Адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Старшынёй Савета Рэспублікі абрана [4] Наталля Качанава. Яе намеснікам абраны Анатоль Ісачанка.
Выбранню на гэтыя высокія дзяржаўныя пасады папярэднічала абмеркаванне іх кандыдатур. І Наталля Качанава, і Анатоль Ісачанка пачулі ад членаў Савета Рэспублікі шмат прыемных, заслужаных і справядлівых слоў. Абодва палітыкі — людзі добра вядомыя і аўтарытэтныя ў краіне.
Прамоўцы, у прыватнасці, адзначалі, што перш чым Наталлю Качанаву вылучылі на работу ў Адміністрацыю Прэзідэнта (кіраўніком якой яна была тры гады), за яе плячыма ўжо была вялікая і ўражлівая біяграфія. Нагадаем, пачынала працоўны шлях Наталля Качанава на радавых пасадах, кожная з якіх узбагачала яе жыццёвым і прафесійным досведам. Важнай прыступкай у яе кар'еры стала работа старшынёй Наваполацкага гарвыканкама. За сем гадоў у горадзе было шмат зроблена карыснага для яго жыхароў. Невыпадкова гараджане прысвоілі ёй у 2014 годзе званне ганаровага грамадзяніна Наваполацка.
У сваем слове да новага складу Савета Рэспублікі Наталля Качанава як яго старшыня акрэсліла тое кола пытанняў і праблем, якія бачацца ёй першачарговымі. Лейтматывам гучала думка, што ў аснове заканатворчай дзейнасці верхняй палаты парламента павінны быць інтарэсы людзей, іх паўсядзённыя клопататы і турботы, якія б дробныя яны ні здаваліся на першы погляд. А для гэтага варта часцей наведваць працоўныя калектывы, пастаянна бываць у рэгіёнах, больш шчыльна і змястоўна працаваць з дэпутатамі мясцовых Саветаў. Трэба эфектыўней выкарыстоўваць іх патэнцыял.
Вядома, у цэнтры ўвагі Савета Рэспублікі будуць важныя пытанні дзяржаўнага будаўніцтва. У гэтай справе трэба працягваць традыцыі папярэдняга складу верхняй палаты. На погляд Наталлі Качанавай, законы павінны быць зразумелыя людзям. Апроч унутраных пытанняў, неабходна будзе ўзмацніць дзейнасць на міжнароднай арэне, развіваць сувязі з парламентамі блізкіх і далёкіх краін.
У ходзе першага арганізацыйнага пасяджэння сесіі адбылося выбранне Пастаянных камісій Савета Рэспублікі і іх старшынь.
Старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве абраны Сяргей Сівец.
Старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах абрана Таццяна Рунец.
Старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці абраны Віктар Лісковіч.
Старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.
Старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы абраны Сяргей Рачкоў.
Леанід ТУГАРЫН
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] http://zviazda.by/be/news/20191206/1575635316-senatary-vybrali-natallyu-kachanavu-starshynyoy-saveta-respubliki
[5] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-isachanka
[7] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki-nacyyanalnaga-shodu