У Брэсцкім тэатры лялек адбыўся перадпрэм'ерны паказ спектакля "Падарожжа "Блакітнай стралы", пастаўленага паводле аднайменнай казкі вядомага італьянскага пісьменніка Джані Радары, паведаміў [1] БЕЛТА мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч культуры Міхаіл Шавель.
Навагодні спектакль для дзяцей паставіў адзін з вядучых маладых тэатральных рэжысёраў краіны Ігар Казакоў. Гэта яго першы вопыт супрацоўніцтва з брэсцкімі лялечнікамі і першая работа на сцэне новага тэатра. "Сцэна ў нас вялікая - прыкладна 10 м, асвоіць такую прастору, прыгожа абжыць яе не так проста. На мой погляд, рэжысёр з гэтай задачай справіўся з поспехам і вельмі таленавіта. Спектакль пастаўлены вельмі цікава, думаю, ён будзе прыцягваць увагу гледачоў", - адзначыў мастацкі кіраўнік.
Спектакль-прыгода аб калядным чароўным падарожжы цацачнага поезда "Блакітная страла" і яго лялечных пасажыраў - гэта павучальная гісторыя аб справядлівасці, самаахвярнасці, сталенні і сапраўдным сяброўстве. Казачная аповесць Джані Радары расказвае аб цацках, якія ўцякаюць з магазіна Феі, каб зрабіць свята тым дзецям, бацькі якіх не могуць падарыць ім навагоднія падарункі. Галоўная ідэя апавядання заключаецца ў тым, што дабрыня, бескарыслівасць і самаахвярнасць здольны тварыць цуды. Спектакль вучыць гледачоў не праходзіць міма чужых пакут і болю, быць чулымі і міласэрнымі, ісці да запаветнай мэты, пераадольваючы перашкоды і нягоды.
Арыгінальныя касцюмы для персанажаў пастаноўкі распрацавала мастак Вольга Дваравая, музыку - кампазітар Уладзімір Бабкоў. Спектакль ідзе на рускай мове, 60 мінут і разлічаны на гледачоў ад 5 гадоў і старэйшых.
Прэм'ера запланавана на 18 снежня. "Падарожжа "Блакітнай стралы" будуць ставіць у вялікай зале Брэсцкага тэатра лялек двойчы на дзень, у 11.00 і 14.00, аж да 31 снежня. У апошні дзень года спектакль пакажуць у 11.00. У наступным годзе заслужаны калектыў Беларусі мае намер прадоўжыць супрацоўніцтва з рэжысёрам.
Прэв'ю: bel.cultreg.ru
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/brestskija-ljalechniki-padryhtavali-premeru-navagodnjaj-kazki-padarozhzha-blakitnaj-straly-83494-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/lyalechny-teatr
[3] https://zviazda.by/be/tags/brest
[4] https://zviazda.by/be/tags/spektakl