Самалёт "Міжнародных авіяліній Украіны" пад Тэгеранам быў збіты праз памылку. Пра гэта гаворыцца ў заяве генеральнага штаба ВС Ірана, распаўсюджанай агенцтвам ISNA, перадае [1] ТАСС.
"З прычыны ненаўмыснай чалавечай памылкі самалёт быў выпадкова збіты, што, на жаль, прывяло да гібелі суайчыннікаў і замежных грамадзян", - гаворыцца ў заяве. Таксама адзначаецца, што "падчас палёту самалёт апынуўся ў непасрэднай блізкасці ад аднаго з важных ваенных аб'ектаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (элітныя часткі ПС Ірана) і па форме і вышыні палёту нагадваў варожы аб'ект".
У заяве гаворыцца пра тое, што "праз некалькі гадзін пасля ракетных удараў [ПС Ірана па ваенных базах ЗША ў Іраку] значна павялічылася колькасць палётаў амерыканскіх ваенных самалётаў". "Гэтая акалічнасць стала прычынай павышанай адчувальнасці сярод падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны", - падкрэсліваецца ў паведамленні.
Прэзідэнт Ірана Хасан Роўхані паведаміў [2] у Твітары, што Іран глыбока шкадуе аб дапушчанай катастрафічнай памылцы. Ён паабяцаў прыцягнуць да адказнасці вінаватых у знішчэнні ўкраінскага самалёта.
Старшыня вярхоўнага суда Ірана Эбрахім Раісі распарадзіўся паскорыць расследаванне па збітаму іранскімі ПС ўкраінскаму Boeing 737, паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства.
Украіна настойвае [3] на поўным прызнанні віны з боку Ірана за збіты ўкраінскі самалёт, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
"Раніца сёння не была добрай, але прынесла праўду. Яшчэ да заканчэння працы міжнароднай камісіі Іран прызнаў сваю віну ў тым, што збіў ўкраінскі самалёт. Але настойваем на поўным прызнанні віны", - гаворыцца ў паведамленні прэзідэнта ў афіцыйным Telegram-канале.
Зяленскі дадаў, што чакае ад Ірану, "запэўненняў у гатоўнасці да поўнага і адкрытага расследавання, прыцягненню вінаватых да адказнасці, вяртанню целаў загінулых, выплат кампенсацый, афіцыйных выбачэнняў па дыпламатычных каналах".
Прэзідэнт Украіны таксама выказаў надзею на тое, што "расследаванне ў далейшым будзе адбывацца без штучных затрымак і перашкод". "Нашым 45 спецыялістам павінны забяспечыць поўны доступ і ўзаемадзеянне для ўстанаўлення справядлівасці", - сказаў на заканчэнне Зяленскі.
Прэв'ю: EPA-EFE
Спасылкі
[1] https://tass.ru/mezhdunarodnaya-panorama/7499235
[2] https://twitter.com/HassanRouhani/status/1215856679423823872
[3] https://tass.ru/mezhdunarodnaya-panorama/7499519
[4] https://zviazda.by/be/tags/ukrainski-samalyot
[5] https://zviazda.by/be/tags/aviyakatastrofa
[6] https://zviazda.by/be/tags/iran