Праект, што прадстаўляў Беларусь на сёлетняй Венецыянскай біенале — найпрэстыжнейшай міжнароднай выстаўцы сучаснага мастацтва, — з 18 снежня можна ўбачыць у Мінску. Беларускі адказ на дэвіз выстаўкі, якім гэтым разам стала пажаданне «Каб вы жылі ў цікавыя часы», паказвае Цэнтр сучасных мастацтваў. Конкурсам у Міністэрстве культуры, што вызначае будучага ўдзельніка біенале, была абраная канцэпцыя куратара Вольгі Рыбчынскай і мастака і скульптара Канстанціна Селіханава. Некалькі кампазіцый, дзе фігуры чалавека стасуюцца з пэўным атрыбутам — тэлевізарам, альбо шклянкамі з малаком на падносе, альбо нечым іншым, — падпарадкоўваюцца агульнай ідэі, і ўсё гэта — «Ехіt», альбо «Выхад», альбо нават «Выйсце». Міжнародны агляд мастацтва адгрымеў — «венецыянская» экспазіцыя прыехала ў Мінск, з нагоды чаго мы зайшлі да Канстанціна Селіханава і даведаліся пра эканоміку і практыку падрыхтоўкі да біенале, на якія з'явы рэчаіснасці адказвае яго праект і ў чым заключаецца беларуская трывога.
— Вы ўдзельнічалі ў Венецыянскай біенале двойчы, толькі гэтым разам — у якасці адзінага мастака-аўтара. Ці былі адрозненні сёлетняй падрыхтоўкі ад падрыхтоўкі ў 2009-м?
— Тэхнічна ўсё было прыкладна гэтаксама, то-бок складана. Удзел у Венецыянскай біенале патрабуе намаганняў не толькі мастака — павінен існаваць асобны аддзел, які б займаўся выключна выстаўкай. Да буйнога мерапрыемства па сучасным мастацтве, як і ў сферах кіно ці класічнай музыкі, патрэбна сур'ёзная падрыхтоўка, гэта не так проста, як мяркуюць: «Ну што такое зрабіць выстаўку? — падумаеш, павесіць дзесяць карцін, сказаць нейкую прамову». Свет даўно праехаў гэты этап, апошні раз такі падыход меў месца ў канцы 1940-х, з тых часоў галіна мастацтва хутка развіваецца, але інерцыя дзе-нідзе захоўваецца дагэтуль. Праўда, і ў нас нешта мяняецца, асабліва ў форме, хоць і не вельмі — у ідэях. Каб фармуляваць ідэі, трэба, каб грамадства стала больш складанае, каб мы гаварылі не толькі пра забаву і прапагандавалі не толькі фестываль народнага танца альбо эстрадны канцэрт, для якіх грошы знаходзяцца адразу. Сучаснае мастацтва — складанае па азначэнні, яно не з'яўляецца крыніцай радасці. Дык вось і тады, і цяпер падрыхтоўка да біенале была няпростая, але мне здалося, што сёлета Міністэрства культуры было больш зацікаўленае і адкрытае, то-бок пазітыўныя перамены ўсё ж ёсць.
— Вы сказалі, што павінен існаваць асобны аддзел, які б займаўся падрыхтоўкай да біенале. Што мы страчваем з-за яго адсутнасці?
— Мы заўсёды крыху спазняемся. Падрыхтоўка да біенале мае на ўвазе не толькі стварэнне твора, але і, напрыклад, пошук прыдатнага памяшкання, прыцягненне спонсараў, страхаванне і гэтак далей. Вялікая работа патрабуецца яшчэ да таго, як за справу бярэцца мастак. Праект выбіраецца праз конкурс: яго варта было б арганізоўваць раней, тады ў аўтара было б больш часу, каб выбудаваць экспазіцыю і трансфармаваць ідэю з улікам павільёна. У Францыі, Расіі альбо Венесуэлы пастаянныя павільёны: аўтары ведаюць, якой прасторай валодаюць, — адпаведна, ім значна прасцей рыхтавацца. Я кажу пра тэхнічны працэс, таму што мастаку часта даводзіцца займацца не ўласцівымі яму функцыямі, працэнтаў сорак часу мы робім тое, што не павінны.
— Як дорага краіне абыходзіцца ўдзел у Венецыянскай біенале?
— Дакладна я не ведаю, прыкладна 50 тысяч еўра — гэта гучыць грозна, але насамрэч з'яўляецца даволі сярэдняй лічбай, тыя ж літоўцы выдаткоўваюць на свой удзел у два разы больш.
— Пляцоўкай праекта «Выхад» у Мінску стаў Цэнтр сучасных мастацтваў: наколькі яго антураж адпавядае антуражу, у якім экспазіцыя была прадстаўлена на Венецыянскай біенале?
