Асэнсаваць сакральны змест калядных гісторый і падабраць інтанацыю, якая зачэпіць гледача, адаптаваць старажытнае мастацтва для сучасных дзяцей і не згубіць атмасферу сямейнай утульнасці ў пагоні за відовішчам. Вось ужо чатыры гады запар завяршальным акордам фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» ў Мінску на базе нядзельнай школы пры Свята-Елісавецінскім манастыры праходзіць «Школа батлейкі». На яе занятках, лекцыях і майстар-класах энтузіясты з розных рэгіёнаў, пачаткоўцы і прафесіяналы, акцёры і педагогі, вывучаюць сакрэты такіх простых, здавалася б, лялек і батлеечнай скрыні, дзеляцца сваімі напрацоўкамі альбо даведваюцца, з чаго наогул пачаць, ладзяць імправізаваныя рэпетыцыі — а галоўнае, знаходзяць аднадумцаў, якія падтрымліваюць і дапамагаюць адно аднаму ў адраджэнні батлейкі.
Даведка «Звязды»
Батлейка, яна ж батляемка, вяртэп, жлоб — старажытны жанр беларускага мастацтва, народны лялечны тэатр. У адрозненне ад еўрапейскіх «братоў», беларуская батлейка арганічна ўвайшла ў народную культуру і спалучыла хрысціянскія матывы з фальклорнымі традыцыямі, прадстаўляючы гледачам не толькі біблейскія сюжэты (сярод іх кананічны — народная драма «Цар Ірад»), але і сацыяльныя сатырычныя сцэнкі, бытавыя замалёўкі.
«Сцэна» батлейкі — адмысловая скрыня, падобная на маленькую царкву, у якой верхні ярус абазначае небасхіл, вырай, сярэдні — зямлю, а ніжні, калі ён ёсць, — пекла.
Як адзначаюць спецыялісты Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, распаўсюджанне на нашых землях батлейка атрымала ў ХVІ стагоддзі пры актыўнай падтрымцы манаскіх ордэнаў. Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя тыпы батлейкі: класічная, «яселькі» і «віцебскі жлоб», у пастаноўках якога выкарыстоўваецца тэатр ценяў. На жаль, ужо ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ніводнай арыгінальнай батлейкі ў Беларусі не захавалася, але, дзякуючы працы этнографаў, якія паспелі занатаваць сцэнарыі калядных прадстаўленняў, гісторыкаў, мастакоў-рэстаўратараў, тэатразнаўцаў, акцёраў і рэжысёраў, гэты ўнікальны народны тэатр удалося аднавіць.
Эксперт «Школы батлейкі» мастак-рэстаўратар Ганна ВЫГОННАЯ ўспамінае, што яе ўласная батлеечная гісторыя пачалася амаль 30 гадоў таму:
— Я скончыла Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «станкавы жывапіс». Ведаеце, як заўжды казалі пра дыплом беларускага жывапісца? «Партызан пад елкай». То-бок тэмай маглі быць альбо партызаны ў лясным гушчары, альбо яшчэ маштабныя «будоўлі стагоддзя». А ў 90-я адбыўся злом эпохі і можна было выбіраць любую тэму. І якраз на той момант мастакі-рэстаўратары аднаўлялі магілёўскую батлейку ХІХ стагоддзя для гістарычнага музея, музея-тэатра «Беларускай хаткі» — батлейка як культурная з'ява толькі пачала адраджацца. У Міры адкрылася рэстаўрацыйнае вучылішча, і педагогі, якім архітэктар-рэстаўратар Галіна Жаровіна расказала пра сямейную батлейку, настолькі захапіліся ідэяй, што ўгаварылі яе весці пастаянны гурток. А я паехала ў Мір пісаць свой дыплом жывапісца, таксама па батлейцы, і прывезла добры тузін работ. І потым яшчэ гадоў дваццаць ездзіла ў Мір як рэжысёр народнага тэатра «Батлейка». Але потым прыйшла праверка і сказала, што так нельга, трэба дзве гадзіны заняткаў штодня, а ў вучылішчы якраз змянялася адміністрацыя — словам, батлейку спісалі, а маю палову стаўкі скарацілі. Адну скрыню я пакінула ў спадчыну Канстанціну Петрыману, які ў выніку і падхапіў гэту справу, і цяпер ён адзін з самых вядомых батлеечнікаў.
Іншыя скрыні і лялькі Ганна Выгонная забрала дамоў і меркавала, што на гэтым батлеечная гісторыя завяршылася. Яно магло здарыцца і так, але якраз у гэты момант беларускіх рэстаўратараў запрасілі ў Санкт-Пецярбург — зрабіць выстаўку беларускай батлейкі ў этнаграфічным музеі. А потым Ганну Выгонную з калегамі клікалі ў рэгіёны, дзякуючы чаму свае батлейкі з'явіліся ў Іўеўскім, Ашмянскім, Брагінскім музеях. Па выніках гадавой работы з сямейнымі клубамі Брагіншчыны Ганна Альбертаўна выдала невялікі метадычны дапаможнік, які наглядна і проста тлумачыць пачаткоўцам, як можна зрабіць скрыню — аснову тэатра, у чым асаблівасці лялек (напрыклад, у іх павінны быць доўгія шыі, каб замацаваць валасы і дэталі адзення, а вось самі лялькі невялікія, памерам да 30 сантыметраў, зручныя для чалавечай рукі, што кіруе персанажамі і застаецца незаўважанай у скрыні), як рабіць скрыню, якія тканіны і матэрыялы лепш падбіраць для афармлення — як ні дзіўна, спецыялісты раяць сінтэтыку, інакш ад Каляд да Каляд давядзецца змагацца з моллю і часта латаць лялечныя ўборы.
За чатыры гады ў «Школе батлейкі» падзяліліся асабістым досведам і прайшлі майстар-класы батлеечнікі з Мінска, Міра, Брэста, Гродна, Бабруйска, Нясвіжа, Асіповіч, Слоніма, Ашмян, Жыровіц і многіх іншых гарадоў і мястэчак... Бадай, самая далёкая вучаніца — з Растова-на-Доне, этнічная беларуска, якая цяпер жыве ў Расіі і марыла паказаць там наш народны тэатр. Нядаўна на Каляды яна зладзіла сваё першае прадстаўленне.
Выхавацелька дзіцячага садка Ірына Кісляк спецыяльна прыехала ажно з аграгарадка Каменюкі, што ў сэрцы Белавежскай пушчы. Прызналася: даўно марыць паставіць разам з дзецьмі батлеечны спектакль, але нават не ведае, з чаго пачынаць, таму праштудзіравала ўсё, што знайшла ў бібліятэках ды ў інтэрнэце, а па практычную дапамогу звярнулася да прафесіяналаў. «Пераканалася, што ўсё далёка не так проста, як здавалася на першы погляд, але ў той жа час на некалькі крокаў наблізілася да сваёй мары», — усміхаецца Ірына.
Яе калега, педагог дашкольнай адукацыі Дар'я Пуцінцава з Брэста кажа: «І ў мяне пакуль што ёсць толькі жаданне, скрыні і лялек няма, вось і шукаю падказкі, з чаго варта пачынаць, як далучыць да спектакля дзяцей і ўтрымаць іх увагу». Эксперты батлейкі раяць: дзецям варта раздаваць маленькія дапаможныя ролі. Напрыклад, прызначыць іх музыкамі, якія суправаджаюць эфектамі з'яўленне таго ці іншага персанажа: званочкам — анёла, бубнам ці трашчоткамі — салдата, свістулькамі — чорта і г. д. Вопыт педагогаў у садках і народных тэатрах паказвае, што інтэрактыў захапляе і адухаўляе нават самых няпростых дзяцей і падлеткаў. У свой час менавіта так, з заняткаў у гуртку, захапіўся лялькамі вядомы сёння беларускі і расійскі тэатральны рэжысёр Аляксандр Янушкевіч.
