Шматлікія аматары архідэй ведаюць, што кветка, якая нармальна развіваецца, часта тармозіць сваё цвіценне. У чым жа справа і як гэта можна выправіць?
У прыродзе архідэя атрымлівае ўсе неабходныя рэчывы з дажджавой вадой. Дома мы не можам стварыць для кветкі ўмовы, якія будуць цалкам адпавядаць прыродным. Але ёсць адна хітрасць, дзякуючы якой можна дапамагчы архідэі і прымусіць яе багата цвісці.
Гэтая хітрасць не прыносіць расліне ніякай шкоды, а толькі ўзнаўляе прыродныя ўмовы для цвіцення. Гаворка ідзе пра часночны «пачастунак». Ён паляпшае агульны стан каранёвай сістэмы і знішчае шкодныя для кветкі бактэрыі.
Для прыгатавання неабходна пяць буйных зубчыкаў часнаку або шэсць-сем невялікіх, два кубкі ці крыху больш вады, палова таблеткі бурштынавай кіслаты. Трэба растварыць кіслату ў гарачай вадзе, выціснуць туды ж часночны сок і ў шкляной ёмістасці даць настояцца суткі.
Як правільна паліваць такім настоем архідэі?
Ставім вазон з архідэяй у шырокую ёмістасць з вадой, каб ён быў амаль цалкам пакрыты вадкасцю, туды дадаём нашу часночную падкормку. Так пакідаем на пару гадзін. Затым дастаём гаршчок з архідэяй і ставім на звычайнае месца. І ўжо праз месяц любуемся багатым цвіценнем.
Настоем, які застанецца, можна паліць іншыя пакаёвыя расліны. Частаваць такой смакатой архідэі і іншыя кветкі можна не часцей чым раз у тры месяцы.
Ірына ТАМКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/arhideya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kvetki
[5] https://zviazda.by/be/tags/daglyad