Беларусь і Еўрапейскі саюз сёння падпісалі пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу, паведамляе [3] БелТА.
Цырымонія адбылася ў Бруселі. Ад беларускага боку подпісы пад дамовамі паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Еўрасаюз прадстаўлялі намеснік прэм’ер-міністра — міністр унутраных спраў Харватыі Давор Бажынавіч (Харватыя цяпер старшынствуе ў Еўрапейскім савеце) і еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.
Яно прадугледжвае ўзаемнае палягчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збору. Пры гэтым будзе забяспечана права грамадзян звяртацца за атрыманнем віз як ў пасольствы еўрапейскіх краінаў, так і ў візавыя цэнтры.
Кошт «шэнгена» для беларусаў знізіцца да 35 еўра, а рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён). Многія катэгорыі грамадзян у залежнасці ад мэты паездкі змогуць звяртацца па візу без выплаты збору і атрымліваць шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння ў спрошчаным парадку.
Беларуская віза для грамадзян ЕС таксама патаннее да 35 еўра. Акрамя таго, будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Тэрмін знаходжання замежнікаў у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён у годзе (цяпер) да 180.
Пасля падпісання дакументы павінны быць ратыфікаваныя Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам. Пачнуць яны дзейнічаць у першы дзень другога месяца пасля даты паведамлення бакамі адзін аднаму аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі. Гэта значыць чакаць прыйдзецца некалькі месяцаў.
У пачатку лютага пачне дзейнічаць абноўлены Візавы кодэкс Еўрапейскага саюза, які прадугледжвае павышэнне кошту візавага збору да 80 еўра. Для беларусаў гэтая цана будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль не ўступіць у сілу пагадненне з ЕС. Толькі пасля гэтага збор аўтаматычна знізіцца з 80 да 35 еўра.
З уступленнем дакумента ў сілу Беларусь і Еўрапейскі саюз павінны будуць ажыццяўляць рэадмісіі (зваротны прыём на сваю тэрыторыю) уласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго.
У пагадненні замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення утрымліваецца абавязацельства Еўрасаюза аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.
«Па кансалідацыйнай думцы беларускіх дзяржаўных органаў, дадзеная дамова не нясе значных міграцыйных рызык для Беларусі», — раней заяўлялі ў МЗС.
ЕС паабяцаў не зацягваць ратыфікацыйныя працэдуры па падпісаным сёння ў Брусэлі пагадненням з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Адпаведную заяву зрабіла еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан падчас падпісання дакументаў.
Па словах Ільвы Ёхансан, гэтыя пагадненні паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю з'яўляюцца значным крокам наперад у супрацоўніцтве. "Яны палепшаць мабільнасць нашых грамадзян у добра кіраваным і бяспечным асяроддзі і дапамогуць пабудаваць больш цесныя сувязі паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Еўрапейскі бок цяпер будзе хутка прасоўвацца наперад з ратыфікацыйнымі працэдурамі, каб грамадзяне маглі адчуць перавагі як мага хутчэй", - падкрэсліла яна.
На яе думку, дакументы будуць садзейнічаць таксама ўсталяванню больш цесных сувязяў паміж ЕС і яго суседзямі па "Усходнім партнёрстве".
Прэв'ю: vectornews.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/dakumenty
[3] https://www.belta.by/politics/view/belarus-i-es-podpisali-soglashenie-ob-uproschenii-vydachi-viz-375287-2020/
[4] https://zviazda.by/be/tags/padpisanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/sprashchenne-vizavaga-rezhymu
[6] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyski-sayuz