Сышчыкі Баранавіцкага ГАУС затрымалі 39-гадовага гараджаніна па падазрэнні ў буйным крадзяжы валюты. Мужчына абакраў ўласнага бацьку, пакуль той спаў. З курткі пацярпелага зніклі $6000, паведамілі ў МУС.
Крымінальная гісторыя здарылася ўвечары. Падазраваны вызваліўся з ізалятара часовага ўтрымання ў Драгічыне, куды быў змешчаны пасля затрымання за крадзеж мабільнага тэлефона. Мужчыну сустрэла яго маці, з якой ён паехаў у Баранавічы.
Ужо падчас чаявання дома да іх далучыўся бацька падазраванага. У сваёй куртцы ён некалькі дзён захоўваў буйную суму, якая прызначалася для паездкі ў замежную камандзіроўку. Пра гэта ведалі блізкія мужчыны.
Як толькі ўладальнік грошай заснуў, а яго жонка выйшла з кватэры, падазраваны забраў валюту і знік. У далейшым, па інфармацыі Баранавіцкага ГАУС, гэтыя грошы былі выдаткаваныя на арэнду двух кватэр, наведванне забаўляльных устаноў, куплю залатой пячаткі і дарагога гадзінніка.
З заявай аб знікненні грошай уладальнік звярнуўся толькі праз некалькі дзён. Увесь гэты час ён спадзяваўся ўбачыць сына і ўгаварыць яго вярнуць выкрадзенае.
Падазраванага затрымалі каля пад'езда шматкватэрнага дома, куды ён прыехаў на таксі працягваць застолле ў здымнай кватэры. Да таго моманту ў мужчыны засталося $800, 110 рублёў, пячатка і гадзіннік.
Зараз гараджанін зноў знаходзіцца ў ІЧУ. Вядома, што затрыманы неаднаразова выносіў рэчы і грошы з дома бацькоў, а таксама неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж, рабаванне і незаконны абарот наркотыкаў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[3] https://zviazda.by/be/tags/dolary
[4] https://zviazda.by/be/tags/baranavichy