Падзеі разгарнуліся на тэрыторыі пустуючага прысядзібнага ўчастка, размешчанага ў цэнтры сталіцы. Пільныя суседзі заўважылі невядомых грамадзян, якія кружылі па ім з каляскай, пра што і паведамілі ўласніку прыватнага дома.
Ён прыбыў па званку і выявіў, што зніклі капот і глушыцель, якія прызначаліся для яго аўтамабіля. З просьбай аб аказанні дапамогі ў вяртанні выкрадзенай маёмасці мужчына неадкладна звярнуўся да праваахоўнікаў Цэнтральнага РУУС г. Мінска.
У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сышчыкі ўстанавілі, што крадзеж здзейснілі 66-гадовая мінчанка разам са сваім 47-гадовым сынам. Яны распавялі, што аўтазапчасткі здалі ў пункт перапрацоўкі другаснай сыравіны, а атрыманыя грашовыя сродкі выдаткавалі на ўласныя патрэбы.
Цяпер крымінальнаму тандэму трэба будзе пакрыць шкоду на суму каля 800 рублёў, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама. Дарэчы, вядома, што раней 47-гадовы мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне аналагічных дзеянняў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/metalalom