У інтэрнэт-прасторы з’явіўся [4] першы беларускамоўны падкаст для падлеткаў. Яго стваральнікі прапануюць школьнікам цікавы інфармацыйна-адукацыйны кантэнт, які можа дапамагчы ім атрымаць дадатковыя веды ад аўтарытэтных экспертаў: лекцыі, гутаркі, інтэрв’ю, майстар-класы ў аўдыёфармаце.
Запланавана адмысловая серыя такіх выпускаў. Працягласць кожнага запісу — каля 20 хвілін. За гэты час прафесіяналы з розных сфер дзейнасці ў гутарцы з вядучым падкаста Дзмітрыем Смірновым на ўласным прыкладзе распавядуць пра тое, наколькі важна валодаць аратарскім майстэрствам, каб увасобіць у жыццё свае ідэі. У якасці гасцей будуць запрашацца цікавыя асобы — вядомыя спецыялісты ў сферы экалогіі, культуры, інклюзіі, тэхналогій аратарскага майстэрства.
У першым падкасце Ірына Дубовік — CEO,ProjectMarketing, саветнік па развіцці бізнесу Intetics, сузаснавальніца акселератара StartUpON — распавядае, як пераадолець страх публічных выступленняў, данесці сваю задуму да аўдыторыі і захапіць слухачоў, якіх памылак варта пазбягаць і як рэагаваць на пытанні з залы.
Больш падрабязна пра майстэрства публічнай прэзентацыі сваіх ідэй Дзмітрый Смірноў і Ірына Дубовік распавядуць на варкшопе, які адбудзецца 7 снежня ў кінатэатры VOKACINEMA.
Першы беларускамоўны падкаст для падлеткаў выйшаў у рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Конкурс стартаваў 8 кастрычніка, і на дадзены момант працягваецца збор заявак на сайце [5]. У першапачатковай анкеце трэба сфармуляваць сваю ідэю і коратка расказаць пра яе. Падаваць заяўкі могуць навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Праект «Першыя» цалкам рэалізуецца на беларускай мове. На роднай мове будуць праводзіцца ўсе майстар-класы і публічныя выступленні фіналістаў, бо адна з мэт гэтай ініцыятывы — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TЕD.
Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю ў адным з чатырох кірункаў — экалогія, культура, інклюзія ці тэхналогіі. Патрабаванне да конкурсных прапаноў толькі адно — яны мусяць змяняць навакольны свет і жыццё да лепшага. Для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз — iPhoneXs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] http://https://anchor.fm/generationa1/episodes/ep-e970k2
[5] https://generation.a1.by/
[6] https://zviazda.by/be/tags/pershyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/a1
[8] https://zviazda.by/be/tags/padkast
[9] https://zviazda.by/be/tags/padletki