Дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі беларускай фан-зоны на востраве Хакайда на час летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Гэта ўжо як мінімум чацвёртая лакацыя, дзе можна будзе назіраць за выступленнямі беларускіх спартсменаў і адначасова знаёміцца з культурай, традыцыямі краіны, паведамілі ў пасольстве [1] Беларусі ў Японіі.
Дамоўленасць аб арганізацыі яшчэ адной фан-зоны была дасягнута на сустрэчы пасла Беларусі ў Японіі Руслана Есіна з мэрам горада Набарыбэцу Харуічы Агасавара. На востраве Хакайда, дзе плануецца размясціць гэтую пляцоўку, будуць праходзіць алімпійскія спаборніцтвы па марафоне і спартыўнай хадзе.
"Акрамя трансляцыі ўдзелу беларускіх спартсменаў у спаборніцтвах будзе працаваць тэматычная фотавыстава пра Беларусь, значныя двухбаковыя падзеі, гісторыі і дасягненні айчынных алімпійцаў, падрыхтаваная Беларускім тэлеграфным агенцтвам сумесна з пасольствам Беларусі ў Японіі. Пляцоўку фан-зоны плануецца таксама выкарыстоўваць для прэзентацыі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў , дэгустацыі нацыянальных страў і напояў", - адзначылі ў дыпмісіі.
Як паведамлялася, раней пасольства дасягнула дамоўленасці аб стварэнні беларускіх фан-зон у гарадах Тачыкава, Сіраісі, а таксама ў Токіа - у рэстаране беларускай кухні "Мінск".
Да галоўных спартыўных стартаў 2020 года рыхтуюцца 278 беларускіх атлетаў па 28 відах спорту. Адбор на Гульні ў некаторых дысцыплінах завершыцца ў чэрвені. Алімпіяда ў японскай сталіцы пройдзе з 24 ліпеня па 9 жніўня. Плануецца разыграць 339 камплектаў медалёў у 33 відах спорту.
Спасылкі
[1] http://japan.mfa.gov.by/ru/embassy/news/f77e4faf465a512b.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaponiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/tokia
[4] https://zviazda.by/be/tags/tokia-2020