«Дождж расчыняў акно...»
Настраёвасць рамана Вітаўта Чаропкі «Паўшыя анёлы», што адкрывае кастрычніцкае «Полымя» [3], вельмі гарманіруе з меланхалічна-восеньскімі адчуваннямі: галоўны герой, дасягнуўшы сталасці (адзначыў трыццаты дзень нараджэння), перажывае творчы і ўзроставы крызіс. Вабіла мара дасягнуць нябачаных дагэтуль вышынь у мастацтве, раскрыць на палотнах незвычайны сусвет сваёй душы, былі імпэт і натхненне, а засталося пахмелле, жыццёвая неўладкаванасць, адзінота і безграшоўе... Ёсць у творы і элементы сюррэалістычнага, спробы паглыблення ў падсвядомасць. Створаная пісьменнікам рэальнасць не падпарадкоўваецца законам простай абывацельскай логікі, не задумваецца, што магчыма, а што — не, яна існуе, адпавядаючы ўяўленням творцы аб найвышэйшай справядлівасці. Лагічна завершаныя невялікія апавяданні, з якіх складаецца раман, маюць інтрыгоўныя, часам афарыстычныя назвы: «Чорт ведае што, калі не ведаеш што», «Будучыя людзі — гэта яшчэ не людзі», «Аўтар без героя», «Фантомы саміх сябе» ды іншыя. Твор варты таго, каб азнаёміцца з ім: аўтар, як і яго герой, — мастак. Ён распавядае пра тое, што прайшоў на ўласным досведзе.
Другі аўтар, чыя проза прадстаўлена на старонках выдання, — Алесь Кажадуб. Мова яго апавяданняў («Як я зрабіўся пісьменнікам» і «Гурыі ў Галіцыне») надзвычай яскравая і жывая, і гэта пры тым, што пісьменнік, як пазначана ў даведцы пра яго, з 1990 года жыве ў Маскве... Расповеды — таксама з рэальнага жыцця. Гэта гісторыі, якія маглі здарыцца з кожным. Напрыклад, таксіст-гастарбайтар, едучы па навігатары, прыехаў кудысьці не туды: «...Я стаяў на вуліцы, дзе на адных з варот вісела шыльда з назваю “Барадзінская”. І ў той жа час Барадзінскай яна не была, таму што на ёй не было бачна Проліна. Між іншым, галіцынскага абарыгена.
“Можа быць, менавіта вось гэтак вар’яцеюць? — зноў вылезла маё другое «я». — У газетах часта пішуць пра старых, якія згубіліся”.
“Па-першае, я яшчэ не стары, — запярэчыў я, — а па-другое, не твая сабачая справа. Сядзі і маўчы”.
“Ну-ну, — гмыкнуў субяседнік. — Барадзінскую ўжо знайшоў, цяпер шукай праспект Рэвалюцыі”.
— І гэта я яшчэ не піў! — услых здзівіўся я».
Аўтары, якія выступілі на старонках выдання з паэзіяй, традыцыйныя і па тэмах, і па сродках выяўлення: Мікола Маляўка з падборкай «Звёны радаводу», Валянціна Гіруць-Русакевіч з нізкай вершаў «Слязінка Бога» і Мікалай Намеснікаў з творамі, перастворанымі з рускай мовы на беларускую Міколам Шабовічам — «Хвіліны прымрояцца вечнасцю». Для першага з аўтараў характэрнае найглыбейшае пранікненне ў сутнасныя асновы таго, што складае паняцце Радзімы (родны кут, дзе зрабіў першыя крокі, продкі і гістарычны шлях як наканаванне). Паняцце гуманізму для Міколы Маляўкі вызначальнае... Радкі Валянціны Гіруць-Русакевіч пра ўсведамленне сябе і сваёй наканаванасці ў гэтым свеце напоўненыя высокім пафасам. У спалучэнні з пэўнай сентыментальнасцю (пра што сведчаць памяншальна-ласкавыя суфіксы, якія выкарыстоўвае паэтка: «расінка маленькім сонцам», «на лісціку», «сцяжыначкі», «чысцюткай вадзіцы», «зорачка»), але без магутнай сэнсавай асновы, адкуль было б відаць уласнае «я» лірычнага героя, адрознае ад іншых, вершы пакідаюць у нечым штучнае ўражанне.
Найперш вобразныя, намаляваныя стрыманымі, але вычарпальнымі штрыхамі, вершы Мікалая Намеснікава. Тонкія пачуцці, выказаныя ў іх, спалучаюцца з маляўнічасцю краявіду альбо гарадскога пейзажу і прымушаюць чытача ісці за аўтарам след у след, ціха-ціха, каб не спалохаць сваёй прысутнасцю там, дзе месца — толькі для дваіх:
Якая ноч была! Маланкі трапяталі
сярэбранай змяёй на прывіднай сцяне!
Дождж расчыняў акно,
і кроплі астуджалі
два целы, як адно,
на змятай прасціне...
Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з творчасцю маладога польскага драматурга: Беньямін М. Букоўскі асэнсоўвае лёс выбітнага мастака авангарду Ёны Штэрна ў п’есе з аднайменнай назвай. На пачатку твора ў спісе асоб, акрамя самога Ёны Штэрна, пазначаны чатыры чорныя каты. І «кожнага разу, калі ў п’есе з’яўляецца хтосьці акрамя іх і Ёны, ягоную ролю выконваюць чатыры чорныя каты». Прынамсі, падтрымаць свецкую гутарку з філасофскім падтэкстам атрымліваецца як нельга лепш...
Яна БУДОВІЧ
Не апускаючы вачэй
Шукаць, радавацца і пакутаваць — кастрычніцкі «Нёман» [4] прапаноўвае паназіраць за лёсамі тых асоб, да якіх яшчэ доўга будуць звяртацца...
Паэтычную падборку Людмілы Рублеўскай «Я разбіраю тонкі почырк неба…» (у перакладзе Ізяслава Катлярова) пранізвае імкненне ўзірацца ў аблічча Беларусі скрозь стагоддзі: вобразы балот і пустак, звярыных сцежак і пушчаў, лясоў і ніў, шэрага горада і такога ж шэрага дня… І кожны — нагода любіць сваё:
Мы знали: до весны еще далёко,
Что трудно жить, что надо бы учесть:
У нас камней на каждого пророка
Достаточно... И все ж остались здесь.
Аўтар дадае: «И мову себе выбираю одну среди родственных ей». Менавіта гэты радок дае зразумець, што які б прафесійны перакладчык не пераствараў вершы, сапраўднае гучанне яны набудуць толькі ў арыгінале.
Урывак з рамана ў вершах «Ундзіна» Анатоля Адрэева пачынаюць наступныя радкі:
Нет правды на земле. Но правды нет и выше.
И ниже нет. В морских пучинах также
Ее не сыщешь. Иже с ними. Как же быть?
Идти своей дорогой, не ропща.
И не сгибаясь.
Я это знаю — я, законно потопивший
Громаду «Густлова». Законно! И могу я,
Не опуская глаз, смотреть в глаза любому.
Но не любой.
Далей ідзе дыялог з дзяўчынкай, што загінула падчас ваенных дзеянняў ад рук апавядальніка, Марынеска, які меў мэту — знішчыць ворага. Увесь урывак быццам запрашае да дыскусіі: «Отныне не герой — убийца жалкий? Так? / Но нет! Такого быть не может! / Абсурд и клевета! Ведь мы тогда / Лишимся всех героев! Всех! До одного!». Асноўны вынік такіх разважанняў звычайна зводзіцца да парадаксальнага пытання, у якім многія бачаць слабадушнасць: а хто ж тады абароніць нас ад смерці? У выніку герой адмаўляецца ад жыцця, чым ставіць яшчэ больш пытанняў.
Вершы нізкі «Калыханка для слоў» Лізаветы Палеес можна аднесці да інтымнай лірыкі, што не вылучаецца ні навізной увасаблення пачуццяў, ні адметнасцю лірычнай гераіні. Яна — летуценніца, звычайная жанчына, ва ўяўленні якой ужо склалася карцінка жаданага шчасця: зімні вечар, дотыкі, погляд, цёплае дыханне і «Чтоб тишь наполнилась звучаньем, / Чтоб разговаривать — молчаньем». Але і радасць не можа быць доўгай, таму гераіні наканавана страціць і мучыцца, «узрыхляючы памяць».
«Ніць» — дынамічная аповесць Алены Паповай, якая дае права на існаванне ў адной плоскасці героям наўмысна розным, нібыта хаваючы за імі сваю постаць. Праз лёс Грыні, асноўнага персанажа, аўтар выяўляе разнастайнасць жыцця, на якое можна так ці інакш уплываць, змяняючы і рухаючы ў пэўны бок. І якім чынам у будучыні сплятуцца гэтыя ніці, ніхто не скажа.
Твор Алы Жур «Сшытак з зорачкамі» — «апавяданні ў прасвеце часу», якія знаёмяць чытача з аўтарскімі разважаннямі на традыцыйныя тэмы. Што такое час? Ці варта імкнуцца да перфекцыянізму? Што ёсць геній? Як знайсці сябе ў жыцці? Ці ёсць у ім месца цуду? Нельга сказаць, што развагі, дзе аўтар нібыта размаўляе з чытачом, як з сябрам, выглядаюць арыгінальна. Аўтар выкарыстала, напрыклад, гісторыю пра рымскага імператара Дыяклетыяна і капусту, вядомую з кінафільма «Масква слязам не верыць».
Апавяданне «Двое з “Каралеўскай раці”» Уладзіміра Арлова бачыцца працягам яго твораў, што ўжо публікаваліся ў «Нёмане» як прысвячэнне беларускаму кінафільму «Вся королевская рать». Значную частку аўтарскіх успамінаў займае расповед пра постаць Паўла Луспякаева, жыццё якога абарвалася ў перыяд здымак... Аўтарская манера апавядання дазваляе назіраць за падзеямі і людзьмі кінематографа, па сутнасці, звычайнымі, але адчуваць хваляванне з-за трагічнасці, якая вельмі часта крочыць поруч з імі, бо асабістае стаўленне аўтара да герояў прымушае і чытача спачуваць ды шкадаваць, хоць любы жыццёвы і творчы шлях мае сваё лагічнае ці нелагічнае завяршэнне.
Яўгенія ШЫЦЬКА
На вайне стыляў
На паэтычнай пляцоўцы кастрычніцкага нумара «Маладосці» [5] адбылася сапраўдная, як кажуць, вайна стыляў. З аднаго боку — агульнапаэтычна падкаваны Цімур Буйко, які быццам наўмысна задаецца мэтай уразіць як мага больш чытачоў за кошт разнастайнасці сваёй нізкі пад назвай «Хада працінае плынь». Што ні возьмеш — здаецца, аўтар можа ўсё. Густа алітэрыраванае лірычнае палатно, здольнае ўсцешыць слых самых заўзятых аматараў вершаванага «тэхнарства». Кароткія, але змястоўныя верлібры, працятыя царскай эпікай і рэлігійна-экзістэнцыяльнымі матывамі. Вершы ў традыцыйным выкананні, за якімі, тым не менш, адчуваецца пастаўленая рука паэта. Да таго ж аўтар падкрэслівае сваё бездакорнае валоданне мовай праз два кароткія эксперыменты: цвёрдую форму англійскага паходжання — лімерык, а таксама паліндром. Цікава, што ў гэтых вершах супадае адзін з цэнтральных вобразаў, таму, дзеля адлюстравання гэтай асабістай, унутрана аўтарскай «вайны стыляў», цягне стукнуць гэтыя тэксты адзін аб аднаго і на старонках «ЛіМа»:
Нос (Лімерык)
«Ах, не смотри на всё сквозь розовую призму!
Поверь, что этот нос вредит и героизму» («Сірано дэ Бержэрак»)
Дзяўчына з насішчам кірпатым
паехала ўзімку ў Карпаты:
палезла ў вышыні,
але да вяршыні
прымерзла насішчам кірпатым.
Паліндром
Мы Рым! Масоны носам, а крокамі міма корка!
Ура ног гонару! Чэрпацца прэч, рукі кур!
Эра арэ!
З іншага боку — нізка вершаў шмат у чым больш традыцыйнай Кацярыны Роўды з назвай «Чорным па белым». У большасці сваёй вершы багатыя на лірапейзажныя штампы: «веры — ветры», «ранкі — ганкі», і розныя іншыя кветкі, сонейкі, зоры і дрэвы. Замкнёнае кола адвечнага «пяснярства», чый зрок быццам бы неяк клінічна не можа асэнсаваць нешта больш «ненатуральнае» і «рукатворнае». Быццам і вершы піша не чалавек, а крохкі матылёк-аднадзёнка. Але, на радасць, часам паэтка імкнецца пераадолець тое, што старэйшыя калегі любяць называць «Традыцыйнасцю», — тады ў вершах з’яўляецца свежы подых сучаснасці, у якім лунаюць і «суседка з міксерам», і «сябрук-веган». Назва нізкі адсылае да аднайменнага і заключнага яе тэксту, які ўдасканальвае наяўнасць факта спроб аўтаркі асэнсаваць і пераасэнсаваць сябе ў паэтычнай іпастасі.
Што датычыцца прозы, усе вялікія тэксты нумара цалкам адпавядаюць надзённым трэндам. Апавяданне Дар’і Значонак «Акно ў цемру» грае ў магічны рэалізм, з лёгкай рукі ўводзячы ў дзяржапарат новую структуру — Міністэрства лёсаў.
Маргарыта Латышкевіч друкуецца ў часопісе з чарговай часткай свайго фэнтэзійнага рамана «Век людзей». Паміж імі надрукаваны тэкст Алеся Яфімава «У разбітым люстэрку», які павольна разгортвае перад чытачом карціну ў жанры псіхалагічнага трылера. Калі пераадолець палову (ці нават дзве трэці) тэксту, на сваёй шкуры адчуваеш, як эмацыянальны ролер-костэр, наладжаны аўтарам, набірае хуткасць і стрымгалоў імчыць да заканчэння, каб гэтак жа рэзка спыніцца і пакінуць цябе сам насам з назвай і ўласнымі роздумамі.
Данііл ЛЫСЕНКА
Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва". [6]
Прэв'ю: risk-academy.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/be/edition/polymya
[4] http://zviazda.by/be/edition/nyoman
[5] http://zviazda.by/be/edition/maladosc
[6] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[7] https://zviazda.by/be/tags/krytyka