Скрыню, раяць вопытныя батлейшчыкі, для пачатку можна перарабіць з паштовай пасылкі або шафы дзіцячага садка. Лялькі — з кардону, тканіны, пап'е-машэ альбо нават з куплёных загатовак. Для аздаблення каштоўныя ўсе старыя рэчы: крыху выцвілыя шпалеры, шчыльная фольга і фанцікі ад цукерак, бабуліны хусткі і сукенкі, пацеркі, тасьма — словам, тое, чаго часта багата ў шафе ці на гарышчы вясковай хаты, варта толькі пашукаць. «Батлейка — не толькі падарожжа ў сярэднявечча, не толькі сінтэз і акцёрскага, і музычнага, і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і з'ява хэнд-мэйд. Працэс вырабу скрыні і лялек, рэпетыцый і прадстаўленняў аб'ядноўвае розныя пакаленні ў сям'і ці калектыве аднадумцаў, і ў гэтым адна з прычын папулярнасці ў наш час», — разважае Ганна Выгонная.
— Я перакананая, што пачынаць ставіць батлейку трэба з «Цара Ірада», — паўтарае яна вучням. — Для чаго? Каб зразумець асаблівасці шпяньковай лялькі, спецыфіку жанру, каб усвядоміць самае галоўнае: батлеечная лялька — не цацка, не тэатральны рэквізіт. Гэта архетыповыя персанажы, якія нам дасталіся з сярэднявечча і ў якіх закладзена сістэма каштоўнасцяў, сакральны змест, у наш час амаль страчаны. Таму для казачных пастановак, на мой погляд, варта зрабіць асобную скрыню — лялечны тэатр, які выкарыстоўвае некаторыя прыёмы батлейкі. Або пры жаданні можна спачатку паказаць класічную пастаноўку, а потым — маленькія казкі ці сучасныя інтэрмедыі «што здарылася ў нашым месцы ў наш час, пасля Раства Хрыстова». Сямейны тэатр Паповых, напрыклад, робіць смешныя сцэнкі, што ў іх адбылося ў сям'і, а ў адной са школ выдатна прадставілі з выкарыстаннем класічных лялек сучасны сюжэт — збор макулатуры. Аднак далёка не ўсе нерэлігійныя спектаклі «лезуць» у батлейку і далёка не ўсе сучасныя элементы варта выкарыстоўваць у пастаноўках. Напрыклад, жывая скрыпка ці ліра, іншыя народныя інструменты — гэта ўжо 80 % поспеху, а вось фанаграма, наадварот, «заб'е» ўсё ўражанне, таму пастарайцеся пазбягаць яе.
Алена Валевіч кіруе батлейкай у нядзельнай школе брэсцкага Свята-Мікалаеўскага брацкага храма: «Я прывезла з сабой лялькі, але ў выніку нават даставаць іх не стала, бо зразумела, наколькі яны недасканалыя. Але затое цяпер ведаю, у якім кірунку працаваць».
Мастацкі кіраўнік сталічнай «Батлейкі-чарадзейкі» Уладзімір Брэк пагаджаецца: «Я тэатразнавец па адукацыі, захапіўся батлейкай яшчэ ў Акадэміі мастацтваў, а потым зрабіў скрыню сам. Нават калі ўжо займаешся гэтай справай і, здаецца, добра яе ведаеш — усё адно цікава паслухаць досвед іншых, пачуць некаторыя тонкасці па-за канонам».
...Пры вонкавай прастаце мастацтва батлейкі павольнае і глыбокае, шматслойнае. Вучыцца ствараць цуды — лялькамі, голасам, святлом і гукам — трэба шмат, і на гэтым шляху чакаюць усё новыя адкрыцці. І ўсё адно кожнае прадстаўленне будзе творчым эксперыментам, па-свойму адрозным ад іншых. Мабыць, у гэтым і ёсць яго хараство?
— Галоўная небяспека для батлейкі — калі ўсе пачнуць займацца ёй масава і непрафесійна, не ўнікаючы ў сэнс, выносіць камернае прадстаўленне на вуліцу, для чаго яно ў прынцыпе не прызначана, паказваць з кожнай нагоды і без яе... Дзякаваць Богу, такія хвалі ўжо былі і сышлі, — кажа Ганна Выгонная. — Цяпер батлейкі часта адраджаюцца ў сем'ях, захоўваючы сваю асаблівую камернасць і настрой каляднага цуда.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/batleyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/shkola-batleyki
[5] https://zviazda.by/be/tags/festyval-batleechnyh-i-lyalechnyh-teatrau-nyabyosy