26 лістапада аматары мастацтва сабраліся ў выставачнай зале LIBRA, каб падзівіцца на працы вялікага іспанскага і французскага творцы Пабла Пікаса.
Як распавёў куратар выставы Дзяніс Барсукоў, 61 аўтарская літаграфія з прыватных калекцый Германіі, Францыі, Бельгіі прадстаўлена для прагляду. Нягледзячы на невялікую залу, арганізатары здолелі размясціць іх у патрэбным парадку, па «параграфам жыцця», стараючыся адлюстраваць амаль увесь творчы шлях Пабла Пікаса.
Тут можна вывучыць ранні перыяд, калі мастак працаваў у жанры імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. На карцінах — яркае і рамантычнае жыццё двух гарадоў, Барселоны і Парыжа, у якіх жыў і тварыў мастак.
Серыя прываблівае закаханых, якія сярод карцін могуць знайсці і сябе. На фота пара паўтарае знакаміты твор (на заднім плане).
Побач прадстаўлены і «блакітны» перыяд Пікаса, напоўнены горам, пачуццём адзіноты і тугі па сябру Карласу Касагемасу, які скончыў жыццё самагубствам. Карціны прыцягваюць увагу глыбокімі шэрымі, зялёнымі, сінімі колерамі. Цяпер у творчасці часта сустракаюцца выявы адзінокіх жанчын і мужчын, маці з дзецьмі, вар’ятаў, старых.
Дзяніс Барсукоў адзначыў, што менавіта гэта серыя адлюстроўвае, што Пікаса мог пісаць як Рафаэль. А вось маляваць, як дзеці, вучыўся ўсё жыццё (так казаў сам мастак).
Вядома, што знакаміты іспанец быў донжуанам. Ён любіў жанчын, а яны маглі пайсці дзеля яго на ўсё (некаторыя нават на самагубства). Незлічоная колькасць карцін прысвечана цудоўным каханкам. На карцінах можна ўбачыць як прывабныя твары, так і дзіўныя сюррэалістычныя зломы, якія толькі нагадваюць чалавека.
Пабла мог маляваць, як усе. Аднак менавіта незразумелыя, дзіўныя карціны прынеслі яму славу і багацце. На малюнкі, створаныя ў кірунку кубізму і сюррэалізму, здаецца, можна глядзець бясконца, імкнучыся разгадаць таямнічы сэнс геаметрыі.
Знайсці на экспазіцыі можна і эскізы да самага знакамітага манументальнага палатна «Герніка». З ёй звязана балючая гісторыя. Вострая сацыяльна-палітычная карціна адлюстроўвае напад фашысцкай авіяцыі на іспанскае мястэчка Герніка ў 1937 годзе. Падзея не магла не ўразіць Пікаса, таму за 30 дзён ён напісаў безліч эскізаў і прапрацаваў усе дэталі .У 1940 годзе, праз некаторы час пасля ўступлення нямецкіх войскаў у Парыж, да Пабла Пікаса прыйшлі з гестапа. На стале мастака знаходзіліся паштоўкі з рэпрадукцыяй «Герніка». «Гэта вы зрабілі?» — спыталі немцы ў творцы. «Не, — адказаў ён, — гэта зрабілі вы!» - адказаў іспанец.
Прываблівае наведвальнікаў і позняя пасляваенная творчасць мастака, якая прадстаўлена серыяй «Торас і Тарэрас». У той перыяд мастак захапляўся карыдай, боем быкоў.
Напрыканцы жыцця Пікаса стаў займацца і керамікай. Каля 20 яго прац былі прадастаўлены Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, якія падаравала Надзея Хадасевіч-Лежэ. Менавіта да гэтых вырабаў прыклаў руку сам майстар. Кошт некаторых ваз складае 70 тыс. долараў, блюд — 50 тыс. долараў. Уся калекцыя ацэньваецца амаль у 300 тыс. долараў.
Адметна, што прыемнымі суседзямі да твораў Пабла Пікаса сталі працы беларускіх майстроў — Паўла Вайніцкага, Міхаіла Інькова, Дзмітрыя Аганава, Аляксандра Сакалова, Алены Цыбульскай. На іх творчасць і мысленне калісьці паўплываў выбітны дзеяч мастацтва. «Наведвальнікі на ўласныя вочы могуць ўпэўніцца, што беларускія майстры нічым не ўступаюць замежным» - адзначылі арганізатары.
Выстава будзе працаваць да 26 студзеня ў выставачнай зале LIBRA (пр-т Незалежнасці, 37).
Пабла Пікаса — іспанскі жывапісец, заснавальнік накірунку, які крытыкі назвалі «кубізм», а таксама скульптар, графік, тэатральны мастак, кераміст і дызайнер. Яго называюць адным з самых знакамітых мастакоў, які вызначыў характар і шляхі развіцця сусветнага мастацтва ХХ стагоддзя.
Цікавыя факты:
Юлія АДАМОВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/pabla-pikasa
[5] https://zviazda.by/be/tags/pikaso
[6] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[7] https://zviazda.by/be/tags/litagrafiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/keramika
[9] https://zviazda.by/be/tags/mastak