Два выдатных выканаўцы з Румыніі, скрыпач Габрыэль Краітору і піяніст Хорыа Міхаіл выступілі ў вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Адметнасць гэтага ў тым, што аматары класікі пачулі гучанне ўнікальнай скрыпкі, якая была выраблена легендарным італьянскім майстрам Гварнеры ў 1731 годзе. Такіх скрыпак у свеце засталося не шмат. Варта прыгадаць, што самая каштоўная з іх захоўваецца ў музеі Генуі і застрахаваная на тры мільёны еўра.
Габрыэль Краітору сёння з’яўляецца адзіным, каму дазволена іграць на гэтай скрыпцы. Такое права ён атрымаў адзінаццаць гадоў таму – гэта была ўзнагарода, прысуджаная яму за бліскучае выступленне на нацыянальным конкурсе, арганізаваным міністэрствам культуры Румыніі і Нацыянальным музеем імя Д. Энеску. Дарэчы, зорка сусветнай велічыні кампазітар і дырыжор Джоржэ Энеску ў мінулым стагоддзі сам іграў на гэтым унікальным інструменце.
Канцэрт прыцягнуў увагу слухачоў яшчэ і таму, што партыю фартэпіяна выконваў адзін з самых вядомых піяністаў сучаснасці Хорыа Міхаіл. Маэстра іграў на інструменце сусветна вядомай маркі “Steinway & Sons”, які знаходзіцца на сцэне беларускай філармоніі.
У зале прагучалі бессмяротныя творы сусветнай класікі. Выступленне было арганізаванае пры падтрымцы Пасольства Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь, нацыянальнага радыё і нацыянальнага музея імя Д. Энеску.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/skrypka-gvarnery
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/kancert
[7] https://zviazda.by/be/tags/gabryel-kraitoru
[8] https://zviazda.by/be/tags/horia-mihail