У Мінску праходзяць пятыя Беларускія Калядныя чытанні. У межах іх праводзяцца канферэнцыі, круглыя сталы, адзначаюцца найлепшыя педагогі і калектывы, якія прапанавалі новыя падыходы, праграмы, звязаныя з выхаваннем падрастаючага пакалення, узнагароджваюцца пераможцы штогадовага рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
Мерапрыемства арганізоўвае Беларуская Праваслаўная Царква пры падтрымцы міністэрстваў культуры, аховы здароўя, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і Нацыянальнай акадэміі навук. Тэма пятых духоўных Калядных сустрэч — «Вялікая Перамога — спадчына і спадчыннікі».
«Сёлета чытанні праходзяць паміж дзвюма знакавымі юбілейнымі датамі для нашага народа — 75-годдзямі вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі. Натуральна, гэта прымушае нас задумацца пра тую гістарычную падзею, якую перажылі нашы дзяды-прадзеды, пра спадчыну, якую яны нам пакінулі, і як мы яе зберагаем», — адзначыў старшыня аргкамітэта Беларускіх Калядных чытанняў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.
Падчас форуму прагучаць даклады, звязаныя не толькі з ваеннай гісторыяй і аналізам таго, дзякуючы чаму была дасягнута Перамога і як гэтыя падзеі паўплывалі на беларусаў. Канферэнцыі і круглыя сталы прысвечаны розным тэмам: царкоўнай і свецкай гісторыі, сямейным каштоўнасцям, педагогіцы, маладзёжнай палітыцы, ахове здароўя і іншым.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Прэв'ю: babruysk.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-kalyadnyya-chytanni