У пачатку кожнага года — гэта традыцыя — журналісты, крытыкі і зацікаўленыя кінематаграфісты некалькі дзён глядзяць створаныя за апошнія дванаццаць месяцаў фільмы студыі дакументальнага кіно «Летапіс». То-бок абсалютную большасць беларускіх дакументальных фільмаў, што, як вядома, здымаецца на «Беларусьфільме» і падтрымліваецца бюджэтам. Кажуць, былі часы, калі прагляды расцягваліся на два тыдні; я памятаю, як глядзець апроч крыўдных трынаццаціхвілінак не было чаго. 2019-ы аказаўся плённым годам, у якім грошы і магчымасці знайшліся як для прызнаных аўтараў — напрыклад, Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч, — так і для ідэй маладых і нават пачынаючых рэжысёраў. А значыць, непасрэдна Беларусі ў кіно захавалася яшчэ больш.
За тым, з чаго складаецца выніковая падборка, пра што і як «Летапіс» здымае і нават якія аўтары змаглі рэалізаваць свае ідэі на Нацыянальнай кінастудыі, даволі займальна назіраць. Кінапраекты па-ранейшаму фінансуюцца праз перамогу на міністэрскім конкурсе, куды можна падаць заяўку, сочачы толькі, каб яна ўпісвалася ў адну з прапанаваных тэм і ўлічвала патрабаванні да фармату (ёсць меркаванне, што спіс лотаў складаецца з улікам праектаў, якія на кінастудыі ўжо існуюць).
Адпаведна, тыя чатырнаццаць дакументальных фільмаў, знятых на «Летапісе» ў мінулым годзе, пэўным чынам адлюстроўваюць разуменне Мінкультам задач сферы кіно, а за апошнія гады, трэба заўважыць, яно значна эвалюцыянавала.
Гэтым разам студыя «Летапіс», выглядае на тое, павінна была звярнуць увагу на тэмы нацыянальнай культуры, гісторыі, прыроды, спорту, катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і соцыуму. Іншае пытанне — як рэжысёры над імі папрацавалі, а відаць, што прынамсі некаторыя з аўтараў змаглі рэалізаваць уласныя ідэі і як вынік — гэтым разам «Беларусьфільму» ёсць чым пахваліцца.
* * *
Нацыянальная культура гарэзліва загучала ў фільме Юрыя Цімафеева «Фальклор і жыццё». У першай сцэне камера тэлевізійным планам здымае супрацоўніцу музея, якая паважна расказвае пра ўнікальную калекцыю старажытных ідалаў. «Альбо фаласаў», — дадае яна, камера пераходзіць на збор і становіцца зразумела, што карціна не такая простая. Мясцовы жыхар паказвае так званы *уеў лес, дзе гэтыя фаласы знаходзілі пачкамі, і фільм пачынае пераскокваць з аднаго сведчання старажытнасці беларускай культуры на другое. Са свавольнымі жартамі, аголенасцю, русалкамі, вянкамі і метафарамі (першая шлюбная ноч, напрыклад, кандова паралеліцца з засяваннем зямлі) аўтары паказваюць беларускія традыцыі праз узнаўленне іх сучаснікамі, што носіць больш ігравы характар, але ўсё яшчэ добра ілюструе то смешнае, то пяшчотнае, то містычнае мінулае.
За спорт з фільмам «Lеs Rаmеurs. Дні на вадзе» ўзяўся Дзмітрый Махамет, за якім ужо маюцца прынамсі дзве карціны — «Мяжа Нарвілішак» і «Ты сюды больш не вернешся» — у стылі медытатыўнага назірання. Са сваёй фільмаграфіяй Дзмітрый можа лічыцца адным з найбольш цікавых і своеасаблівых беларускіх дакументалістаў, але сюжэту пра вучняў школы-інтэрната па веславанні ў Мастах яго манера падышла дрэнна. Камера даволі нудна плыве па буднях вясковых хлопцаў, што праз спартыўнае веславанне маюць шанц трапіць у «вышэйшую лігу», і іх трэнера Уладзіміра Парфяновіча. Праз адсутнасць акцэнтаў, халоднасць да вады і «чыстую» дакументальнасць стужка, так здаецца, робіць і без таго руцінную сферу спорту яшчэ большай руцінай.
