З першага снежня кіроўцы павінны «пераабуць» свае аўтамабілі ў зімовыя шыны. Пра гэта нагадала старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху УДАІ МУС Ганна БАНАДЫК.
— Зімовыя шыны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку. Пры іх куплі неабходна звяртаць увагу на маркіроўку. Патрэбны прамаркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры ці знакамі М і S, — паведаміла яна.
Інспектар адзначыла, што з першага снежня да першага сакавіка за ўдзел у дарожным руху транспарту на летніх шынах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — папярэджанне або штраф да 0,5 базавай велічыні. Таксама забаронены выезд на дарогу машын са зношаным пратэктарам, вышыня малюнка якога складае менш за чатыры міліметры. Такое парушэнне цягне папярэджанне або штраф у памеры да адной базавай велічыні.
Як стала вядома, у Правілах дарожнага руху ў частцы пераходу пешаходамі праезнай часткі абмяркоўваюцца змены. Падстава для іх — павелічэнне колькасці наездаў на пешаходаў у зімовы перыяд.
— У краіне толькі ў лістападзе ў дарожна-транспартных здарэннях атрымалі траўмы 263 чалавекі, 45 загінулі, большасць з іх — пешаходы. Таму трэба мець на ўвазе, што пры пэўных умовах надвор'я аўтамабілі не могуць затармазіць своечасова, асабліва на ажыўленай трасе, паблізу пешаходаў, на скрыжаваннях, дзе ад частага набору хуткасці і тармажэння ўтвараецца галалёд. Важна нават на рэгуляваных пешаходных пераходах пераконвацца, што транспарт паспеў спыніцца. Дарэчы, варта паклапаціцца і пра надзейную абарону ад траўмаў і здарэнняў, — пра флікеры, — нагадала Ганна Банадык.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[4] https://zviazda.by/be/tags/zimovyya-shyny