Міратворчая рота 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады па праве лічыцца адным з самых элітных падраздзяленняў Узброеных Сіл нашай краіны. Вайскоўцы роты пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных вучэннях і трэніроўках. Праграма баявой падрыхтоўкі беларускай міратворчай роты пастаянна ўдасканальваецца з улікам досведу, атрыманага падчас шматнацыянальных міратворчых вучэнняў, навучання ваеннаслужачых роты ў міратворчых цэнтрах Швейцарыі, Германіі, Венгрыі, Турцыі, Польшчы і іншых краін.
Напрыканцы кастрычніка беларускія міратворцы вярнуліся з Таджыкістана, дзе прынялі ўдзел у вучэнні Калектыўных міратворчых сіл АДКБ «Непарушнае братэрства-2019». У актыве саюзнікаў - дзясяткі сумесных трэнінгаў, а таму да міратворчай аперацыі яны прыступаюць у складзе зводных узводаў без дадатковых заняткаў.
У манеўрах міратворцаў у горна-пустыннай мясцовасці на палігоне Харбмайдон, што за 20 кіламетраў ад мяжы з Афганістанам, былі прадстаўленыя міратворчыя падраздзяленні шасці краін-удзельніц АДКБ: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Усяго на вучэнні ў гэтым годзе было задзейнічана звыш за 3500 чалавек асабовага складу і парадку 600 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку ваенная авіяцыя.
Міратворчыя сілы АДКБ ўключыліся ў маштабную трэніроўку пасля таго, як на палігоне Харбмайдон была праведзена контртэрарыстычная аперацыя. І вось цяпер, калі саюзнікі разграмілі буйныя бандфарміраванні, блакітным каскам неабходна стабілізаваць сітуацыю, наладзіць спакойнае жыццё мірных жыхароў.
Негатыўная абстаноўка ў Афганістане, звязаная з узрослай дзейнасцю тэрарыстычных груповак «Талібан» і «Ісламская дзяржава», вызначыла актуальнасць і месца правядзення дадзеных вучэнняў. Таму калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ правялі аперацыю па падтрыманні міру ў Цэнтральна-азіяцкім рэгіёне калектыўнай бяспекі.
Адным з галоўных эпізодаў міратворчага этапа вучэння стала адбіццё блакітнымі каскамі АДКБ нападу бандфармаванняў на кантрольна-прапускны пункт лагера бежанцаў.
Выявіўшы ўдарны беспілотны лятальны апарат суперніка, станцыі «Лясочак» блакавалі канал кіравання ім, а разлік ЗУ-23 знішчыў гэтую паветраную цэль. Затым КПП лагера бежанцаў абстралялі з мінамётаў з боку незаконных узброеных фарміраванняў. Вайскоўцы пад прыкрыццём пары верталётаў Мі-24 нанеслі ўдары па праціўніку. Для ўтрымання наступу праціўніка міратворцы вялі агонь з буйнакаліберных кулямётаў, узбраення бронетранспарцёраў БТР-82А, зенітных установак ЗУ-23.
На заканчэнне баявога розыгрышу міратворчыя сілы вызвалілі населены пункт, які быў захоплены ўмоўнымі тэрарыстамі. Міратворчыя падраздзяленні блакавалі населены пункт, утварыўшы кальцо і не дазваляючы суперніку пакінуць раён. Кіраўніцтвам групоўкі войскаў было прынята рашэнне пачаць перамовы, але праціўнік праігнараваў заклікі.
Пад прыкрыццём бронетранспарцёраў групы спецназа правялі штурм будынкаў, у якіх занялі абарону баевікі. Пасля вызвалення ў пасёлак прыбылі прадстаўнікі Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, якія раздалі мірнаму насельніцтву прадукты харчавання, ваду, медыкаменты, рэчы.
Для дастаўкі гуманітарнага грузу ўцекачам ў сяло рушыла калона міратворчых сіл пад абаронай бронетранспарцёраў БТР-82А і верталётаў Мі-24. У ходзе руху на калону напалі дыверсанты. Разлікі ЗП-23 засяроджаным агнём знішчылі аўтамабілі суперніка, для ўзмацнення сем транспартна-баявых верталётаў Мі-8 высадзілі дэсант. Канчатковы ўдар па тэхніцы ўмоўных тэрарыстаў нанесла звяно штурмавікоў Су-25.
Кіраўніцтва вучэнняў высока ацанілі дзеянні ўсяго міратворчага кантынгенту краін-удзельніц АДКБ.
Начальнік Аб'яднанага штаба Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы генерал-палкоўнік Анатоль Сідараў адзначыў:
- Тэма міратворчасці, з аднаго боку, здаецца простай. Сілы і сродкі, цяжкае ўзбраенне выкарыстоўваюцца ў меншай ступені. Разам з тым яна мае шэраг вельмі сур'ёзных асаблівасцяў, і перш за ўсё гэта выкананне нормаў міжнароднага права. Самае галоўнае, ёсць упэўненасць, што, калі заўтра спатрэбіцца, у любым месцы нашы падраздзяленні здольныя ўпэўнена выконваць міратворчыя аперацыі.
- Хачу адзначыць, што беларускае міратворчае падраздзяленне было прадстаўлена на ўсіх асноўных значных эпізодах , - заявіў намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый нашых Узброеных Сіл палкоўнік Уладзімір Белы. - Так, нам даверылі дзеянні на КПП, мы ўдзельнічалі ў ажыццяўленні інжынернай разведкі і ў ахове калоны інжынернага дазору, нашы вайскоўцы блакавалі населены пункт, утрымліваючы незаконнае ўзброенае фармаванне, і непасрэдна ў штурмавых групах, якія яго знішчалі. У цэлым, я лічу, вучэнне прайшло выдатна. Яно стала добрай праверкай зладжанасці ўсіх падраздзяленняў у складзе шматнацыянальных сіл. І, вядома, дапамагло ўмацаваць баявое братэрства і сяброўства паміж нашымі падраздзяленнямі.
У наступным годзе інтэнсіўнасць трэніровак сілавой кампаненты АДКБ зніжана не будзе. Прычым вучэнне міратворцаў «Непарушнае братэрства-2020» прыме Беларусь.
Даведка
У 2004 годзе наша краіна ўпершыню заявіла пра намер стварыць уласны міратворчы вайсковы кантынгент. А ўжо ў 2005-м была сфарміравана міратворчая рота ў складзе 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. У цяперашні час гэта маладое падраздзяленне беларускіх Узброеных Сіл дыслакуецца ў Віцебску на базе 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. І хоць вопыту ўдзелу ў міжнародных міратворчых місіях пакуль няма, па ўзроўні сваёй падрыхтоўкі нашы вайскоўцы нічым не саступаюць сваім замежным калегам.
Алег Некала
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[3] https://zviazda.by/be/tags/armiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/miratvorcy