— Канешне, «Выхад» у Венецыі адрозніваецца ад «Выхаду» ў Мінску, хоць і нязначна. Любая экспазіцыя мяркуе нейкі кантэкст, таму пры яе падрыхтоўцы ўлічваеш наваколле, у якое яе «пагружаеш». Пры мантажы гэтай выстаўкі мы мусілі «змагацца з прасторай», бо яна нам не зусім падыходзіла і першапачаткова праект рабіўся менавіта пад памяшканне, якое мы знайшлі ў Венецыі, — не сказаць, каб цясніну, але нешта выцягнутае і замкнутае. Да таго ж гэта была прастора, у якую ты трапляеш адразу з вуліцы, чаму добра адпавядала слова «выхад». У Мінску з праектам адбылася пэўная трансфармацыя, і адрозненне, у першую чаргу, у маштабе: мы павінны былі ўлічваць, што гэта Цэнтр сучасных мастацтваў з яго сістэмай калідораў і былымі майстэрнямі, таму захапілі частку калідора з намёкам на тое, што гісторыя гэтага памяшкання іншая. Але па вялікім рахунку мы зараз гаворым пра дэкаратыўныя рэчы, якія не ўплываюць на сутнасць.
— А як вы знайшлі і па якіх крытэрыях выбралі памяшканне ў Венецыі?
— Усё вельмі проста: па выключна грашовым фактары. Выбар быў вельмі невялікі, а цэны вельмі высокія, мы заняліся пошукам позна, дакладней, пазнавата, і памяшканні, што нам падабаліся, былі дарагія, а бюджэт — абмежаваны. У выніку з лакацыяй усё атрымалася нядрэнна, нават вельмі сімпатычна: мы аказаліся акурат паміж дзвюма галоўнымі пляцоўкамі — садамі Джардзіні і Арсеналам, дарога паміж імі праходзіла праз наш павільён, таму ў нас было шмат наведвальнікаў і адмыслова займацца рэкламай не было неабходнасці.
— Атрыбуты, якія суправаджаюць чалавека ў праекце «Выхад», больш-менш універсальныя, то-бок іх нельга аднесці да канкрэтнага стылю альбо культуры, апроч аднаго — гранёнай шклянкі. Чаму менавіта яна?
— Калі казаць проста, гэтым праектам я ў першую чаргу расказваю пра сябе — а мая асабістая гісторыя ёсць гісторыя краіны, — і тое пракляцце «жыць у цікавыя часы»: я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, перажыў перабудову і распад СССР, я служыў у савецкім войску, помню Чарнобыль і падзенне Берлінскай сцяны. Мы гэтыя цікавыя часы працягваем пражываць, то-бок дагэтуль не вярнуліся да дабратворнага спакою і знаходзімся ў стане пошуку выхаду, да чаго і адсылае назва экспазіцыі. А праз гранёныя шклянкі мы ўспамінаем падвячоркі ў дзяцінстве і абсалютна высакародныя спробы ўсіх накарміць і з адной каструлі размеркаваць аднолькавыя порцыі. У кожнай з аб'яднаных у праекце работ, між іншым, ёсць свая назва. Тыя скрыні — гэта «Пасылка», а ў стане пасылкі, быццам некуды трэба з'язджаць, а прыехаўшы, усё роўна не знайсці жаданага, сёння знаходзяцца многія з нас. Альбо, напрыклад, «Малітва» — чалавек глядзіць на неонавы надпіс быццам у іншы цудоўны свет, але не бачыць яго, таму што свет гэты — так сабе, падмена рэальнасці, наша любімая «невыносная лёгкасць быцця». І святло неону падмяняе нейкае іншае важнае святло.
— Гэта нагадала мне некаторыя сучасныя кітайскія фільмы, дзе на фоне святлівых, яскравых, забаўляльных рэчаў і пад адпаведныя гукі цацак і ігральных аўтаматаў адбываюцца трагедыі.
— Магчыма, я думаў і пра гэта, пра ілюзію таго, што ўсё цудоўна, пра падманлівы свет, якому людзі моляцца. Я цудоўна памятаю які-небудзь 1988 год, калі ўсе думалі, што Захад сустрэне нас ззяннем і вызваліць ад таго, чым мы былі звязаныя. Кніга на твары чалавека, які глядзіць на неонавы надпіс, — гэта татальны тэкст, што нас не адпускае, твор Карла Маркса гэта ці нешта іншае. Для праекта я выкарыстаў вырваную з кантэкста цытату з «Капітала» як сімвал глабальнага лозунга, што працягвае з намі жыць і, як высвятляецца, не тужыць. І, калі вы звярнулі ўвагу, у кампазіцыі ёсць спроба з ім пазмагацца: тэкст раптам выходзіць у прастору, а на яго месцы аказваецца пустэча, проста шум.
