Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці сумесна з пракуратурай вобласці і абласной інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету правялі кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы і выявілі, што 11 лясгасаў Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання "падмалявалі" справаздачныя дадзеныя аб выніках лесааднаўлення. Пра гэта паведамілі ў КДК [1].
У 11 лясгасах устаноўлены факты неабгрунтаванага пераводу ў 2018 годзе ўчасткаў лясных культур і натуральнага аднаўлення лясоў у катэгорыю каштоўных лясных насаджэнняў агульнай плошчай каля 150 га. Камісіі лясгасаў пры дакументальным афармленні пераводу дадзеных участкаў "не заўважылі", што дрэвы там не дасягнулі нарматываў па колькасці і вышыні, а на асобных участках лесу наогул амаль не было.
Напрыклад, у Веткаўскім спецлясгасе неабгрунтавана перавялі ў катэгорыю каштоўных лясных насаджэнняў больш за 80 га лясных культур, у тым ліку каля 40 га без лесу.
Такая "няўважлівасць" камісій пацягнула незаслужанае прэміраванне работнікаў трох лясгасаў на суму каля Br100 тыс.
У той жа час варта адзначыць, што лесагаспадарчыя ўстановы Гомельскай вобласці ўносяць значны ўклад у выкананне дзяржпраграмы "Беларускі лес" на 2016-2020 гады, у тым ліку па павышэнні прадукцыйнасці лясоў, аптымізацыі іх пароднай і ўзроставай структуры.
Спасылкі
[1] http://www.kgk.gov.by/ru/news-press-center-ru/view/bolee-100-dolzhnostnyx-lits-lesxozov-i-gomelskogo-gplxo-privlecheny-k-distsiplinarnoj-otvetstvennosti-za-110306/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kdk
[3] https://zviazda.by/be/tags/kamitet-dzyarzhkantrolyu-gomelskay-voblasci