За гісторыю ўзяліся рэжысёр Яўген Сяцько і Уладзімір Мароз — часты сцэнарыст фільмаў «Летапісу», вядучы рэдактар студыі, рэдактар ледзь не кожнай яе карціны, а цяпер яшчэ і галоўны герой фільма «Мяжа» пра ўз'яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Уладзімір у паліцечку і капелюшы карцінна паходжвае па лясах і дарогах і паэтычна расказвае, як мяжа паміж дзвюма Беларусямі адбілася на яго сям'і, а ў цэлым — як восемдзесят гадоў таму дзве часткі сучаснай краіны сталі адной. У выпадку з гістарычным фільмам асабліва цікава адзначаць ракурс падачы, і ў «Мяжы» ён, зразумела, пафасны і адназначны, хоць некаторыя лыжкі дзёгцю ў падзеях 1939 года, для парадку, усё ж былі агучаныя. У цэлым жа гаворка тут ідзе, маўляў, пра адну з самых значных падзей у гісторыі краіны, і хоць гэта праўда, недавер да фільма, калі ён праслаўляе нешта так непрыкрыта, усё ж прысутнічае.
* * *
Віктар Аслюк, адзін з самых значных беларускіх дакументалістаў, правёў пэўны час з участковым міліцыянерам Аляксандрам Клямятам з Мядзельшчыны і праз яго паказаў жыццё непрывабнай, неахайнай, нецвярозай правінцыі, а ў канцы перанакіраваў увагу і злавіў у маўклівасці свайго галоўнага героя чуллівыя шматсэнсы. Прэм'ера стужкі «Абход» адбылася яшчэ падчас кінафестывалю «Лістапад». Участковы аказаўся найпрыдатнейшым персанажам для таго, каб паказаць, якім можа быць жыццё. Некалі і я рабіла рэпартаж са змены сталічнага ўчастковага, і калі адзін выпівоха, якога мы наведвалі, крыкнуў мне: «Пайшла вон!» — я ўжо зразумела, што гэты досвед не забуду ніколі. З «Абходам», асабліва яго канцоўкай, мы ўсведамляем эмацыянальны фон, які мяркуе пасада героя, і бачым распаўсюджанасць «чарнухі». Мы бачым бездапаможных у сваіх слабасцях людзей і тое, што іх шмат, што жывуць яны ў няўтульных хацінках і што ім гэта фіялетава, што некаторыя не могуць паставіць свой подпіс і што бабулі бяззубымі ратамі спяваюць песні, клічучы смерць.
Галіна Адамовіч узялася за тэму — бясспрэчна, найважнейшую ў нашым грамадстве — хатняга гвалту. Карціна «Добрых дзяўчынак не б'юць» паказвае, куды жанчын, што аказваюцца ахвярамі маральных і фізічных гвалтаўнікоў, прыводзіць жыццё. Некалькіх гераінь — у створаны энтузіястамі прытулак, некаторых — у турму. Хтосьці вяртаецца да агрэсара, і тут трэба задаць пытанне, дзе жанчына можа знайсці падтрымку, каб гэтага не рабіць. А пачынаецца фільм са слоў дзяўчыны-падлетка, якая прызнаецца, што не сустракала мужчын, якія б неслі жанчыне нешта добрае. Страшная рэальнасць прывяла яе да сур'ёзных псіхалагічных праблем і жадання зрабіць сабе балюча. Некалькі паралельна расказаных гісторый, дзе і слёзы, і ўцёкі, і шрамы на целе, і дыктафонны запіс тырады агрэсара, і краты з-за дурных бацькоў ці мужоў, падводзяць да галоўнай думкі фільма — нам патрэбен закон, які б бараніў жанчын ад аб'юзараў і ўлічваў паводзіны гвалтаўнікоў у прысудах за перавышэнне самаабароны. Стужка дапамагае прынамсі ўсвядоміць існаванне сацыяльнай праблемы, калі не трагедыі, і яе маштаб, а таксама перадае несправядлівае адчуванне бездапаможнасці і бяссілля, якое патрабуе з ім нешта зрабіць.
