Нават у буйных гарадах, не кажучы пра глыбінку, у мясцовай улады паўстае пытанне: дзе знайсці для бюджэту дадатковыя грошы? А яны неабходны, каб стварыць, напрыклад, месца сямейнага адпачынку, абсталяваць прышкольную спартыўную пляцоўку, зрабіць больш цікавым наведванне музея... Гэта нескладана. Толькі трэба ведаць, дзе шукаць. Ужо існуе шмат прыкладаў карыснага супрацоўніцтва.
У Віцебскім аблвыканкаме не так даўно абмеркавалі вынікі і перспектывы супрацоўніцтва органаў мясцовай улады з Еўрапейскім саюзам.
Дарэчы, Віцебск стаў трэцім горадам, у якім на працягу года прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. У сакавіку падобнае мерапрыемства адбылося ў Брэсце, у кастрычніку вынікі двухбаковага супрацоўніцтва былі падведзеныя ў Гродне.
Адкрываючы сустрэчу, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель адзначыў, што ёсць розныя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва і мерапрыемства закладзе фундамент для новых партнёрскіх адносін. Ёсць неабходнасць у адкрытым абмене думкамі з прадстаўнікамі ўлады, бізнесу і грамадскімі арганізацыямі Прыдзвінскага краю.
Першы намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч нагадаў, што Віцебшчына — адзіная ў Беларусі вобласць, якая мяжуе як з ЕС (Латвія і Літва), так і з Расіяй. Таму ёсць дадатковая магчымасць супрацоўніцтва з захадам — у якасці трансгранічнага «моста». Ён падзякаваў замежным партнёрам, якія асабіста наведваюць глыбінку і не толькі цікавяцца рэалізацыяй праектаў, але і шчыра заклікаюць працягнуць увасабленнем самых актуальных ідэй.
Сярод іншага, напрыклад, ужо запланавана фінансаванне цэнтра маладзёжнага прадпрымальніцтва ў Оршы. Грант вельмі паспрыяе развіццю дзелавой ініцыятывы ва ўсім раёне. І вельмі карысны будзе вопыт перадавых краін ЕС пры рэалізацыі канцэпцыі ў гэтым райцэнтры «Разумны горад».
З агляднай прэзентацыяй выступіў кіраўнік праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Берэнд дэ Гроат, а таксама кіраўнікі ключавых сфер праектнай дзейнасці Прадстаўніцтва.
Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўлены розныя праекты. У прыватнасці, рэалізаваныя пры ўдзеле Полацкага райвыканкама — па развіцці турызму і стварэнні сучаснай сістэмы асвятлення вуліц. Да таго ж менавіта палачане сталі першапраходцамі на Віцебшчыне па стварэнні паласы для веласіпедыстаў на аўтамабільнай дарозе.
У суседнім Наваполацку паспяхова рэалізуецца канцэпцыя, мэта якой — перайсці ад стварэння ўмоў у інклюзіўнай школе да інклюзіўнага горада ў цэлым. Што цікава, для зручнасці малых з абмежаванымі магчымасцямі ў адной з вучэбных устаноў нават усталявалі ліфт.
А ў Сенненскім раёне прыблізна дваццаці фельчарам купілі электрычныя ровары. І ў выніку яны сталі хутчэй дабірацца да хворых, якія жывуць нават у самых далёкіх вёсках. А «хуткую» між тым разгрузілі, бо цяпер няма нагоды выязджаць па параўнальна дробных праблемах.
У Талачынскім раёне пайшлі іншым шляхам, каб эканоміць сродкі на медыцынскія патрэбы. Там старэйшынам падарылі танометры. І цяпер мясцовыя жыхары таксама сталі меней тэлефанаваць на нумар 103, бо гіпертонікі, калі ціск павысіўся, але стан здароўя не крытычны, самастойна прымуць лекі.
Супрацоўніцтва з экспертамі ЕС дапамагае і дзяржаўным вытворцам. У прыватнасці, заходнія кансультанты падказалі прадпрыемству ў Верхнядзвінску, што зрабіць, каб атрымаць адпаведны сертыфікат на пастаўку сыроў і іншай прадукцыі ў Еўропу.
Вельмі цікавая ініцыятыва «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі». Яна дае магчымасць мясцовай уладзе ў глыбінцы атрымаць кансультацыі і фінансаванне ад еўрапейскіх экспертаў і банкаў. Браслаў, між іншым, у рамках рэалізацыі ініцыятывы ўжо налета стане першым у краіне так званым кліматычна нейтральным горадам. Гэта значыць, што населены пункт не будзе наносіць клімату нават мінімальнай страты. Удзельнікамі еўрапейскай ініцыятывы па клімаце і энергіі таксама сталі яшчэ дзесяць населеных пунктаў: Верхнядзвінск, Віцебск, Гарадок, Глыбокае, Докшыцы, Наваполацк, Орша, Полацк, Талачын, Шаркаўшчына.
Удзельнікамі мерапрыемства ў Віцебску сталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, дзяржаўных арганізацый, грамадзянскай супольнасці з чатырнаццаці раёнаў Віцебскай вобласці.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyski-sayuz
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebski-ablvykankam
[5] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva