Цікавае пытанне мы атрымалі ад Ганны і Сяргея К. з Ельска Гомельскай вобласці. Яны пішуць: «2 лютага споўніцца 50 гадоў нашага сумеснага жыцця. Дзеці настойваюць, каб мы адзначылі залаты юбілей з размахам і абавязкова павянчаліся. Мы сумняваемся: ці трэба гэта рабіць, што гэта дасць, пражылі ж мы і так ладны век?»
Сталася так, што толькі «круглыя» даты мы называем юбілеем, а астатнія маюць простую парадкавую нумарацыю, у той час як амаль кожны новы год існавання сям'і атрымаў сваю персаніфікаваную назву: палатнянае, драўлянае, сярэбранае, залатое, рубінавае... вяселле. Аднак і ў гэтым карагодзе свят былі свае адметнасці, дамінанты, абрадава маркіраваныя акцэнты. Асаблівай павагай карысталіся вясельныя юбілеі — дваццаціпяцігоддзе (пры гэтым заўважым, што ў асабістым жыцці чалавека 25-годдзе не вылучалася асобай павагай) — сярэбраны юбілей, пяцідзесяцігоддзе — залатое вяселле. У славянскай і найперш у беларускай народнай культуры самым галоўным лічыўся залаты юбілей у жыцці сямейнай пары.
Як правіла, залатыя юбіляры перадавалі свае заручальныя пярсцёнкі якой-небудзь навастворанай пары (сваім унукам або праўнукам) як сімвал даўгавечнасці, згоды, узаемаразумення. У сваю чаргу, маладая пара павінна была купіць новыя пярсцёнкі і падарыць іх бабулі і дзеду. Звычайна не раілі ў адной і той жа сям'і спраўляць у адзін год два вяселлі, а вось у выпадку залатога юбілею лічылася вельмі пажаданым прымеркаваць шлюб маладой пары да залатога вяселля патрыярхаў свайго роду.
Таму, шаноўныя юбіляры, безумоўна, святкаваць залатое вяселле пажадана ўсім вашым родам, як сказалі — «з размахам». Было б вельмі хораша, калі б да святкавання гэтай падзеі далучыліся б мясцовыя органы ўлады, каб у загсе адбылася ганаровая рэгістрацыя залатога вяселля, прычым паралельна з імянарачэннем чыйго-небудзь паблізу па часе народжанага дзіцяці.
А што датычыцца абраду царкоўнага вянчання, то адзіна правільнае рашэнне могуць прыняць толькі самі юбіляры. Пазіцыя дзяцей павінна быць толькі кансультатыўнай, але не вырашальна-прымусовай. Тут ёсць адзін нюанс. Пазіцыя царкоўных іерархаў на гэты конт вядомая: усе невянчаныя шлюбы — грэшныя, як і дзеці, якія нарадзіліся ад гэтага шлюбу. Залатое вяселле нічога не зменіць у справе гарманізацыі адносін паміж юбілярамі. Мы — дзеці свайго часу, і наўрад ці трэба гуляць у сучасныя навамодныя гульні. Няхай нашы ўнукі выпраўляюць становішча і шукаюць адпаведнае духоўнае апірышча свайму шлюбнаму саюзу. Але пакуль што мы пастаянна сутыкаемся з цікавым парадоксам. Пасляваенныя пары, які не тое што не вянчаліся, але і вяселля нармальнага не ладзілі, — жывуць па 50 гадоў і болей, гадуючы па 15—20 унукаў. А сучасныя пары ездзяць на багатых лімузінах, ладзяць вяселлі ў прэстыжных рэстаранах, вянчаюцца (назаўтра пасля добрага падпітку, не кажучы пра тое, што першая шлюбная ноч нават і не помніцца, калі была) у незразумелым адзенні, аднак, на жаль, палова з іх хутка распадаецца. Таму яшчэ раз: вянчанне — падзея адказная, знакавая, будзе яно ці не — вырашаць у кожным выпадку самім маладым або сталага веку юбілярам.
І, як вымушае традыцыя, ад шчырага сэрца жадаем добрага здароўя, лёгкасці ў ногі, яснасці розуму, радасці ў дзецях і рэалізацыі спадзяванняў — ва ўнуках і праўнуках. Пажаданне — не віншаванне, якое загадзя рабіць нельга.
Аксана КАТОВІЧ
Янка КРУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-katovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/spytayce-pra-radzinnae
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyaselle
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzh-i-zhonka