Калі ўчора яшчэ на большай частцы тэрыторыі нашай краіны з'явілася снежнае покрыва вышынёй да двух сантыметраў, то сёння яно знікне амаль канчаткова. Бо ў пятніцу амаль усюды будуць ісці кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Плюс да ўсяго — тэмпература ўдзень ад нуля да 6 градусаў цяпла. Атмасферны ціск будзе падаць.
У найбліжэйшыя дні ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплыя паветраныя масы атлантычнага паходжання. Чакаецца ветранае з ападкамі і павышаным тэмпературным фонам надвор'е, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А вось заўтра ўначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны, а ўдзень толькі месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Дарэчы, усё гэта будзе суправаджацца моцным парывістым ветрам. Уначы на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад мінус 3 да 4 цяпла, удзень — плюс 1—6 градусаў. У нядзелю будзе таксама вільготна. У асобных раёнах (у асноўным на паўночным усходзе краіны) пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да 2 цяпла. Тэмпература паветра ўдзень чакаецца ад нуля да плюс 5 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак уначы ў асобных раёнах не абыдзецца без невялікіх ападкаў, а ўдзень пад уплывам франтальных падзелаў на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе невялікі кароткачасовы дождж, месцамі з мокрым снегам. Уначы і раніцай прагназуюцца слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да 2 градусаў вышэй за нуль, удзень будзе ад нуля да 5 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore-belarusi