Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Сербію.
Першапачаткова планавалася, што самалёт кіраўніка дзяржавы ў паветранай прасторы Сербіі будзе суправаджаць эскорт з трох знішчальнікаў МіГ-29. Такія ўшанаванні тут дастаюцца не ўсім, а толькі найбольш жаданым гасцям. У пачатку года, напрыклад, падобным чынам у Бялградзе сустракалі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Аднак у самы апошні момант з-за дрэнных умоў надвор'я паветраны эскорт быў адменены. Беларускі борт нумар адзін суправаджаў знішчальнік, які ляцеў ззаду самалёта на адлегласці 5 км: ваеннае судна не магло падляцець бліжэй з-за меркаванняў бяспекі.
Нягледзячы на дождж, у аэрапорт сустракаць Аляксандра Лукашэнку прыехаў Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Ён прывітаў беларускага калегу ля трапа самалёта, потым кіраўнікі дзяржаў з'ехалі да мемарыяльнага комплексу ў гонар вызваліцеляў Белграда. Мемарыял быў адкрыты ў кастрычніку 1954 году да 10-годдзя вызвалення горада. У брацкіх магілах спачываюць астанкі больш за 1,3 тыс. воінаў і партызан Народна-вызваленчай арміі Югаславіі, а таксама 711 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў час Белградскай аперацыі 1944 года. Сярод іх ёсць і выхадцы з Беларусі. Усяго ў баях за горад ўпалі амаль 3 тыс. югаслаўскіх і каля 1 тыс. савецкіх воінаў.
Прэзідэнт Беларусі ўсклаў вянок да манумента і пакінуў запіс у памятнай кнізе.
«У год святкавання 75-й гадавiны вызвалення Беларусi i Сербii ад фашысцкiх захопнiкаў мы нізка схіляем галовы перад подзвігам герояў, аддаўшых свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашых краін, за мірную будучыню дзеля нашчадкаў. Шчыра дзякуем сербскім сябрам за руплівае захаванне памяці аб слаўных сынах беларускай зямлі, якія загінулі, вызваляючы Сербію ў гады Другой сусветнай вайны», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У Бялградзе кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё палітычнага дыялогу і эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі. «Асаблівую ўвагу прэзідэнты нададуць перспектывам павелічэння тавараабароту, ініцыятывам па стварэнню сумесных вытворчасцей і запуску ўзаемных інвестыцыйных праектаў. Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяркуюць рэгіянальную і сусветную павестку, супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках», - паведамілі раней у прэс-службе беларускага лідара.
Праграмай візіту Аляксандра Лукашэнкі прадугледжана яго сустрэча са старшынёй Народнай скупшчыны Сербіі Маяй Гойкавіч і дэпутатамі вышэйшага заканадаўчага і канстытуцыйнага органа краіны.
У Бялградзе 3 снежня таксама пройдзе беларуска-сербскі бізнес-форум. Дзелавыя колы абмяркуюць магчымасці супрацоўніцтва ў сферах прамысловай вытворчасці і машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, вытворчасці прадуктаў харчавання, фармацэўтыкі, лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі і іншых галінах. Чакаецца, што падчас бізнес-форуму будуць падпісаныя кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі прыкладна на $100 млн.
Па матэрыялах БелТА [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-pribyl-v-belgrad-371393-2019/
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-vuchych
[7] https://zviazda.by/be/tags/serbiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/peramovy