёсць магчымасць павялічыць суму крэдыту, уключыўшы ў сукупны даход крэдытаатрымальніка даходы паручыцеля. Памер працэнтнай стаўкі за карыстанне крэдытам на працягу льготнага перыяду крэдытавання (18/24/36 месяцаў) складае не менш за 3,9 % гадавых (стаўка рэфінансавання мінус 5,1 працэнтнага пункта). У далейшым працэнтная стаўка ўстанаўліваецца ў памеры стаўкі рэфінансавання, павялічанай на фіксаваную велічыню (стаўка цяпер складае 12,47 % гадавых).
Выбар ільготнага перыяду крэдытавання ажыццяўляецца ў залежнасці ад унесенай сумы ўласных сродкаў на куплю аўто: чым большая сума, тым большы льготны перыяд крэдытавання.
Пры гэтым Беларусбанк гатовы даць крэдыт на поўную цану набытага аўтамабіля. У гэтым выпадку льготны перыяд крэдытавання па зніжанай стаўцы складзе 18 месяцаў. Калі за кошт уласных сродкаў аплачваецца 10 % цаны аўтамабіля, то зніжаная стаўка дзейнічае 2 гады, калі аплаціць самастойна 25 % цаны аўто — 3 гады.
У банку таксама паведамілі, што напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама з мэтай падтрымкі інвалідаў і шматдзетных сем'яў банк прапануе з 3 лютага 2020 года асаблівыя ўмовы крэдытавання для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў І або ІІ групы, бацькоў шматдзетных сем'яў. Памер працэнтнай стаўкі за першы год карыстання крэдытам для гэтых катэгорый крэдытаатрымальнікаў складзе ўсяго 0,01 %.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: minsk.skoda-auto.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/ilgotnyya-kredyty
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarusbank