У абласных цэнтрах прайшлі дабрачынныя мерапрыемствы з удзелам кіраўнікоў рэгіянальнай вертыкалі ўлады. Па традыцыі на святочныя пераднавагоднія «губернатарскія» ёлкі запрашаюць таленавітых і адораных дзяцей, тых, хто мае спартыўныя дасягненні, а таксама малых са складаным лёсам — з апякунскіх сем'яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Галоўная мэта — падарыць дзеткам пачуццё радасці і цудоўныя імгненні, з якімі асацыююцца навагоднія святы!
Множыць добрыя справы — такое пажаданне прагучала на абласным дабрачынным свяце ў Брэсце
У абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці было надзвычай шумна і весела. Тут працавалі гульнявыя пляцоўкі, была разгорнутая выстаўка дзіцячай творчасці «Вясёлкавы калейдаскоп». Вернісаж уражваў разнастайнасцю і глыбінёй таленту юных аўтараў.
На свята атрымалі запрашэнні 370 дзяцей з усіх раёнаў вобласці. У іх ліку — дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з малазабяспечаных, шматдзетных і няпоўных сем'яў, пераможцы прадметных алімпіяд, шматлікіх конкурсаў, актывісты школьнага самакіравання.
Гэтае свята яшчэ называюць «губернатарскай» ёлкай, бо павіншаваць дзяцей з новым годам па традыцыі прыходзіць кіраўнік рэгіёна. І гэтым разам старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС пажадаў дзецям, каб яны былі здаровыя, а таксама здароўя і дабрабыту іх бацькам і тым, хто іх замяніў.
Кіраўнік вобласці пажадаў дзецям быць карыснымі людзям і грамадству, любіць свой край, множыць добрыя справы і ўчынкі. Ну а потым завіравала «ёлка» — пачалася навагодняя дзея з танцамі, песнямі, карагодамі, конкурсамі. Ну і вядома, ніхто не застаўся без падарунка.
Сустрэліся юныя таленты
Каля тысячы юных жыхароў Віцебскай вобласці было запрошана ў канцэртную залу «Віцебск» на навагодняе прадстаўленне з удзелам губернатара. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі — пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і розных творчых конкурсаў, кадэты, а таксама выхаванцы дамоў-інтэрнатаў.
Яны ўбачылі спектакль пра навагоднія цуды ў краіне кніжак, сталі вучнямі імправізаваных майстар-класаў па вырабе сувеніраў, патанцавалі на святочнай дыскатэцы.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў на галоўнай ёлцы пажадаў дзятве і падлеткам быць актыўнымі па жыцці, мужна пераадольваць цяжкасці. І гэта, безумоўна, дазволіць дабіцца поспехаў. Ён падкрэсліў: тымі, хто знаходзіцца ў зале, ужо ганарыцца Віцебшчына. Але спыняцца на дасягнутым нельга, трэба падвышаць планку поспехаў, каб яны праслаўлялі нашу краіну, у якой робіцца ўсё для падтрымкі юных талентаў.
У сваю чаргу, дзеці падарылі губернатару сувеніры, у тым ліку і сімвал новага года.
Сапраўдная зіма ў падарунак
Cтаршыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Салавей павіншаваў найлепшых школьнікаў рэгіёна
Галоўная ёлка вобласці ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» сабрала каля 1,5 тысячы школьнікаў у Гомельскім дзяржаўным цырку. Запрашэнні атрымалі дзеці, якія дасягнулі поспеху ў вучобе, творчасці, спорце, а таксама хлопцы і дзяўчаты з малазабяспечаных сем'яў і дзеці-сіроты.
«Мы ганарымся дзецьмі Гомельскай вобласці, яны ўносяць свой каштоўны ўклад у развіццё і сферы адукацыі і рэгіёна. Многія дзеці сваёй упартасцю і працай, дасягненнямі і здзяйсненнямі ўслаўляюць рэгіён», — перадае словы Генадзя Салаўя БелТА.
Старшыня аблвыканкама расказаў, што дзяржава сёння робіць многае, каб дзеці адчувалі сябе камфортна, маглі развіваць здольнасці і таленты.
Генадзь Салавей разам з прысутнымі загадаў адно агульнае жаданне — каб Дзед Мароз прынёс сапраўдную зіму, са снегам і падбадзёрлівым марозікам.
Старшыня аблвыканкама падчас свята таксама ўручыў узнагароды 10 школьнікам, якія сталі пераможцамі разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў.
Гэта яскравая падзея!
На самым маштабным навагоднім свяце для дзяцей было паказана лазернае шоу
Упершыню «губернатарская» ёлка прайшла ў адноўленай абласной філармоніі. Дзякуючы вялікай зале падзея з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова атрымалася надзвычай масавай і яскравай.
У складзе тых, хто быў запрошаны на гэта цудоўнае свята, — школьнікі, якія выдатна праявілі сябе ў вучобе, спорце, творчасці, таксама выхаванцы цэнтраў карэкцыйнага развіцця і інтэрнатаў, дзеці са шматдзетных сем'яў. Ніхто з іх не сумаваў, бо ўжо ў фае гасцей сустракалі казачныя персанажы, якія вадзілі карагоды каля прыгажуні-ёлкі. Але галоўнае прадстаўленне чакала дзяцей у зале філармоніі, дзе для іх была падрыхтавана феерычная навагодняя праграма. Перад пачаткам прадстаўлення дзяцей павіншаваў Уладзімір Краўцоў.
Добрым навагоднім падарункам стаў для прысутных эстрадны музычны спектакль ад артыстаў абласной філармоніі. Захапляльнае лазернае шоу, інтэрактыўныя гульні, пясочная анімацыя і многае іншае — усё гэта надоўга запомніцца юным гродзенцам.
Таленавітыя і паспяховыя
Болей чым 600 школьнікаў вобласці ўзялі ўдзел у «губернатарскай» ёлцы ў Магілёве
Удзельнікамі дабрачыннага свята сталі выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, лідары і актывісты, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, навучэнцы кадэцкага вучылішча, выхаванцы «SОS — Дзіцячай вёскі Магілёў» — усяго больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй вобласці. Павіншаваць іх прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады на чале з губернатарам Магілёўскай вобласці Леанідам Зайцам, а таксама дэпутаты парламента.
А потым быў святочны карагод вакол вялікай ёлкі Палаца культуры вобласці, а таксама захапляльнае інтэрактыўнае падарожжа па матывах вядомых літаратурных твораў. Усе ўдзельнікі свята атрымалі салодкія падарункі, а таксама гранд-падарунак ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама, які сабралі найлепшыя кандытары булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». Мерапрыемства адбылося ў рамках навагодняй акцыі «Нашы дзеці!»
«Навагодні экспрэс» і парад Дзедаў Марозаў
Васемсот пяцьдзясят юных грамадзян з усіх куткоў Міншчыны сабраліся ў Барысаве на навагодняе абласное свята 28 снежня. Гэта пераможцы раённых і абласных алімпіяд, разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў, выдатнікі вучобы, лідары грамадскіх арганізацый, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Дабрачыннае мерапрыемства адкрыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
Падчас свята хлопчыкі і дзяўчынкі акунуліся ў чароўную атмасферу тэатралізаванага казачнага прадстаўлення «Мы сустракаем Новы год». Салодкія падарункі ім уручылі прадстаўнікі Мінаблвыканкама і Барысаўскага райвыканкама. Акрамя таго, дзеці з усіх раёнаў Міншчыны зрабілі ўнікальныя фотазоны, аб'яднаныя ў «Навагодні экспрэс». Малыя імкнуліся адлюстраваць спецыфічныя асаблівасці сваёй малой радзімы, паказаць яе адметнасць і непаўторнасць. Дзеці паўдзельнічалі таксама ў шоу мыльных бурбалак, цікавых віктарынах і конкурсах, інтэрактыўных гульнях, вясёлых карагодах.
У гэты ж дзень у Барысаве адбыўся абласны парад [7] Дзедаў Марозаў, Снягурак і казачных персанажаў.
Для самых маленькіх
У Дзівінскі дзіцячы дом у Кобрынскім раёне прыехаў старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» Дзмітрый ЛУКАШЭНКА, каб прыняць удзел у акцыі «Нашы дзеці». Сын кіраўніка дзяржавы завітаў у дзівінскую ўстанову разам з жонкай і дочкамі, каб падтрымаць тых дзяцей, якія маюць у гэтым найвялікшую патрэбу.
Ва ўстанове цяпер выхоўваецца 29 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 3 да 18 гадоў. Бацькі большасці з іх пазбаўлены правоў на выхаванне дзяцей. А дзеці, як і ўсе іх равеснікі, чакаюць Новага года, пішуць лісты Дзеду Марозу, вераць у цуд. У многім здзейсніцца іх марам дапамаглі госці. Асаблівы акцэнт зроблены на падарунках для самых маленькіх. Сёлета ў дзіцячым доме адкрылася дашкольная група. Установа атрымала гульні і цацкі для развіцця, а таксама патрэбную ў гаспадарцы газонакасілку.
Свята для падшэфных
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч у межах дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведаў прыватную сацыяльна-педагагічную ўстанову «SОS — дзіцячая вёска «Мар'іна Горка» ў Пухавіцкім раёне.
— Мы вельмі чакалі нашага паважанага госця з яго камандай, — прызналася перад пачаткам свята намеснік дырэктара ўстановы Іна Мялешка. — Нашы дзеці добра ведаюць Аляксандра Мікалаевіча, бо Міністэрства інфармацыі нас курыруе, яго супрацоўнікі прыязджаюць да нас на працягу некалькіх гадоў, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах.
— У нашай краіне існуе добрая традыцыя — напярэдадні Новага года праводзіць дабрачынную акцыю для дзяцей, якую ініцыяваў кіраўнік дзяржавы. І яна з году ў год набірае розныя фарматы, павароты. Усе, хто мае магчымасць, аказваюць падтрымку дзецям, асабліва дзецям, якія знаходзяцца ў складаных умовах у параўнанні з тымі, што пастаянна выхоўваюцца ў сям'і. SОS-вёскі — гэта самы цікавы праект дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы. І Міністэрства інфармацыі вельмі ўважліва ставіцца да развіцця гэтага аб'екта, да развіцця гэтай вёскі, тых дзяцей, якія ходзяць у дзіцячы садок або вучацца ў мясцовых школах. Мы прыехалі сёння з падарункамі, хочам, каб у нашых падшэфных было свята. Мы таксама будзем максімальна спрыяць таму, каб розныя міжнародныя стасункі тут развіваліся. Іх сёння шмат. Дзеці актыўна займаюцца спортам, ездзяць са сваёй футбольнай камандай па ўсім свеце, і вельмі прыемна, што мясцовыя ўлады падтрымліваюць іх. А наш абавязак — дапамагчы, паспрыяць ініцыятывам выхаванцаў, іх настаўнікаў, — лічыць Аляксандр Карлюкевіч.
Святлана ЯСКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[3] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[6] https://zviazda.by/be/gramadstva
[7] http://zviazda.by/be/news/20191228/1577540471-ablasny-parad-dzyadou-marozau-adbyusya-u-barysave
[8] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci