Кнігі і ласункі ў падарунак да навагодніх святаў ад Выдавецкага дома «Звязда» сёння атрымалі гадаванцы Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната.
Мясцовыя жыхары сустракалі са шчырымі ўсмешкамі і прывітаннямі, распытвалі, чым мы займаемся, і дарылі абдымкі. Няхай многія з гэтых дзетак маюць пэўны дыягназ, аднак шчырая цікавасць і непадробныя эмоцыі імгненна зрабілі знаёмства блізкім.
— Наша бібліятэка папоўніцца новымі кнігамі, з якіх вы зможаце даведацца больш пра творчасць беларускіх пісьменнікаў, — звярнулася да сваіх выхаванцаў дырэктар установы Наталля ДЗІРОЎСКАЯ. — Спадзяюся, вы будзеце іх не толькі гартаць, але і чытаць і дзяліцца ўражаннямі пра прачытанае, асабліва старшакласнікі, — і дадала ўжо звяздоўцам. — Няхай многія тут не ўмеюць чытаць, але ж малюнкі любяць глядзець усе. Цяпер яшчэ паспрабуй сабраць кнігі разам, пакуль яны не нагуляюцца.
Сапраўды, не паспелі мы яшчэ палажыць падарункі на стол, як яго атакавалі малыя і пачалі гартаць кнігі і расказваць пра свае захапленні.
— Я люблю маляваць, — кажа Арцём. — І фарбаваць. Мо і з кнігі што-небудзь намалюю.
— А мне падабаецца беларуская мова, хоць я на ёй не чытаю, — далучаецца Вова, прыціскаючы да сябе кнігу з казкамі, і пытаецца, ці можна забраць яе з сабою ў бытавы пакой, дзе малыя бавяць час пасля ўрокаў.
Вельмі радуецца, калі адказваю, што ўсе кнігі застануцца ім.
— Вучыцеся, чытайце, набірайцеся ведаў, а мы будзем выдаваць яшчэ больш цікавыя і маляўнічыя кнігі, — паабяцала Таццяна ТРУХАН, вядучы спецыяліст аддзела маркетынга і падпіскі Выдавецкага дома «Звязда».
Пакрысе малыя, нібыта мурашы, пацягнуліся ў сталовую на абед, дзе іх чакаў зефір, прывезены звяздоўцамі. Кнігі панеслі з сабою. Думаецца, цацку гэтую вярнуць у бібліятэку атрымаецца яшчэ не хутка, але ніхто з выхавацеляў не засмучаўся.
— Хай сабе гартаюць, нават добра, а то некаторыя зусім у рукі не бяруць, — гаворыць Таццяна СТУСЬ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — У нас нядаўна з’явіўся хлопчык-дашкольнік, ён яшчэ і чытаць не ўмее. У яго кніга — найлепшая цацка. Пакуль. Але, думаю, ён і чытаць навучыцца, бо бачна, што цягнецца да ведаў.
На развітанне дзеці дзякавалі і абяцалі калі не чытаць кнігі, то абавязкова глядзець на малюнкі. А нам думалася, наколькі каштоўнай бывае маленькая кропля ўвагі, што выклікае вялікія эмоцыі.
Ірына СІДАРОК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2