* * *
Адна карціна з падборкі 2019 года паказала, што пры ўсіх неспрыяльных умовах, якія, па словах творцаў, існуюць на Нацыянальнай кінастудыі, тут можна стварыць нешта выключнае і ад перашкод незалежнае. У фільме «Невядомы рай» маладая рэжысёрка Дар'я Юркевіч вельмі выкшталцона рэалізавала тэму чарнобыльскай катастрофы, якая амаль дакладна была прадыктавана кінастудыі. Яна паехала ў так званую зону з правам на адсяленне і спынілася ў сям'і маці з чатырма дзецьмі. Праз іх сціплае жыццё і штодзённыя клопаты фільм паказвае постчарнобыльскую тэрыторыю, постчарнобыльскае жыццё і постчарнобыльскую свядомасць. Сям'я жыве ў простым доміку, дзеці вучацца ў небагатай на вучняў школе, вялікая гаспадарка патрабуе ўдзелу кожнага з персанажаў, а ні на адным з іх фільм не затрымліваецца настолькі, каб паказаць у якасці асобы. Героі зліваюцца з наваколлем, якое складаецца з назіральна злоўленых дэталяў марудлівай паўсядзённасці, і мімікруюць пад яго постапакаліптычны настрой. «Невядомы рай» з'яўляецца сапраўднай знаходкай і прыкладам таго, як можна працаваць з шырокімі тэмамі і як можна працаваць на «Беларусьфільме».
Ужо некалькі гадоў на Нацыянальнай кінастудыі робяцца альманахі, якія запрашаюць да работы пачынальнікаў з іх уласнымі ідэямі. Чарговы з іх быў аддадзены дакументалістам. Сярод чатырох кароткаметражных работ, а аўтары з імпэтам здымалі, напрыклад, пра жыццёвыя абставіны людзей з абмежаванымі магчымасцямі, знайшлася цудоўная трынаццаціхвілінка «Усе мерапрыемствы па плане» Алеся Лапо. У цэнтры ўвагі — малады і самаахвярны дырэктар сельскага Дома культуры Дзяніс Дашкевіч, які апроч традыцыйных канцэртаў-дыскатэк хоча прапаноўваць жыхарам аграгарадка нешта большае. Гэтым «большым» становяцца камп'ютарныя курсы для пенсіянераў, і вакол прасоўвання ініцыятывы будуецца ўвесь фільм. Супрацоўнікі Дома культуры абмяркоўваюць ідэю на планёрцы, прымацоўваюць аб'яву і нарэшце асабіста ходзяць запрашаць патэнцыйных зацікаўленых, што становіцца ядром стужкі. Гэта жартаўлівы і ў той жа час сумны фільм пра закаснеласць свядомасці і паўсядзённасць беларускай глыбінкі, што не вітае развіццё. Як бы клопат з агародамі, чытай — свядомасць, супрацьстаіць прагрэсу.
* * *
Атрымаўшы шырэйшыя магчымасці, «Летапіс» апроч сваіх пастаянных аўтараў запрасіў навічкоў. І выйграў. Так, студыя павінна была стварыць чарговы фільм-візітоўку, дзе патэтычна і маляўніча расказваецца пра культурнае багацце краіны («Спадчына» Людмілы Клінцовай), альбо задаволіць патрэбы дзяржаўнай ідэалогіі. Але ў той жа час змагла закрануць сапраўды важныя для краіны пытанні кшталту хатняга гвалту і адлюстраваць выкшталцонай моваю кіно Беларусь і яе сутнасць. Да таго ж у якасці сцэнарыстаў і рэжысёраў сябе праявілі маладыя аўтары «збоку», якія пачыналі ў так званым незалежным кіно, а цяпер сваёй работай, асабліва паспяховай, два супрацьлеглыя лагеры неяк прымірылі. Хай з кампрамісамі, але «Летапіс» гэтым разам прадэманстраваў пэўныя перамогі, а значыць, гэта быў добры дакументальны год.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/safiya-palyanskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/letapis
[6] https://zviazda.by/be/tags/kinastudyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/film
[8] https://zviazda.by/be/tags/rezhysyor