— У анатацыі да вашага праекта сказана пра «крызіс самавыяўлення і няздольнасць стабілізаваць стан трывогі». Ці адчуваеце вы, што сучаснае беларускае грамадства хварэе на трывогу?
— Па-мойму, яна лунае ў паветры, мы вельмі напружаны і гэтае напружанне прысутнічае паўсюль ды толькі ўзмацняецца, ідзе па нарастаючай. Вымушаны канстатаваць, што, калі я пасля часовай адсутнасці вяртаюся дадому, адчуваю ў прасторы чаканне нечага.
— Чым гэтыя напружанне і чаканне выкліканы?
— Тым, што мы не дасягнулі стану, калі проста жывеш, а не думаеш, як выжыць, бо зразумела, калі адчуваеш сябе добра, ты асабліва нікуды не імкнешся, апроч таго, каб з'ездзіць пакатацца на лыжах.
— Некалькі разоў натыкалася на каментарыі заходніх еўрапейцаў аб тым, як яны прыязджалі ў Савецкі Саюз у яго апошнія дзесяцігоддзі і бачылі, што людзі свабодныя, нягледзячы на матэрыяльныя нягоды. Чаму сёння выжыванне магло запаланіць усё іншае?
— Адкрылася скрыня Пандоры, альбо спакус, і мы даведаліся, як увогуле жыве свет. У часы майго дзяцінства не было нават спроб прааналізаваць сацыяльна-палітычную абстаноўку ў краіне, усё ўспрымалася як належнае, ёсць як ёсць. Мы знаходзіліся ў стане вечнасці, дзе нічога не мяняецца, а год праходзіць што секунда. Мы з аптымізмам глядзелі ў будучыню, таму што яна, як і сучаснасць, нам нічога не абяцала. Цяпер свет развіваецца значна хутчэй, гэта відавочна, да таго ж граніцы адкрытыя і мы можам параўноўваць сябе з іншымі і рабіць высновы. Так, у нечым мы адчуваем сябе лепш, напрыклад, трывога ва Украіне адрозніваецца ад нашай. Зразумела, што сучасны свет таксама ў цэлым неспакойны, але не будзем хаваць, што ў Савецкім Саюзе нам папросту хлусілі, мы жылі ў шчаслівай хлусні, а цяпер, калі ў нас ёсць рознабаковыя крыніцы інфармацыі і шанц атрымаць аб'ектыўную карціну свету, мы хоць разумеем, што нешта не так.
— На Венецыянскай біенале вы ацанілі іншыя нацыянальныя павільёны: ці паспявае беларускае сучаснае мастацтва за сусветным?
— Беларускае мастацтва, якое развіваецца нягледзячы ні на што, — гэта ключавы момант, — абсалютна слушнае ў міжнародным кантэксце. Я не казаў бы пра яго шчырасць, бо гэта не тое слова, чалавек можа напісаць нейкую недарэчнасць і зрабіць гэта шчыра, але адзначыў бы жаданне нашых аўтараў казаць пра важныя рэчы. Праз тое, што мы сталі больш адкрытыя, праз мастакоў, якія глядзяць далей свайго носа, праз адукацыю і самаадукацыю мы цалкам слушныя, я кажу гэта абсалютна спакойна. Але сусветная арэна дастаткова кансерватыўная і жорсткая: трэба быць вельмі таленавітым чалавекам, каб цябе заўважылі. Беларусь, давайце будзем шчырымі, не тая краіна, на якую позірк падае ў першую чаргу. Ёсць Расія — вялікая нацыя і гісторыя, ёсць Афрыка, Азія альбо Лацінская Амерыка, хай іх прадстаўляюць невялікія краіны з такімі ж невялікімі гісторыямі мастацтва. Мы, на жаль, усё яшчэ знаходзімся на перыферыі сусветнага руху, у цені Вялікага Брата, хоць нават апошнія з тых, хто сумняваўся, разумеюць, што мы павінны быць самадастатковыя і размаўляць са светам на ўласнай мове, у якой будзе прапанавана палітра ўсяго, што ў нас адбываецца. Таму ўсё ў парадку, нам толькі трэба аб'яднаць два нашыя мастацкія светы, бо некаторыя аўтары моцна не давяраюць дзяржаўным інстытуцыям, якія, у сваю чаргу, арганізуюць рэчы кшталту ўдзелу ў Венецыянскай біенале. У краіне няма рынку, на якім, калі дзяржава нечага не разумее, можна знайсці падтрымку ў іншых інстытуцыях альбо спонсараў. Аб'ектыўныя фактары не дазваляюць нам раздыхацца на ўсю сілу, але шэраг пытанняў мог бы вырашацца куды хутчэй, калі б існаваў нармальны дыялог унутры культурнай суполкі, бо калі мы не будзем цікавыя адно аднаму, то і нікому не будзем цікавыя.
Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanstancin-selihanau