Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа 11 снежня на камернай сцэне пакажа прэм'еру спектакля "Ваўкалак" паводле аднайменнага апавядання з кнігі Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", паведамілі [1] БЕЛТА ў тэатры.
Малады рэжысёр Ірына Тышкевіч узяла ў якасці сюжэту пастаноўкі апавяданне "Ваўкалак", таму што ўбачыла ў ім вельмі спрэчную маральную тэму - помсту. Да стварэння спектакля далучыліся мастак Юлія Карымава, харэограф Дзіяна Юрчанка і артысты-коласаўцы, каб паказаць уздзеянне гэтага пачуцця на чалавека.
"Няма людзям спакою, калі шчаслівы іншыя. Марка і Алена кахаюць адзін аднаго, але з'яўляецца Ілля, падгаворвае дудара Арцёма і разбурае прыгожую гісторыю сваім жаданнем валодаць упадабанай жанчынай. Смутак, моцная крыўда спараджаюць у Марку жаданне помсціць. І вочы яго пачынаюць гарэць па-воўчы, людзі палохаюцца. Марка ператвараецца ў ваўкалака, які бегае па лясах і можа толькі наводзіць жах на былых аднавяскоўцаў", - падзяліліся ў тэатры.
У пастаноўцы заняты віцебскія артысты: Ульяна Ацясава, Арцём Герак, Раіса Грыбовіч, Святлана Жукоўская, Дзмітрый Каваленка, Паліна Крашэўская, Юлія Крашэўская, Пятро Ламан, Аляксей Стома і Юрась Цвірка.
У спектаклі артысты актыўна выкарыстоўваюць беларускі фальклор, прыказкі, прымаўкі, замовы, народныя аўтэнтычныя песні, у тым ліку ў апрацоўцы вядомага этна-трыа "Троіца".
Прэв'ю: teleprogramma.pro
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/kolasauski-teatr-padryhtavau-mistychnuju-premeru-pavodle-apavjadannja-jana-barshcheuskaga-83641-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[3] https://zviazda.by/be/tags/spektakl
[4] https://zviazda.by/be/tags/shlyahcic-zavalnya