Беларускі фонд культуры — адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый, што падтрымліваюць нацыянальную культуру. Сярод прыярытэтных кірункаў яго дзейнасці знаходзяцца падтрымка і папулярызацыя народнага мастацтва, музейнай і бібліятэчнай справы, ахова гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама краязнаўства. Пра важныя дасягненні, бачанне перспектыў развіцця і захаванне назапашанага вопыту «Звязда» гутарыць са старшынёй БФК Тадэвушам Стружэцкім.
— Тадэвуш Іванавіч, якія знакавыя праекты Беларускага фонду культуры вы б вылучылі?
— З першых гадоў існавання БФК ініцыяваў і пачаў рэалізацыю доўгатэрміновых навукова-даследчых і выдавецкіх праектаў «Спадчына» і «Вяртанне» (было выдадзена сем выпускаў), на базе якіх пазней былі распрацаваны рэспубліканскія праграмы. У 1998 годзе распачаты праект «Славутыя імёны Беларусі» (выдадзены зборнікі ў двух тамах), дзякуючы якому былі вернуты ў навуковы і грамадска-культурны кантэкст дзясяткі сусветна вядомых, але забытых на сваёй радзіме выхадцаў з Беларусі. На працягу 2015—2017 гадоў, па ініцыятыве нашага фонду быў рэалізаваны праект «Адновім Будслаўскую святыню разам» (яго падтрымалі Міністэрства культуры і Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч) па зборы грамадскіх сродкаў на навуковае даследаванне і рэстаўрацыю ўнікальнага драўлянага алтара ХVІІ стагоддзя, абраза святой заступніцы Беларусі Маці Божай Будслаўскай, насценных роспісаў, аднаўленне аргана. Таксама з ініцыятывы БФК была распачата праца па ўнясенні ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА Будслаўскага фэсту, у выніку чаго ў лістападзе 2018 года гэтае мерапрыемства ўвайшло ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
— Калі казаць пра дзейнасць дня сённяшняга, то, мабыць, таксама ёсць адметныя моманты?
— Наша арганізацыя бярэ ўдзел у доўгатэрміновым праекце Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі «Рэгіён на гісторыка-культурнай карце Беларусі». Рэспубліканскія навукова-практычныя семінары і канферэнцыі праведзены ў 2017—2019 гадах у Пастаўскім, Любанскім, Іванаўскім і Слонімскім раёнах. Таксама БФК ініцыюе і бярэ ўдзел у рэалізацыі праектаў і мерапрыемстваў, прысвечаных важным падзеям і юбілеям славутых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі. Напрыклад, да 220-годдзя Адама Міцкевіча летась быў рэалізаваны сумесна з Польскім інстытутам у Мінску, пасольствам Літвы ў Беларусі і іншымі зацікаўленымі праект «Чытаем Міцкевіча разам». Сёлета праводзілі мерапрыемствы з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння С. Манюшкі. Таксама на працягу апошніх двух гадоў рэалізуем праект «Мой род — мая радзіма», у рамках якога ў Мінску адбываецца прэзентацыя краязнаўчай літаратуры, выдадзенай у рэгіёнах Беларусі, а таксама сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі, дзеячамі культуры.
Вопыт і праблемы
— Ведаю, што ў лютым наступнага года пройдзе І Краязнаўчы форум. Якія спадзяванні і планы ў вас адносна яго?
— Краязнаўчы форум з'яўляецца важным праектам, скіраваным на падтрымку і актывізацыю краязнаўчай дзейнасці, які мы будзем праводзіць сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем, — ён узяў на сябе асноўную ролю па арганізацыі. І мы, безумоўна, вернемся да праблемы, якую калісьці спрабавалі вырашыць, — стварэнне рэспубліканскага Краязнаўчага таварыства. Таму што, на жаль, на сёння такога таварыства няма, а неабходнасць у ім існуе. Бо кожны краязнавец мясцовага аб'яднання працуе у сваім асяроддзі, а вось наяўнасць і дзейнасць рэспубліканскага Краязнаўчага таварыства акумулявала б найлепшы вопыт і рыхтавала б нейкія метадычныя распрацоўкі, аказвала б канкрэтную дапамогу, каб краязнаўчы рух шырыўся. На форуме таксама будзе праведзены конкурс новых краязнаўчых праектаў з мэтай адзначыць найлепшых і стымуляваць іншых. Прадставім найбольш цікавыя праекты, якія ўжо рэалізаваны.
Напрыклад, у час форуму плануецца прэзентацыя дзейнасці краязнаўцаў Пастаўшчыны: у іх назапашаны багаты вопыт, створана інфармацыйная база па розных кірунках краязнаўчай дзейнасці і выдадзена многа кніг. Хочацца, каб гэты вопыт быў даступны і для іншых. Сёння ў многіх раёнах ёсць розныя кірункі краязнаўчай дзейнасці, але, на жаль, практычна адзінае выданне, якое займаецца папулярызацыяй такой дзейнасці, — гэта «Краязнаўчая газета». Мы маем невялікі тыраж і невялікае кола чытачоў, таму зноў жа на форуме зможам зрабіць прэзентацыю нашага выдання. Увогуле задача Краязнаўчага форума — падсумаваць той назапашаны вопыт, які ўжо ёсць. За апошнія гады краязнаўчая дзейнасць значна пашырылася, у тым ліку і ў сувязі з аб'яўленнем Года малой радзімы з'явіўся шэраг цікавых мясцовых праектаў. Безумоўна, ёсць перспектывы для далейшага развіцця.
У кожным раёне існуюць магчымасці арганізацыі шырокай краязнаўчай дзейнасці па аднаўленні мясцовай гісторыі, славутых асоб, якія нарадзіліся і выйшлі з гэтага раёна, па стварэнні музейных куткоў, па напісанні летапісу і шмат па чым іншым.
— Вы згадалі «Краязнаўчую газету», яна існуе ўжо 16 гадоў. Якія праблемы мае спецыялізаванае выданне і як вы пераадольваеце іх?
— Галоўная праблема, якая сёння стаіць перад намі, — захаваць газету, бо зараз яна трымаецца толькі на энтузіязме работнікаў Фонда культуры, якія практычна на грамадскіх пачатках яе рыхтуюць. Зразумела, сёння гэта праблема не толькі «Краязнаўчай газеты», але і іншых друкаваных СМІ. З укараненнем інтэрнэту цікавасць да друкаванага слова, як і да кніжак, знізілася. Для нас самае галоўнае — газету захаваць, таму што калі яна будзе заўтра страчана, то пасля, напэўна, ужо не будзе адноўлена. Безумоўна, важна пашырыць яе тыраж, бо гэта адзіная гарантыя захавання выдання. Патэнцыял для пашырэння тыражу мы маем. Глядзіце, сёння ў Беларусі працуе 2,5 тысячы дзяржаўных бібліятэк. Лагічна, што газета там павінна быць, хоць бы ў раённых, гарадскіх і асноўных сельскіх, бо гэта дакументы, якія захоўваюцца, і потым даследчыкі, мясцовыя жыхары могуць пры неабходнасці звярнуцца да іх, каб атрымаць нейкія дадатковыя матэрыялы. Тут і школьныя, краязнаўчыя музеі, якіх сёння больш за 1,5 тысячы. І там газета патрэбная. Плюс людзі адтуль могуць актыўна пісаць нам пра свае дасягненні і папулярызаваць свой вопыт. А што датычыцца зместу газеты, то, безумоўна, яна павінна ўдасканальвацца. Яшчэ адна наша праблема сёння — што мы не маем штатных карэспандэнтаў.
Захаванне самабытнасці
— А хочацца мець магчымасць новага погляду і глыбокага звароту да тэмы?
— У асноўным карыстаемся матэрыяламі, якія нам дасылаюць чытачы і падпісчыкі. Але ў той жа час ставім перад сабой задачу, каб мэтава рыхтаваць важныя, праблемныя матэрыялы. Умоўна: мы дамаўляемся з вядомым гісторыкам альбо краязнаўцам, які рыхтуе матэрыял для газеты. І такіх тэм, праблем больш чым дастаткова. Напрыклад, праблема знікаючых помнікаў. Яна актуальная для кожнага раёна і для Беларусі ў цэлым, бо часта ад недасведчанасці і абыякавасці разбураюцца рэшткі такіх помнікаў. А калі мы ў газеце згадаем іх і інфармацыя дойдзе да мясцовых улад, то гэта таксама будзе іх стымуляваць і падштурхоўваць да захавання таго, што ёсць. Як і для мясцовых, хто разбурае, разносіць усё ад няведання. Альбо яшчэ адзін прыклад: вадзяныя млыны. У нас іх было звыш сотні ў Беларусі, і млыны выконвалі не толькі чыста ўтылітарную функцыю, у іх малолі збожжа, выраблялі валёнкі...
Млыны — цікавыя аб'екты, яны былі сведчаннем заможнасці, і ў іх прыгожая архітэктура будынкаў. Яны з'яўляліся месцам сустрэч людзей. Сёння, па нашых звестках, у Беларусі захавалася звыш 70 вадзяных млыноў, аднак толькі адзінкі з іх працуюць. А ў прынцыпе, калі мы гаворым цяпер пра экалагічныя праблемы, пра аднаўленне энергіі, то млыны могуць быць запатрабаваныя, у тым ліку і як турыстычныя аб'екты, якімі можна карыстацца. Прыклад млына ў Жодзішках Смаргонскага раёна паказвае, што сёння там людзі могуць змалоць муку. Гэта сапраўдны інтэрактыўны музей, дзе відаць кожны этап — ад зерня да мукі і свежаспечанага хлеба. Сёння моладзь, я ўпэўнены, ужо не ведае тых традыцый, тых працэсаў. А гэта вельмі важны фактар выхавання.
— Калі казаць пра папулярызацыю краязнаўства сярод моладзі, то што тут спрацоўвае?
— У краязнаўстве многа моладзі, асабліва школьнікаў. І рэспубліканскі конкурс «Славутыя імёны малой радзімы» гэта пацвердзіў. А калі арыентавацца на тое, што ў краіне на базе
школ дзейнічае звыш тысячы школьных, краязнаўчых, гістарычных музеяў, то нават гэта сведчыць пра перспектывы развіцця краязнаўчай дзейнасці.
У нас ёсць прыклады зацікаўленасці моладзі пры рэалізацыі нашых праектаў. У свой час Беларускі фонд культуры з'яўляўся адным з арганізатараў Фэста экскурсаводаў, які сёлета прайшоў ужо дзясяты раз. З кожным годам яго геаграфія пашыраецца, да яго далучаюцца новыя людзі, якія па сваёй ініцыятыве распрацоўваюць цікавыя маршруты. Калі раней гэты фэст праводзіўся толькі ў Мінску, то сёння праходзіць ужо практычна ва ўсіх рэгіёнах. І людзі, якія цікавяцца, умоўна кажучы, гісторыяй свайго горада, нейкімі памятнымі мясцінамі, мэтава вывучаюць пэўныя аб'екты і рыхтуюць экскурсіі. І калі малады чалавек даследуе нейкую праблему і на аснове здабытага матэрыялу рыхтуе цікавы маршрут, то потым збірае вакол сябе людзей, якім гэта таксама цікава. Вось такія нефармальныя зносіны пашыраюць зацікаўленасць... Ці сітуацыя з мясцовым унутраным турызмам. Ён у нас яшчэ не атрымаў такога шырокага распаўсюджання, як, напрыклад, у Польшчы, дзе ўжо ёсць традыцыя праводзіць выхадныя ў актыўных падарожжах па краіне. У нас гэта толькі пачынае развівацца.
А мы ў свой час, калі пасля рэстаўрацыі адкрывалася экспазіцыя Мірскага замка, Нясвіжскага палаца, гаварылі, што гэтыя аб'екты павінен наведаць кожны беларус. Зразумела, што не кожнаму тое ўдалося, але такую мэту трэба ставіць. Такія цікавыя аб'екты ёсць у кожным раёне, іх трэба ведаць. Краязнаўцы могуць стымуляваць гэты рух, прапануючы ўнікальныя, малавядомыя альбо наогул невядомыя аб'екты, маршруты. Таму тут таксама краязнаўчая дзейнасць мае і канкрэтныя задачы, і прыкладны характар. Бо такім чынам можна не толькі вывучыць сваю краіну, малую радзіму, але і падтрымаць выхаваўчы патрыятычны рух. Краязнаўчы рух — гэта не прыватная справа, таму мы і гаворым, што павінны быць створаны грамадскія, а можа, у перспектыве і дзяржаўныя інстытуты, якія б стымулявалі і каардынавалі яго. Тады мы будзем узбагачаць гісторыю і культуру нашай краіны, прывіваць любоў да яе, фарміруючы сваю самабытнасць.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura