Абласное свята харэаграфічнага мастацтва імя народнага артыста БССР А.А.Рыбальчанкі пройдзе 23 і 29 лістапада ў Светлагорску і Гомелі, паведамілі [1] БЕЛТА ў рэгіянальным цэнтры народнай творчасці.
Сваю творчасць прадставяць больш за 50 харэаграфічных калектываў са званнем "народны" і "ўзорны" з розных куткоў Гомельскай вобласці. Многія з іх - лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Першы дзень фестывалю прыме Светлагорскі цэнтр культуры. Свае нумары на сцэне прадставяць калектывы з 11 раёнаў вобласці. У другі дзень канкурсанты з іншых раёнаў прадэманструюць свой узровень у Гарадскім цэнтры культуры ў Гомелі.
Прафесійнае журы будзе ацэньваць выканальніцкае майстэрства і сцэнічную культуру, арыгінальнае кампазіцыйнае рашэнне балетмайстарскіх работ, заснаваных на рэгіянальных харэаграфічных традыцыях. Пераможцаў назавуць у трох намінацыях: народна-сцэнічны танец, эстрадны танец, сучасная харэаграфія. Калектыў, які прадставіў, паводле ацэнкі журы, самы яркі і незабыўны нумар, будзе ўдастоены Гран-пры конкурсу.
Фестываль харэаграфічнага мастацтва імя народнага артыста БССР Аляксандра Рыбальчанкі даўно атрымаў статус рэгіянальнага свята. Ён праводзіцца па ініцыятыве ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама і абласнога цэнтра народнай творчасці раз у тры гады з 2004 года.
Народны артыст БССР А.А.Рыбальчанка ў 1960 годзе пры Палацы культуры і тэхнікі чыгуначнікаў імя У.І.Леніна стварыў першы ў Гомелі народны ансамбль песні і танца. Сучасны фестываль, прысвечаны памяці народнага артыста, садзейнічае папулярызацыі творчасці харэаграфічных калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны", іх росту і папаўненню рэпертуару.
Прэв'ю: trofei.by
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/narodnyja-suchasnyja-i-estradnyja-tantsy-pradstavjats-kankursanty-na-festyvali-u-gomelskaj-voblastsi-83181-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/tancy
[3] https://zviazda.by/be/tags/hareagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc