Самым паспяховым аўкцыёнам мінулага года па продажы невыкарыстоўваемай сталічнай дзяржуласнасці стала рэалізацыя крытага гаража ў адным з завулкаў горада
Усяго, як паведамілі ў камітэце «Мінскгармаёмасць», летась у галоўным мегаполісе было прададзена дзяржаўных аб'ектаў на агульную суму 3 млн 997 тысяч рублёў.
Камітэт таксама склаў рэйтынг выніковасці праведзеных аўкцыёнаў. У выніку была вызначана пяцёрка лідзіруючых продажаў з арганізаваных 52 аўкцыёнаў па рэалізацыі 23 дзяржаб'ектаў нерухомасці.
- Самым паспяховым аказаўся адзін з апошніх, праведзены 24 снежня мінулага года. У гэты дзень за 1 млн 431 тысячу 141 рубель 39 капеек быў прададзены будынак крытага гаража на 350 аўтамабіляў у завулку Альшэўскага, агульнай плошчай 13 659,3 квадратнага метра. Новы гаспадар павінен будзе захаваць на працягу года функцыянальнае прызначэнне аб'екта як спецыялізаванага будынка аўтамабільнага транспарту.
- На другім месцы — аб'екты рэспубліканскай уласнасці, размешчаныя на вуліцы Каржанеўскага (агульная плошча — звыш 13 тысяч квадратных метраў). На ліпеньскім аўкцыёне пачатковы кошт незавершаных незакансерваваных капітальных будынкаў быў роўны шасці базавым велічыням. А ў выніку таргоў канчатковая цана ўзрасла больш чым у шэсць тысяч (!) разоў. Такім чынам маёмасць была прададзеная юрыдычнай асобе за 1,02 млн рублёў. Дарэчы, у адпаведнасці з горадабудаўнічым праектам дэталёвага планавання тэрыторыя зямельнага ўчастка (1,8573 га), на якім размешчана нерухомасць, прадугледжана пад інвестыцыйную пляцоўку вытворчага прызначэння.
- Трэцяе месца — у неэфектыўна выкарыстоўваемай вытворчай базы ДВА «Мінскбуд» на вуліцы Казінца. 17 снежня мінулага года комплекс з пяці будынкаў агульнай плошчай 718,4 квадратнага метра сышоў з малатка з першай жа спробы за 400 тысяч 8 рублёў. Функцыянальнае прызначэнне нерухомасці самае шырокае: тут можна размясціць аб'екты грамадскага, адміністрацыйна-дзелавога прызначэння, сферы абслугоўвання насельніцтва, навучальныя і праектныя арганізацыі, прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання, установы навукі, культуры, аховы здароўя і спорту.
- Чацвёртае месца сярод самых удалых аўкцыёнаў заняў продаж аб'екта рэспубліканскай уласнасці на вуліцы Аўтамабілістаў. У верасні адзіны ўдзельнік таргоў заплаціў за яго больш за 312 тысяч рублёў.
Замыкае пяцёрку самай дарагой нерухомасці былы дзіцячы сад на вуліцы Амельянюка. У кастрычніку ён таксама быў прададзены адзінаму ўдзельніку аўкцыёну за 196 тысяч 893 рублі 88 капеек. Галоўная ўмова, якую павінен выканаць пакупнік, гэта тое, што ў будучыні ў будынку павінна працаваць установа адукацыі.
Што датычыцца ізаляваных памяшканняў, то ў 2019 годзе было прададзена 11 такіх аб'ектаў нерухомасці. Самым дарагім стала буйное падвальнае памяшканне на вуліцы Сувязістаў агульнай плошчай 433 квадратныя метры. Памяшканне было прададзена ў кастрычніку за 157 тысяч 920 рублёў. Сапраўды — кожнаму сваё. Каму гараж за 715 тысяч долараў, а камусьці падвал за 80 тысяч «зялёных». Дробязь, праўда?
Сяргей КУРКАЧ