Як расказалі ў прэс-службе ВНУ, у праектную каманду ўвайшлі другакурснік Аляксей Андрэеў, Ілья Вераціла, Дзяніс Сабалеўскі і першакурснік Аляксей Кармазін. Распрацаваная сістэма аўтаномна ажыццяўляе паліў і ветранне цяпліц на падставе паказанняў датчыкаў асвятлення, вільготнасці і тэмпературы паветра і глебы. Падобныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў прамысловых цяпліцах, а ідэя студэнтаў БДУ арыентаваная на інтарэсы дачнікаў.
Студэнцкая распрацоўка ўяўляе сабой праграмнае забеспячэнне для механізмаў, якія адказваюць за рэгуляванне фортак і кіраванне сістэмай арашэння. Тэхналогія дазваляе ў рэжыме рэальнага часу аналізаваць дадзеныя датчыкаў мікраклімату і рэгуляваць працэсы догляду за раслінамі. Напрыклад, інтэлектуальнае кіраванне прадухіліць пераўвільгатненне глебы і пераахаладжэнне раслін.
Тэмпературны рэжым унутры парніка падтрымліваецца аўтаматычна, зыходзячы з агратэхнічных патрабаванняў культур да ўмоў іх вырошчвання. Пры гэтым паліў раслін ажыццяўляецца своечасова, у патрэбнай колькасці і без удзелу чалавека.
Для функцыянавання сістэмы неабходна ўсталяваць датчыкі мікраклімату і механізмы для паліву і адчынення фортак. Праграмнае забеспячэнне дае магчымасць кіраваць працэсамі догляду са смартфона або персанальнага камп’ютара. З гэтай мэтай аўтары ідэі распрацавалі прататыпы мабільнай праграмы і сайта.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/parnik
[2] https://zviazda.by/be/tags/fpmi
[3] https://zviazda.by/be/tags/bdu