«Расія здала пазіцыі ў адукацыйным рэйтынгу РІSА», «Расійскія школьнікі не трапілі ў топ-20 рэйтынгу па чытанні і матэматыцы», «Казахстанскія школьнікі паказалі вынікі ніжэй за сярэднія. Чаму?», «Украінскія школьнікі амаль правалілі тэст», «Украіна ў рэйтынгу РІSА: не Уругвай, але пакуль не Беларусь» — такімі загалоўкамі стракацяць апошнія дні ўсе СМІ на постсавецкай прасторы.
Як і чакалася, вынікі міжнароднага даследавання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў РІSА-2018 (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt), што былі агучаны
3 снежня, сталі прадметам аналізу эфектыўнасці сістэм адукацыі ва ўсіх краінах, якія ў ім удзельнічалі. Але калі Эстонія канстатуе, што вучэбныя дасягненні тутэйшых школьнікаў — найлепшыя ў Еўропе, то нашы суседзі-ўкраінцы прызнаюць: праблемы ёсць, прычым праблемы сур'ёзныя. Украіна, як, дарэчы, і Беларусь, брала ўдзел у РІSА ўпершыню.
— Пасрэдны ўзровень украінскай школьнай адукацыі сведчыць аб вострай неабходнасці яе рэфармавання і працягу рэалізацыі праграмы «Новая ўкраінская школа», — заявіла міністр адукацыі і навукі Украіны Ганна НАВАСАД. — Вынікі РІSА-2018, у прыватнасці, разбураюць міф пра эфектыўнасць савецкай матэматычнай сістэмы адукацыі. Даследаванне паказвае: 36 % нашых 15-гадовых вучняў не дасягаюць нават базавага ўзроўню ведаў па матэматыцы. У іх ёсць праблемы з задачамі, дзе трэба выкарыстоўваць простыя стратэгіі рашэння, працэнтныя суадносіны, аперыраваць дробамі і дзесятковымі лічбамі. Мы разлічваем на тое, што атрыманыя вынікі стануць сігналам для нашых настаўнікаў, бацькоў і грамадства ў цэлым. Цяпер павінна стаць відавочна, што рэформа школьнай адукацыі для Украіны —- не капрыз, а аб'ектыўная патрэба.
Па выніках справаздачы РІSА, Украіна мае на 39 балаў менш па матэматыцы, на 22 балы менш па прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах і на 23 балы менш па чытацкай адукаванасці ў параўнанні з сярэднім вынікам па краінах АЭСР (Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці).
Як вынікае са справаздачы, 15-гадовыя падлеткі ва Украіне адстаюць ад сваіх аднагодкаў у краінах АЭСР на адзін год у матэматыцы (розніца ў 30 балаў роўная аднаму году навучання). Гэта значыць, што для таго, каб іх дагнаць па балах, украінскім школьнікам трэба яшчэ год вучыцца, прычым гэта не толькі выдаткі ў часе, але і матэрыяльны рэсурс, які трэба ўкласці ў навучанне...
Базавага ўзроўню сфарміраванасці кампетэнцый ва Украіне не дасягнула па чытацкай адукаванасці 26,9 % украінскіх падлеткаў, а ў прыродазнаўчанавуковай — 26,4 %.
Здавалася б, банальнае пытанне — чаму павінны навучаць у школе? Самы відавочны адказ — канешне, ведам. Вучань павінен засвоіць пэўны набор правілаў мовы, гістарычных фактаў, фізічных законаў, матэматычных формул і гэтак далей — нібыта ўсё лагічна. Але насамрэч гэта ўчарашні дзень: сёння куды важнейшае ўменне вырашаць рэальныя жыццёвыя задачы і самастойна працаваць з інфармацыяй, выкарыстоўваць яе, напрыклад, каб сфармуляваць свой пункт гледжання ў спрэчцы аб генетычна змененых прадуктах, зразумець газетны артыкул пра глабальнае пацяпленне, разабрацца з тым, ці можна выкарыстоўваць соевы замяняльнік замест каровінага малака, раскрыць рэкламныя маніпуляцыі і г. д.
«Школы павінны рыхтаваць вучняў да беспрэцэдэнтных перамен у эканоміцы і навакольнай рэчаіснасці, да працы на рабочых месцах, якія яшчэ не створаны, да выкарыстання тэхналогій, якія не вынайдзены, — лічыць дырэктар дэпартамента па адукацыі Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР), галоўны куратар РІSА Андрэас ШЛЯЙХЕР. — Актуальныя становяцца разнастайныя камбінацыі ведаў, кампетэнцыі, навыкі, якія могуць прывесці да поспеху ў кар'еры. Акцэнт у сучаснай адукацыі павінен рабіцца на развіццё творчага пачатку, крытычнага аналізу, умення вырашаць праблемы і прымаць рашэнні.
Праграма РІSА (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt) ужо 19 гадоў збірае звесткі аб якасці адукацыі ў свеце. Раз на тры гады яна тэсціруе 15-гадовых падлеткаў у розных краінах. Такі ўзроставы цэнз абраны невыпадкова. Фактычна паўсюдна менавіта ў гэтым узросце навучэнцы заканчваюць базавы этап адукацыі і вызначаюцца з далейшай жыццёвай і адукацыйнай траекторыяй.
Тэсты РІSА, якія доўжацца дзве гадзіны, утрымліваюць тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую адукаванасць (разуменне тэкстаў), матэматычную і прыродазнаўчанавуковую. У іх шмат тэкстаў, якія трэба ўважліва прачытаць (а для сучасных школьнікаў, якія не любяць вялікія тэксты, гэта, бадай што, самае складанае) і адказаць на шматлікія пытанні, што ідуць групамі, з прывязкай да канкрэтнага тэксту.
Арганізатары тэсту падкрэсліваюць: вынікі РІSА — гэта не рэйтынг краін, а толькі спроба вызначыць, якой павінна быць самая эфектыўная адукацыйная сістэма. Апошнім даследаваннем было ахоплена 600 тысяч навучэнцаў з 79 краін і адміністрацыйных тэрыторый.
Безумоўны лідар рэйтынгу — Кітай. Праўда, даследаванне праводзілася толькі ў чатырох яго правінцыях — Пекін, Шанхай, Цзянсу і Чжэцзян, у якіх пражываюць 180 мільёнаў чалавек. У матэматыцы кітайскія школьнікі набралі 591 бал, у чытанні 555 балаў, у прыродазнаўчых навуках — 590.
Другі вынік у Сінгапура: 549 балаў у чытанні, 569 — у матэматыцы і 551 — у навуках. На трэцім месцы Макао: 525, 558 і 544 балы адпаведна. Гэта значыць, што першыя радкі занялі краіны Азіі. З краін еўрапейскага рэгіёна самая высокая пазіцыя ў Эстоніі (пятае месца ў сусветным рэйтынгу РІSА). У першую дзясятку ўвайшлі таксама Канада, Фінляндыя, Ірландыя, Паўднёвая Карэя і Польшча.
Цікава, што дэбютныя вынікі ўдзелу ў РІSА беларускіх школьнікаў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ацэньвае як годныя і параўноўвае іх балы не з сярэднімі паказчыкамі па краінах АЭСР, а з усімі краінамі-ўдзельніцамі. Пры такіх падліках нашы навучэнцы насамрэч аказваюцца ў сярэдзіне спісу, але ўсё роўна ніжэй за пазіцыі Расіі, Літвы, Латвіі і тым больш Эстоніі.
Па чытацкай адукаванасці ў беларускіх падлеткаў 474 балы. Столькі ж у Ісландыі, крыху больш у Літвы, Венгрыі і Італіі (па 476 балаў), а крыху ніжэй за нас у спісе Ізраіль і Люксембург (470). Характэрна, што сярэдні паказчык усіх краін-удзельніц у гэтым кірунку — 454 балы, гэта значыць, на 20 пунктаў менш.
Па матэматычнай адукаванасці ў нашых школьнікаў 472 балы (сярэдні паказчык — 459), столькі ж у Мальты, радком вышэй — ЗША (478 балаў), а крыху ніжэй — Харватыя (464). Што датычыцца прыродазнаўчанавуковай адукаванасці, то ў беларусаў 471 бал (сярэдні — 458), трохі абагналі нас школьнікі з Харватыі (472 балы), Ісландыі (475), Люксембурга (477), затое мы наперадзе Украіны (469).
Але калі бліжэй знаёмішся з арыгіналам справаздачы па выніках РІSА (httрs://www/оесd.оrg), то прыходзіш да высновы, што сярэднія балы — гэта нешта накшталт сярэдняй тэмпературы па бальніцы, якая рэальнай карціны агульнага «здароўя» (якасці адукацыі) не дае, і трэба насамрэч глядзець значна глыбей.
У РІSА робяцца важныя высновы: якая колькасць вучняў здолела выканаць заданні вельмі высокага ўзроўню, а якая — не справілася нават з найпрасцейшымі. Усяго выдзяляюцца шэсць узроўняў: пяты і шосты — самыя высокія.
І вось тут высвятляецца, што толькі каля 4 % беларускіх падлеткаў маюць высокія паказчыкі ў чытанні — гэта значыць, што яны дасягнулі пятага і шостага ўзроўняў у тэсце па чытацкай адукаванасці РІSА (у сярэднім па АЭСР паказчык складае 9 %). На гэтых узроўнях вучні могуць засвойваць вялікія тэксты, аперыраваць абстрактнымі паняццямі, знаходзіць парушэнні ў логіцы, адрозніваць факты ад меркаванняў, ідэнтыфікаваць крыніцы інфармацыі. Толькі 7 % беларускіх вучняў можна аднесці да «адукацыйнай эліты» па матэматыцы, што могуць рашаць заданні пятага і шостага ўзроўняў (сярэдні паказчык па АЭСР — 11 %): мадэляваць складаныя сітуацыі матэматычна, выбіраць, параўноўваць і ацэньваць адпаведныя стратэгіі вырашэння праблем. Для параўнання, у Шанхаі і Пекіне пятага і шостага ўзроўняў па матэматыцы дасягнула больш за 40 % вучняў. А 29 % беларускіх падлеткаў не рашаюць нават простыя матэматычныя задачы.
24 % нашых школьнікаў не спраўляюцца з элементарнымі фізічнымі, біялагічнымі, хімічнымі задачамі... І толькі 3 % беларускіх навучэнцаў атрымалі высокі ўзровень (пяты ці шосты) у прыродазнаўчых навуках (сярэдні паказчык па краінах АЭСР — 7 %) — гэта значыць, што яны валодаюць высокімі кампетэнцыямі, могуць творча і аўтаномна прымяняць свае прадметныя веды ў самых розных сітуацыях, у тым ліку і ў незнаёмых.
Дык з чым звязаны аптымізм кіраўніцтва Міністэрства адукацыі?
«Балы вучняў беларускіх гімназій і ліцэяў супастаўныя з баламі іх аднагодкаў з Кітая, Сінгапура і Эстоніі, якія апынуліся на верхніх радках рэйтынга», — прыводзіць аргумент дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. Але давайце не забываць, што яшчэ два гады таму адбор у гімназіі адбываўся на конкурснай аснове. Агульнаадукацыйныя ліцэі — таксама ўстановы адукацыі, прызначаныя для адораных дзяцей. І зусім не факт, што наступны раз беларускія гімназісты змогуць паўтарыць свае цяперашнія дасягненні.
Але намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ упэўнены, што ў даследаванні, якое пройдзе ў 2021 годзе, у Беларусі ёсць усе шанцы палепшыць свой вынік «з улікам прадуманых, узважаных і вывераных мерапрыемстваў па развіцці сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі».
Яго аптымізм падзяляе і Юрый Міксюк: «Хацеў бы заклікаць нас усіх крытыкаваць недахопы, якія мы заўважаем, больш канструктыўна. Той вынік, які мы атрымалі і яшчэ прааналізуем, дазволіць нам знайсці найлепшае, што ёсць у лідараў. Таксама даследаванне дапаможа беларускай школе дакладней вызначыць нашы болевыя пункты. Ёсць шэраг момантаў, над якімі мы ўжо працуем і якія яшчэ будуць укараняцца ў сістэму адукацыі. У прыватнасці, гэта спецыфіка заданняў РІSА, якія арыентаваныя на дзеянні ў незнаёмай сітуацыі, выкарыстанне ведаў у рэальным жыцці, заданні, якія мы называем зашумленымі (з лішкам інфармацыі). Яны павінны быць асвоены нашымі навучэнцамі...»
І напрыканцы яшчэ некалькі важных высноў з РІSА. Больш высокія вынікі па чытацкай адукаванасці прадэманстравалі беларускія школьнікі з сем'яў, дзе бацькі маюць вышэйшую адукацыю — іх сярэдні вынік 514 балаў. Самы высокі бал (527) мае група навучэнцаў, якая назвала чытанне сваім хобі.
А школьнікі, якія займаюцца музыкай, дэманструюць больш высокія вынікі ў прыродазнаўчых навуках — у іх плюс 30 балаў! Значыць, маюць рацыю прыхільнікі STЕАM-падыходу ў навучанні, якія сцвярджаюць, што спроба развіваць адукацыю толькі ў кірунку навукі, інжынернай справы і матэматыкі без паралельнага развіцця арт-дысцыплін можа прывесці да таго, што маладое пакаленне будзе пазбаўлена крэатыўнасці. Толькі ў адзінстве дакладных і гуманітарных навук можна выхаваць усебакова развітых спецыялістаў, вынаходнікаў і наватараў у сваёй сферы.
Даведка
АЭСР — гэта міжнародная арганізацыя эканамічна развітых краін. У яе ўваходзяць асноўныя дзяржавы Еўропы плюс Мексіка, Паўднёвая Карэя, Японія, Канада, Чылі, ЗША — усяго 36 краін свету.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/pisa
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/test
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyniki