Праграма складалася з серыі тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай літаратуры, журналістыцы, крытыцы, а таксама сучаснаму айчыннаму кінематографу, тэатральнаму мастацтву і літаратурнаму менеджменту.
— У нас з Выдавецкім домам «Звязда» ёсць кластар, які дазваляе захоўваць цесныя сувязі паміж навучальным і вытворчым працэсам, — распавяла загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людміла Саянкова. — Дзякуючы гэтаму студэнты могуць далучацца да сваёй прафесіі напрамую і як мага раней. Студэнтам, як правіла, прапануецца шмат мерапрыемстваў. Але адна справа забаўляць, іншая — захапляць і далучаць да каштоўнасцяў. Таму мы і вырашылі разам з Выдавецкім домам «Звязда» правесці такі Тыдзень культуры, сутнасць якога заключаецца ў папулярызацыі сферы мастацтва.
Кожны дзень тыдня, які праходзіў з 16 па 20 снежня, быў прысвечаны пэўнаму віду мастацтва. Кожны студэнт мог заявіць пра сябе. Па словах арганізатараў, студэнты для іх адкрыліся з новага боку. Акрамя таго, што чыталі свае вершы, прозу, публіцыстычныя эсэ, яшчэ і выступілі ў якасці фэшн-дызайнераў, паказалі свае мадэлі адзення, вырабы з натуральных камянёў, кветак, прадэманстравалі, што захапляюцца кіно, але не проста як гледачы, а як рэжысёры, якія ствараюць свае фільмы. Другі дзень Тыдня культуры быў прысвечаны літаратуры. Кожнаму студэнту, вядома, хацелася б бачыць апублікаваным не толькі ў газеце ці часопісе, але і мець свае кнігі. Таму арганізатары запрасілі на сустрэчу і дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся Бадака. А трэці дзень прысвяцілі культурнаасветніцкай журналістыцы. Галоўныя рэдактары вядомых літаратурных выданняў зладзілі са студэнтамі дыялог. Прайшла сустрэча з дачкой Алеся Адамовіча Наталляй Адамовіч.
Чацвёрты дзень быў тэатральна-песенны: у праграме — сустрэчы з тэатральнымі крытыкамі, якія распавялі, што ўвогуле ўяўляе сабой сучаснае тэатральнае мастацтва. Тыдзень культуры супаў з Днём 95-годдзя беларускага кіно, таму фінальны дзень прысвяцілі кінапаказам і размовай пра кіно. Прайшла сустрэча з аўтарам першага беларускага сіткама «Ілюзіі» Іванам Паўлавым, які распавёў, як змог дамагчыся поспеху ў жанры камедыі.
Тыдзень культуры стаў добрай нагодай для студэнтаў паспрабаваць сумясціць тэорыю і практыку, а таксама зразумець, у якім кірунку рухацца далей. Дарэчы, арганізатары абвясцілі, што правядзенне такога тыдня на журфаку будзе традыцыйным.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny